ЛЕДАВІКІ́,

рухомыя скопішчы лёду атмасфернага паходжання на зямной паверхні. Утвараюцца ў тых раёнах, дзе цвёрдых атм. ападкаў намнажаецца больш, чым растае і выпараецца. Займаюць пл. 16,3 млн. км² (10,9% пл. сушы), сумарны аб’ём лёду каля 30 млн. км³ (98,5% прэснага лёду на Зямлі). Магутнасць сучасных Л. ад 20 м да 4600 м. Асн. раёны скопішча Л.: Антарктыда, Грэнландыя, арктычныя астравы, некаторыя горныя раёны па-за межамі Арктыкі і Антарктыкі. У Л. вылучаюць вобласці жыўлення, дзе адбываецца намнажэнне снегу і ператварэнне яго ў фірн і лёд, і абляцыі, якія падзелены мяжой жыўлення. Л. падзяляюцца на покрыўныя, або расцякання, і горныя, або сцёку. Покрыўныя распасціраюцца на шмат млн. км², маюць пукатую форму паверхні, лёд у іх расцякаецца ад цэнтра да перыферыі Працягам наземных ледавіковых покрываў служаць шэльфавыя ледавікі. Горныя Л. займаюць пераважна адмоўныя элементы рэльефу, утвараюць каравыя (гл. Кар), вісячыя, далінныя і інш. тыпы Л. Пераходнымі ад горнага да покрыўнага з’яўляюцца сеткавыя і перадгорныя тыпы зледзяненняў. Рух Л. адбываецца ў выніку дэфармацый, што ўзнікаюць пад дзеяннем сілы цяжару. Звычайна скорасць руху Л. дзесяткі і першыя сотні метраў за год, асобных Л. Грэнландыі — 20—40 м за суткі, пры катастрафічных зрухах — да 100 м за суткі (ледавік Мядзведжы на Паміры, 1953). Найбуйнейшы горны Л. — ледавік Берынга на Алясцы (даўж. 170 км), шэльфавы Л. — ледавік Роса ў Антарктыдзе (пл. 538 тыс. км²). У выніку дзейнасці Л. фарміруюцца ледавіковыя адклады. Разам з расталымі водамі Л. ўдзельнічаюць ва ўтварэнні розных форм ледавіковага рэльефу. Вывучае Л. Гляцыялогія. Гл. таксама Зледзяненні.

Да арт. Ледавікі. Далінны ледавік на Паміры.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),

максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс. г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).

М.​Я.​Камароўскі.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫСТЭ́МА (ад грэч. meristos што дзеліцца),

1) утваральная тканка раслін, што доўга захоўвае здольнасць да дзялення і ўтварэння новых клетак, адрозніваецца высокай метабалічнай актыўнасцю. Адны клеткі М. (ініцыяльныя) затрымліваюцца на эмбрыянальнай фазе развіцця і забяспечваюць бесперапыннае нарастанне масы расліны, інш. паступова дыферэнцыруюцца і ўтвараюць пастаянныя тканкі (покрыўныя, праводныя, мех., асн. і інш.). У вышэйшых раслін М. ўзнікае з прамерыстэмы зародка насення і ў далейшым знаходзіцца ў конусах нарастання парастка і кораня, якія неабмежавана растуць сваімі верхавінкамі на працягу жыцця расліны. У працэсе росту часткова захоўваецца ў каранях (перыцыкл), у вузлах парасткаў. Уставачная (інтэркалярная) М. часова захоўваецца ў пупышках, міжвузеллях (асабліва доўга ў злакаў), у аснове чаранка і краявой пласціны ліста (маргінальная М.). Другасныя М. (напр., фелаген, што ўтварае корак, раневая — калус і інш.) узнікаюць у пастаянных тканках.

2) Неспецыфічныя клеткі жывёлы, здольныя да дыферэнцыроўкі.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАФА́РБАВЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці, якія ўтвараюцца пасля ацвярдзення (высыхання) лакафарбавых матэрыялаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асн. прызначэнне Л.п. — ахова матэрыялаў ад разбурэння (напр., металаў ад карозіі, драўніны ад гніення) і дэкаратыўная апрацоўка паверхні.

Паводле эксплуатацыйных уласцівасцей Л.п. падзяляюць на атмасфера-, тэрма-, вода-, масла- і бензаўстойлівыя, хімічна ўстойлівыя, электраізаляцыйныя, кансервацыйныя і спец. прызначэння. Звычайна Л.п. атрымліваюць нанясеннем на паверхню некалькіх слаёў лакафарбавых матэрыялаў, якія адрозніваюцца саставам і хім. прыродай плёнкаўтваральных рэчываў. Адрозніваюць слаі: ніжнія (грунтовачныя, гл. Грунтоўкі), прамежкавыя (шпаклёвачныя, гл. Шпаклёўка), верхнія (покрыўныя), якія ўтвараюць фарбы і лакі. Агульная таўшчыня мнагаслойных Л.п. — 30—300 мкм. Асн. тэхнал. аперацыі атрымання Л.п.: падрыхтоўка паверхні для забеспячэння добрай адгезіі Л.п.; нанясенне лакафарбавых матэрыялаў распыленнем (пнеўматычным, гідраўлічным, аэразольным, у электрастатычным полі высокага напружання), акунаннем, абліваннем, уручную; сушка пры пакаёвай т-ры тэрмапластычных Л.п. ці пры павышаных т-рах (80—160 °C) тэрмарэактыўных; прамежкавая апрацоўка — шліфаванне ніжніх і паліраванне верхніх слаёў для надання Л.п. люстранога бляску. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах нар гаспадаркі (найб. у машынабудаванні, буд. індустрыі) і ў быце.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДАВІКО́ВЫ КО́МПЛЕКС,

1) спалучэнне заканамерна размешчаных ледавіковых адкладаў і форм рэльефу, якія сфарміраваліся ў выніку геал. і геамарфал. дзейнасці ледавікоў. У рэльефе выражаны градамі канцовых марэн, дугападобна выгнутых у напрамку руху ледавіка, з унутр. боку па ходу ледавіка размешчаны ўзгорыста-марэнныя ці азёрна-ледавіковыя раўніны, камы, озы, друмліны, з вонкавага — маргінальныя озы, флювіягляцыяльныя тэрасы і дэльты, конусы вынасу, лагчыны сцёку, зандравыя раўніны, іншы раз ледавіковыя азёры Перад краявымі градамі пры нахіле паверхні ў іх бок могуць быць роўныя ўчасткі донных адкладаў (алеўрытавы матэрыял і стужачныя гліны) стараж. азёрна-ледавіковых вадаёмаў. Ў кожнае са стараж. зледзяненняў асобнай ледавіковай лопасці адпавядае асобны Л.к. На Беларусі ў межах паазерскага, сожскага і дняпроўскага зледзяненняў вылучаюць больш за 70 Л.к. Ледавіковыя адклады складаюць да 88% аб’ёму чацвярцічнага покрыва Беларусі. Звычайна ў іх аснове ляжаць водна-ледавіковыя адклады, потым марэнны гарызонт, флювіягляцыяльныя адклады, якія пераходзяць у міжледавіковыя, азёрна-ледавіковыя і інш. Адклады Л.к. часцей утвараліся ледавіком, які наступаў. Характэрны павелічэнне матэрыялу ўверх па разрэзе, частая і рэзкая змена саставу, пакамечанасць і дыслацыраванасць слаёў, наяўнасць блокаў і лінзаў іншага саставу, адорвеняў. Для адкладаў ледавіка, які адступаў, характэрна памяншэнне буйнасці ўверх па разрэзе.

2) Адзінае ледавіковае цела, якое складаецца з ледавікоў розных марфал. тыпаў. У гэтым сэнсе вылучаюць Л.к. мацерыковыя, астраўныя, горна-покрыўныя, горных хрыбтоў і канічных вяршынь, плато, схілаў і перадгор’яў.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

1) сукупнасць працягла існуючых прыродных ільдоў на зямной паверхні і ў прыпаверхневым слоі. Асноўныя тыпы З.: наземнае (ледавікі горныя і покрыўныя), марское (скопішча льдоў на паверхні акіянаў і мораў у выглядзе аднагадовых і шматгадовых мас) і падземнае (вечная мерзлата).

Агульная пл. ледавікоў Зямлі каля 16,1 млн. км² (11% пл. сушы), агульны аб’ём — каля 30 млн. км³. Працяг ледавіковых покрываў — плывучыя шэльфавыя льды ў Антарктыдзе. Ад іх адколваюцца плывучыя глыбы (айсбергі). Агульная пл. сучасных ледавіковых покрываў 14,4 млн. км², з іх 85,3% складаюць наземныя покрывы Антарктыды, 12,1% — Грэнландыі, 2,1% — астатнія. Падземнае З. (шматгадовая мерзлата) — тоўшча горных парод з адмоўнай т-рай, якая захоўваецца працяглы (да тысячагоддзяў) час. У выніку дзейнасці ледавікоў і водных патокаў, што ўзнікаюць пры раставанні льдоў, на сушы ўтвараецца характэрны комплекс ледавіковых адкладаў. Утварэнні, перанесеныя айсбергамі і адкладзеныя ў моры, з’яўляюцца ледавікова-марскімі (марынагляцыяльнымі). Па паходжанні ў ледавіковым рэльефе адрозніваюць формы: экзарацыйныя («барановыя лбы», лагчыны ледавіковага выворвання і інш. — на раўнінах; трогі, кары, рыгелі — у гарах), ледавікова-акумулятыўныя (марэнныя раўніны, узгоркі і грады) і водна-ледавіковыя (зандравыя раўніны, тэрасы і інш.).

2) Значнае пашырэнне масы і плошчы ледавікоў, якое звязана са зменай клімату і паўтаралася ў гісторыі Зямлі неаднаразова. Вылучаюцца ледавіковыя перыяды, эпохі, стадыялы.

З. выяўлены ў раннім пратэразоі (Паўн. Амерыка), познім рыфеі (Афрыка і Аўстралія), вендзе (Еўропа, Азія і Паўн. Амерыка), ардовіку (Афрыка), у канцы карбону — пачатку пярмі на гіпатэтычным мацерыку Гандвана ў Паўд. паўшар’і (сляды знойдзены ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі, Індастане). У плейстацэне (ранні антрапаген) вялізныя ледавіковыя покрывы пашыраліся на значнай частцы Еўропы, Паўн. Азіі, Паўн. Амерыкі. Ад іх захаваліся адклады і ледавіковыя формы рэльефу, якія сведчаць пра шматлікасць зледзяненняў чацвярцічнага ледавіковага перыяду. У кожнай краіне вылучаецца неаднолькавая колькасць З. пад рознымі назвамі.

На Беларусі пашыраны адклады вендскага З. (тыліты вільчанскай серыі) і 5 антрапагенавых З. Гл. Антрапагенавая сістэма (перыяд). Гіпотэзы З.: ваганні сонечнай актыўнасці, змена нахілу зямной восі да плоскасці экліптыкі, змена размяшчэння сушы і мора, гораўтваральныя працэсы і інш.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),

2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.​Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн. г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн. г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн. г. назад.

У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн. г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн. г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.

На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).

Літ.:

Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)