фібралі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Спец. Будаўнічы матэрыял у форме прасаваных пліт з раслінных валокнаў, драўляных стружак, касіры, звязаных звычайна цэментам. — Дык вось які ён, фібраліт, — гаварыў Фамін, разглядаючы шэрыя цэментаваныя пліты. «Звязда».
[Ад лац. fibra — валакно і грэч. líthos — камень.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дальме́ны
(фр. dolmens)
старажытныя пахавальныя збудаванні (мегаліты) з вялікіх каменных пліт, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной гарызантальнай.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)
пліта́, ‑ы, ДМ пліце; мн. пліты, пліт; ж.
1. Вялікі плоскі камень або кавалак металу і пад. з плоскай роўнай паверхняй. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. Прыстань шырокая, доўгая, роўная, прасторная, акуратна вылажана гладкімі каменнымі плітамі і заліта асфальтам, абсаджана двума радамі каштанаў. Колас. Рудзенькая дарожка да самага ганка была высыпана жоўтым пяском і выкладзена бетоннымі плітамі. Місько.
2. Кухонная печ з канфоркамі. — Хацелася б, сынок, каб і ты быў такі спагадлівы і уважлівы да людзей, — зазначыла маці і адышлася да пліты гатаваць снеданне. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тратуа́р
(фр. trottoir)
дарожка для пешаходаў (з каменных пліт, асфальту, дошак) па баках вуліцы, плошчы.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
БІ́КС
(Бекс, Быкс),
гравёр па метале канца 18 — пач. 19 ст. Зрабіў 5 гравіраваных на медзі пліт для б-кі К.Тышкевіча ў Лагойску (зберагаюцца ў Нац. музеі ў Варшаве).
т. 3, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тратуа́р, ‑а, м.
Дарожка для пешаходаў (з дошак, каменных пліт, асфальту і пад.) па баках вуліцы, плошчы, звычайна вышэй праезджай часткі. Зося скокнула на зыбкія дошчачкі тратуара, перабегла вуліцу, сіганула праз веснічкі ў нечы сад. Хомчанка. Пасля работы камсамольцы абсталёўваюць танцавальную пляцоўку, а брыгада добраўпарадкавання асфальтуе тратуары і вуліцы, саджае маладзенькія ліпкі і клёны. Грахоўскі.
[Фр. trottoir.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1976 як цэх № 11 Брэсцкага электрамех. з-да. У 1980 перайменаваны ў філіял Брэсцкага электрамех. з-да «Давыд-Гарадок». На яго базе ў 1986 створана прадпрыемства з сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (1977): камплектавальныя вырабы для газавых пліт, радыёпрыёмнікі УКХ, паяльнікі электрычныя, электрагрэлкі і інш. Прадукцыя рэалізуецца ў Беларусі, Украіне, Расіі.
т. 5, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ ПУНКТ,
у тэктоніцы, участак зямной паверхні з надзвычайна высокай актыўнасцю вулканізму (сучаснага або ў геал. мінулым). Узнікае ў выніку лакальнага пад’ёму мантыйнага рэчыва (гл. Мантыйны плюм). У гэтых пунктах адбываецца станчэнне і разагрэў зямной кары. Бываюць унутрыплітныя (Гавайскія а-вы) і на дывергентных граніцах пліт (в-аў Ісландыя). Пад гарачым пунктам разумеюць таксама ўчастак унутры мантыі, дзе т-ра вышэй за сярэднюю.
т. 5, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНЫ ПО́ЯС,
геасінкліналь, выцягнутая рухомая зона зямной кары, якая ўзнікае на мяжы акіянскіх і кантынентальных літасферных пліт ці ў выніку рыфтагенезу і расшчаплення кантынентальных пліт. Даўж. дасягае дзесяткаў тысяч, шырыня — соцень (радзей тысяч) кіламетраў. Характарызуецца лінейным размеркаваннем фацый асадкаў і праяўлення магматызму, актыўнымі працэсамі складкаўтварэння, асобым тыпам мінералізацыі з утварэннем радовішчаў карысных выкапняў. Інтэнсіўная складкавасць і магматызм прыводзяць да метамарфізму горных парод. Поўны цыкл развіцця геасінклінальнага пояса звычайна адбываецца на працягу аднаго этапа тэктагенезу. На першых стадыях развіцця пераважае апусканне ўсяго пояса і назапашванне магутнай тоўшчы асадкавых і вулканічных парод. Потым узмацняецца інтрузіўная дзейнасць, што месцамі прыводзіць да складкаўтварэння. На заключных стадыях адбываюцца актыўныя тэктанічныя дэфармацыі, укараненне значных інтрузій кіслай магмы і гранітызацыя. Геасінклінальны пояс пераўтвараецца ў складкава-насоўныя горы, падзеленыя міжгорнымі і акаймаваныя перадгорнымі прагінамі. Геасінклінальныя паясы складаюцца з геасінклінальных абласцей, куды ўваходзяць асобныя геасінклінальныя сістэмы. Прыклад старажытнага геасінклінальнага пояса — Урала-Мангольскі, герцынскага этапу тэктагенезу; сучаснага — Ціхаакіянская ўскраіна Азіі з астраўнымі дугамі і ўнутр. морамі альпійскага этапу (гл. Ціхаакіянская геасінклінальная вобласць).
М.А.Нагорны.
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
калі́зія
(лац. collisio)
1) вострае сутыкненне супрацьлеглых поглядаў, імкненняў, інтарэсаў (жыццёвая к.);
2) адлюстраванне жыццёвых канфліктаў у мастацкім творы (сюжэтная к.);
3) юр. разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, судовых рашэнняў розных дзяржаў;
4) геал. сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г., часткова)