КРУКО́ЎСКІ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.3.1937, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мастак-плакатыст. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1972). З 1979 маст. рэдактар час. «Маладосць», у 1982—84 — «Мастацтва Беларусі», з 1989 — «Спадчына». Аўтар плакатаў: «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціх «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), а таксама шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф.​Скарыне, Міколе Гусоўскаму, В.​Цяпінскаму, К.​Каліноўскаму, Цётцы (А.​Пашкевіч), М.​Багдановічу, Я.​Купалу, Я.​Коласу, І.​Луцкевічу, Я.​Драздовічу і інш. Творы адметныя лаканізмам адлюстравання, выразнасцю колеру, трапнасцю сюжэта.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Крукоўскі. Зверанят, нібы братоў малодшых... 1972.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 2.1.1941, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак-плакатыст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Творы вылучаюцца лаканізмам выяўл. мовы, філасафічнасцю, часам у іх жорсткі сарказм, гумар: «Пабудаваны ў 18 ст. Рэканструяваны ў 20 ст.» (1974), «Лес — магутная крыніца здароўя» (1977), «Перабудова» (1987), «Мазыр. Віцебск» (1988), «26.IV. Чарнобыль» (1989), «Трэба любіць усё: звяроў, птушак, расліны, у гэтым — прыгажосць жыцця. А.​Купрын», «За Радзіму, за Сталіна!» (абодва 1990), «Адраджэнне» (1992), «Што наша жыццё? Гульня!» (1995) і інш. Аўтар афіш для спектакляў «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава (1979) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, «Пінская шляхта» (1980) нар. т-ра г. Слонім і інш.

У.Жук. Афіша спектакля «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. 1979.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)