Перапе́ча ’другі каравай — вялікая булка’ (Кольб.), ’праснак’ (Нас., Яруш., Гарэц., Касп., Шат., Бяльк.), перапе́чка ’хлеб круглай формы пераважна з пшанічнай мукі’ (ТСБМ; бялын., Янк. Мат.; бых., Мат. Маг.; ТС; мазыр., Сержп.), ’невялікая буханка прэснага хлеба з ячменнай мукі’ (слуц., Нар. словатв.), ’пірог сярэдняй велічыні’ (ТС); ’печыва з хлебнага цеста, бульбы, тоўчанага канаплянага семя’ (Сл. ПЗБ), ’скавароднік’ (ЛА, 4). Укр. палес. перепічайка, пере́пічка ’тс’, бойк. пере́пічка ’булка, якую выносяць на могілкі ў аўторак пасля Пасхі’, рус. перепе́ча ’каравай’, ’праснак, якім паміналі памерлых’, ’ватрушка’, перепе́чка ’булачка’, ’праснак’. Усходнеславянскі рэгіяналізм *per‑pekja > пере‑печа, утвораны ад дзеяслова *pekti ’пячы’ пры дапамозе прыстаўкі *per‑ > пера- са значэннем ’праходжанне праз увесь прадмет’, дзякуючы якому прыстаўка пера- набліжаецца да прыстаўкі пра- (< прасл. *pro‑), якая і выцесніла першасную пера- (параўн. славен. prepêči ’прапячы’), апошняя ж стала абазначаць ’празмернасць, перавышэнне мяжы нармальнага стану’, параўн. перапячы, рус. перепе́чь, серб.-харв. препѐћи, а таксама славен. prepêči ’перасмажыць’, адсюль славен. prepečênec ’сухар’ (ESSJ, 1, 162–169; адносна семантыкі і пашырэння лексемы гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 107–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трапята́ць, ‑пячу, ‑печаш, ‑печа; незак.

1. Пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць. У выбоінах асфальту зашэрхлі сінім ільдом лужынкі, на дрэвах інстытуцкага сквера трапятала на ветры ўцалелае жоўтае лісце. Навуменка. Гнуліся галіны арабіны пад цяжарам яшчэ зеленаватых ягад, трапятала даўгаватае лісце ясеня. Гурскі. // Развявацца. Калі былы марак прыходзіць На карабель, ён сцішыць крок І пры любой, як ёсць, пагодзе Зірне спачатку на флагшток, Дзе сцяг трапеча бела-сіні, Нібыта пеніцца вада. Жычка. На ветры хусткі трапяталі жанчын увішных, і здалёк Здавалася, што краскі ўсталі. Гаўрусёў. // Мігаць, мільгаць (пра агонь, святло і пад.), няроўна гарэць. А я ўсё гляджу, як трапеча далёка Агонь непагасны. Панчанка. За шырокімі вокнамі толькі трапяталі ўдалечы радасныя агеньчыкі... Мележ. У ліхтарах агні трапечуць! Колас. // Пастаянна трэсці, дрыгаць чым‑н. Вясёлы шпак трапеча крыльцамі, спявае сонцу сваю гуллівую песню. Брыль. Стасюк трапятаў нагамі, вырываўся, весела рагатаў. Чорны.

2. Быць ахопленым хваляваннем, неспакоем і пад. І не валодаю сабою, Гляджу — не бачу і маўчу, Ты, можа, пагарджаеш мною, А я ад шчасця трапячу. Астрэйка. І калі неба залівае зарава пажараў, .. [Цімох Будзік] любуецца справаю сваіх рук і, бачачы, як гіне ў агні чарговае асінае гняздо яго адвечных ворагаў, трапеча ад радасці. Карпаў. Душа .. [Шмульке] трапятала страхам адказнасць перад суайчыннікамі. Лынькоў. // перан. Ледзь прыкметна праяўляцца (пра думку, усмешку і пад.). Толькі недзе падсвядома трапятала горкая думка, што нельга ўмяшацца і змяніць ход падзей. Шыцік. На вуснах яе трапятала і было не ў сілах сарвацца адно ціхавейнае слова. Багдановіч. // Узмоцнена, часта біцца з прычыны хвалявання, неспакою і пад. (пра сэрца). Сэрца ў грудзях не б’ецца, а трапеча, уздрыгвае, як параненая птушка. Гамолка.

3. Моцна баяцца каго‑, чаго‑н.; быць нясмелым, баязлівым перад кім‑, чым‑н. Сярожа быў атаманам, перад ім трапяталі, яго паважалі. Шашкоў. Трапятала жывёла, Дрыжэлі звяры, І даніну пушнінай Плацілі яму [мядзведзю]. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)