ПО́ЛА (Вера Мікалаеўна) (7.2.1901, Мінск — 15.10.1989),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1953). Прафес. падрыхтоўку атрымала ў Е.А.Міровіча. У 1922—77 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова выступала на эстрадзе як выканаўца бел.нар. песень. Актрыса яркага камед. таленту. Яе мастацтву былі ўласцівы гранічная тыповасць створаных вобразаў, псіхал. дакладнасць, шматграннасць характараў. Найб. значныя ролі: Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Малання («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча), Кацярына, Ганна Паўлаўна, Насця, Паўліна Бохан («Партызаны», «Хто смяецца апошнім», «Канец дружбы», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; за апошнюю ролю Дзярж. прэмія СССР 1952), Марыля («Бацькаўшчына» К.Чорнага), Карміцелька («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Дуэння («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Жыўка Попавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча), Прастакова («Недаростак» Дз.Фанвізіна), Лябёдкіна, Манефа, Белацелава, Карміна («Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Жаніцьба Бальзамінава», «Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага, апошняя з М.Салаўёвым), графіня Чарская («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава). Знялася ў фільмах «Хвоі гамоняць», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),
тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел.прафес.т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел.нар.т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Апошняе спатканне» У.Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.Купалы, «Ганка» У.Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.
Літ.:
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК (Ала Львоўна) (н. 1.8.1952, Мінск),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1973). З 1973 салістка эстрады Бел. філармоніі, з 1974 — харэагр. ансамбля «Харошкі», у 1976—94 — Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Яе творчасці ўласцівы характарнасць і артыстызм. Выконвала сола ў вял. харэагр. пастаноўках («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца») і ў сюжэтных, пераважна жартоўных, танцах-сцэнках («Ах, якая я Ганулька», «Зязюля», «Паўлінка», «Полька-Янка», «Прысюды», «Закадычныя сяброўкі», «Таўкачыкі», «Крутуха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІНКЕ́ВІЧ (Марыя Міронаўна) (н. 13.3.1924, в. Карзюкі Мінскага р-на),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыла студыю пры т-ры імя Я.Купалы (1948), у якім працавала да 1995. Характарная актрыса камедыйнага плана, майстар эпізадычных роляў: Агата, Адэлька («Паўлінка» Я.Купалы), цётка Каця, Застрамілава («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы), Сарока («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Аксюта («Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава), Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДА (Наталля Віктараўна) (н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),
бел. спявачка (сапрана). Нар.арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж.т-рамуз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Джулія («Джулія» У.Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.Германа) і інш.
Літ.:
Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;
Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.
А.Я.Ракава.
Н.В.Гайда.Н.Гайда ў ролі Агнесы.Н.Гайда ў ролі Ганны Главары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЗЮ́ШКА (Уладзімір Іосіфавіч) (14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1949), нар.арт.СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел.т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПРАЦАЎНІКО́Ў МАСТА́ЦТВА,
аб’яднанне тэатр. дзеячаў г. Мінска ў 1919—20. Пачало дзейнасць 14.8.1919 спектаклем «Паўлінка» Я.Купалы ў памяшканні «Беларускай хаткі». Складалася з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра і інш. Арганізатар і кіраўнік У.Фальскі. Ставіліся пераважна творы бел. драматургіі: «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» і «Жаніх без шлюбу» М.Чарота. У спектаклях удзельнічаў хор У.Тэраўскага. Сярод акцёраў Б.Бусел, П.Валасевіч, Галубок, М.Зароская, М.Кудзелька (М.Чарот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́ЕВА (Людміла Міхайлаўна) (н. 3.8.1946, Мінск),
бел. плакатыст, графік, жывапісец. Скончыла Дзярж.маст.ін-т Эстоніі (1973). Выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1975—92). Стварыла шэраг тэатр. і грамадска-паліт. плакатаў («Не тапчы!», 1975; «Рукі залатыя», 1976; «Паўлінка», 1979; «М.Багдановіч», 1981; «Мастацкія промыслы Беларусі», 1983), афіш да спектакляў бел. т-раў. Працуе і ў станковай графіцы. Акварэлі адметныя тонкім каларыстычным вырашэннем, псіхалагічнасцю (серыя «Аголеныя», 1990-я г.). Жывапісныя творы вызначаюцца складанай маст. тэхнікай: серыі «Казкі на паліцы», «Цырк», «Музыкі» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАХА́ЦКАЯ (Лідзія Сцяпанаўна) (1893—?),
бел. актрыса. Працавала ў «Бел. савецкім т-ры» (1918), Першым т-ве бел. драмы і камедыі (1919). З 1920 у БДТ (дакладна вядома пра яе ўдзел у спектаклях да 1930). Выконвала гераічныя і характарныя ролі. Сярод роляў: Паўлінка (аднайм. п’еса Я.Купалы), Марыся («Ганка» У.Галубка), пані Зубкоўская («Панскі гайдук» Н.Бываеўскага), Кавецкая («Над Нёманам» М.Грамыкі), Параска («На Купалле» М.Чарота), Малання, Домна, Наста («Кар’ера таварыша Брызгаліна», «Перамога», «Запяюць верацёны» Е.Міровіча), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Ляксандра («Мост» Я.Рамановіча) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Барыс Віктаравіч) (6.8.1903, Мінск — 15.2.1967),
бел. акцёр, педагог. Нар.арг. Беларусі (1946). Нар.арт.СССР (1948). З 1920 працаваў у тэатр. калектыве пры «Беларускай хатцы», у Т-ры рэв. сатыры ў Мінску. З 1922 у Бел. т-ры імя Я.Купалы (у 1961—63 яго маст. кіраўнік). З 1965 заг. кафедры ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял. сцэнічнага абаяння, выдатны майстар пераўвасаблення. Спалучаў тонкі псіхал. малюнак ролі з вонкавай тэатр. яркасцю. Сярод лепшых драм. роляў: Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, Дзярж. прэмія СССР 1948), Туміловіч («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, Дзярж. прэмія СССР 1952), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава). Стварыў гранічна завостраныя камед. вобразы ў нац. рэпертуары: Быкоўскі («Паўлінка» Я.Купалы), Зёлкін, Жлукта («Хто смяецца апошнім», «Мілы чалавек» К.Крапівы), Лявон («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка). Высокім трагедыйным гучаннем вызначаліся ролі: Рамэо («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Эзоп («Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду), Жадаў («Даходнае месца» Астроўскага), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Пётр («Апошнія» М.Горкага). Выступаў на Бел. радыё з чытаннем твораў прозы і паэзіі («Курган» Я.Купалы і інш.). Зняўся ў фільмах «Кастусь Каліноўскі», «Песня вясны», «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Хто смяецца апошнім» і інш. Пра П. зняты дакумент. фільм «Думкі і вобразы» (1965).
Літ.:
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага бел. артыста. 2 выд.Мн., 1989.
А.В.Сабалеўскі.
Б.В.Платонаў.Б.Платонаў у ролі Лявона.Б.Платонаў у ролі Эзопа.