АЛЕУ́ЦКАЯ ХВАРО́БА норак, вірусны плазмацытоз,
хранічная кантагіёзная вірусная хвароба норак і трусоў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы і Еўропе. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус, няўстойлівы ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца аліментарным, унутрывантробным шляхам і праз скуру пры ўкусах. Перадаецца праз кармы, прадметы догляду, мяса хворых жывёл. Прыкметы: прагрэсіўнае пахудзенне, крывацёк з носа і рога, смага, запаленне нырак і печані. У халодны перыяд смяротнасць звяроў да 90%. Імунітэт не выпрацоўваецца. Інкубацыйны перыяд ад 10—15 сутак да некалькіх месяцаў.
т. 1, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРАФІ́Я АЛІМЕНТА́РНАЯ, хвароба галодная,
хвароба, што развіваецца пры адсутнасці ці недастатковым паступленні харч. рэчываў у арганізм. Адрозніваюць 3 стадыі Д.а. На 1 -й стадыі хваробы зніжаецца маса, павышаюцца апетыт, смага, лёгкі ацёк, на 2-й — значныя пахудзенне і ацёкі, мускульная слабасць, цяжкія запоры, паніжэнне т-ры цела, на 3-й стадыі знікае тлушчавая клятчатка, атрафіруюцца мускулы, слабасць, ацёкі ўсяго цела, парушэнне псіхікі. Ускладненні: падае артэрыяльны ціск, анемія, лейкацытапенія, дыспепсія, полінеўрыты, паркінсанізм, зніжэнне памяці, інтэлекту і інш. Лячэнне: паўнацэннае (у невял. дозах) і частае харчаванне, глюкоза, бялковыя прэпараты, пераліванне крыві, саграванне.
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)