адзін з кіраўнікоў сялянска-казацкага паўстання 1638 на Украіне. З 1633 палкоўнік рэестравых казакоў, з 1638 гетман. Пасля задушэння паўстання 1637—38 (узначальваў Бут) казакі вясной 1638 зноў выступілі супраць польскай і ўкр. шляхты, стварылі на Палтаўшчыне ўмацаваны лагер. Аднак гетман С.Патоцкі нанёс раз’яднаным казацкім атрадам шэраг паражэнняў. З часткай войскаў перайшоў у Расію, дзе забіты казакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА,
цэнтральны орган цывільнай паўстанцкай улады ў Польшчы ў час паўстання 1794. Утворана Д.Касцюшкам 28.5.1794 у Варшаве. У яе склад уваходзілі начальнік паўстання (Касцюшка), 8 радцаў і 32 намеснікі радцаў. Падзялялася на 8 аддзелаў: парадку, бяспекі, юстыцыі. скарбу, харчавання, вайсковых патрэб, замежных інтарэсаў, нац. інструкцыі. Складалася са шляхты і мяшчан, сярод іх былі прадстаўнікі прагрэсіўнага шляхецка-буржуазнага блока (Г.Калантай, І.Патоцкі, І.Закшэўскі). Паміж рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі») і памяркоўнымі рэфарматарамі ўвесь час ішла паліт. барацьба. 12.10.1794 пасля паланення Касцюшкі рада прызначыла начальнікам паўстання Т.Ваўжэцкага. Спыніла сваю дзейнасць 4.11.1794 перад капітуляцый Варшавы войску А.В.Суворава.
установа па кіраўніцтве нар. асветай у Рэчы Паспалітай; першая падобнага тыпу ў Еўропе. Засн. соймам 1773—75. Першы старшыня (1773—80) І.Я.Масальскі. Прымалі ўдзел асветнікі Г.Калонтай, І.Патоцкі, Г.Пірамовіч, Я.Снядэцкі, І.Храптовіч і інш. Ажыццявіла рэформу школ і ун-таў у духу ідэй Асветніцтва. У 1783 зацверджаны «Статут, прадпісаны камісіяй народнай асветы для акадэмій і школ Рэчы Паспалітай». Школа набыла свецкую накіраванасць. Найважнейшае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэм. цыкла, з гуманітарных навук выкладаліся польск. і лац. граматыка, геаграфія, гісторыя, заканазнаўства і інш.; з навуч. праграм была знята тэалогія. Новая сістэма адукацыі не задавальняла кансерватыўную частку памешчыкаў і духавенства. У 1794 статут адменены, адукацыйная камісія распушчана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хе́ўра, ‑ы, ж.
Пагард. Група людзей, якія аб’ядналіся для разбою, злачынства; банда. На Ўкраіне пан Патоцкі, Пан з Канёва родам, З сваёй хеўрай гаспадарыць Над бедным народам.Купала.[Шкунда:] Золатапагоннікі, кадэты І хеўра іншае брыды Расстроіць хочуць нам рады.Колас.//Разм. Пра кампанію людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, агульнымі прыметамі і пад. Калі хлопцы наймалі музыку іграць вечарынку, то Мікалая Халусту ніколі не бралі ў хеўру.Чарнышэвіч.— Хадзем, брыгадзір, у хеўры весялей, — гукаюць.. [мужчыны] Храпавіцкага.Мурашка.
•••
Адна хеўра; з адной хеўры — пра людзей адных поглядаў, адных паводзін (звычайна не вартых увагі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пы́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі.Паслядовіч.// Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай.Колас.Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе.Сабаленка.// З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго.Колас.// Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама!Паслядовіч.
2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон.Глебка.Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны.Шкраба.
3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,
мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб.стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.М.Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.К.Ценішава (этнаграфія), А.В.Марозаў (кераміка), А.С.Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст.Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.П.Тышкевічы ў Лагойску, М.П.Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.А.Стуканаў (паштовыя маркі), В.Н.Рабцэвіч і А.П.Арлоў (манеты), А.Я.Белы (бел.выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 23,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУ — р. Друць з прытокам Даўжанка, на З — р. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб.Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц.геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 59 тыс.га, з іх асушаных 19,2 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІЯ,
шляхецкі род герба «Пілава» ў Рэчы Паспалітай. Прозвішча ад в. Потак у Ксёнжскім пав. Кракаўскага ваяв. У 17—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайск. пасады ў Польшчы. Карысталіся графскім тытулам, які ў 18 ст. прызнаны ў Аўстрыі і ў 19 ст. ў Расіі. З Беларуссю найб. былі звязаны:
Крыштоф (каля 1600 — вер. або кастр. 1675), чашнік ВКЛ у 1645—46, падстолі ў 1646—53, стольнік у 1653—58, крайчы ў 1658—61, падчашы з 1661. Міхал (? — 1711?), ген.-маёр, падстолі ВКЛ з 1700. Яўстахі (каля 1720—25.2.1768), ген.-маёр, генерал артылерыі ВКЛ з 1759, староста львоўскі. Iгнацы (Раман Ігнацы Францішак; 28.2.1750, Радзынь-Падляскі, Люблінскае ваяв. — 20.8.1809), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік. Пісар вялікі ВКЛ у 1773—83, маршалак надворны ў 1783—91, маршалак вялікі ў 1791—92, маршалак Пастаяннай Рады ў 1778—80. Адзін з гал. дзеячаў Адукацыйнай камісіі з часу яе ўтварэння, узначальваў Т-ва элементарных кніг. Быў адным з лідэраў рэфарматарскай партыі на Чатырохгадовым сойме 1788—92, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. За ўдзел у працы дэпутацыі па выпрацоўцы канстытуцыі прызначаны міністрам паліцыі абодвух народаў у Стражы правоў, з-за чаго выйшаў са складу Адукацыйнай камісіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 выконваў абавязкі адсутнага ваен. міністра. У 1792—94 у эміграцыі ў Саксоніі. Адзін з арганізатараў паўстання 1794. Увайшоў у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады як кіраўнік аддзела замежных інтарэсаў. Належаў да памяркоўнага крыла паўстанцаў. Пасля задушэння паўстання зняволены ў С.-Пецярбургу. З 1796 жыў у Аўстрыі. Станіслаў Шчэнсны (Фелікс; 1752?, Крыстынопаль, Валынскае ваяв. — 14 або 15.3.1805), харунжы вялікі каронны ў 1774—80, ваявода рускі ў 1782—88, генерал кароннай артылерыі ў 1788—92, чл. Пастаяннай Рады ў 1782—86, чл. Адукацыйнай камісіі ў 1782—93, ген.-лейтэнант (1784). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць прагрэс. рэформ, адзін з гал. праціўнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791. 27.4.1792 у С.-Пецярбургу падпісаў акт утварэння Таргавіцкай канфедэрацыі і стаў яе ген. маршалкам. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 у Брэсце, потым у Гродне, ажыццяўляў вярх. ўладу ў Рэчы Паспалітай. У 1795 атрымаў чын рас. ген.-аншэфа, жыў у сваіх укр. маёнтках. Ян (1761—1815), пісьменнік, гісторык, гл.Патоцкі Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,
вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.Патоцкі і С.Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд 1 (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял.кн.літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.
Літ.:
Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;
Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;
Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;
Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;