ІНТЭРПЕЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. interpellatio перапыненне прамовы, скарга),
своеасаблівы від запытання члена парламента да ўрада пра яго агульную паліт. лінію ці дзеянні асобных міністраў. Ад звычайных запытанняў адрозніваецца тым, што патрабуе адказу асобы, да якой звернута, у вызначаны тэрмін, абмеркавання і прыняцця парламентам рэзалюцыі. Напр., у 1922—30 правам унясення І. шырока карысталіся дэпутаты пасольскіх клубаў Беларускай сялянска-рабочай грамады і «Змагання».
Літ.:
Інтэрпеляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм 1922—1926 гг.Мн., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,
газета, орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел.паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЗІ́НСКІ ((Rudziíski) Вітальд) (н. 14.3.1913, г. Себеж Пскоўскай вобл., Расія),
польскі кампазітар, музыказнавец, муз. крытык, педагог. Скончыў Кансерваторыю імя М.Карловіча ў Вільні (1937; кл. кампазіцыі Т.Шалігоўскага). Выкладаў у кансерваторыях Вільні, Лодзі, з 1957 у Акадэміі музыкі ў Варшаве (з 1965 праф.). Яго творчасці ўласціва выкарыстанне польск. муз. фальклору, вобразнасць муз. мовы. Сярод твораў оперы, у т. л. «Адпраўленне грэчаскіх паслоў» (1962), «Мужыкі» (1972), араторыі, арк. творы, камерна-інстр. ансамблі, музыка для драм.т-ра і кіно і інш. Аўтар прац пра творчасць С.Манюшкі, Б.Бартака і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел.паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГА́МБРА (араб. аль-хамра — чырвоная),
палац-замак сярэдзіны 13 — пач. 14 ст. ў Іспаніі каля Гранады; узор познамаўрытанскай архітэктуры. Да 1492 рэзідэнцыя эміраў Гранады.
Ад горада Альгамбра аддзелена цяснінай р. Дара і абкружана мураванымі крапаснымі сценамі з вежамі. Залы (Абенсерахаў, Паслоў, Дзвюх сясцёр, Суда) групуюцца, як і інш. памяшканні Альгамбры, абапал двароў — Міртавага з вадаёмам і Львінага; аздоблены мармурам, глазурай, вытанчаным разьбяным і размаляваным арнаментам, мазаікай. У ансамбль Альгамбры ўваходзіць недабудаваны палац Карла V (пачаты ў 1526, арх. П.Мачука) — помнік ісп. рэнесансавага дойлідства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел.нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́СКРА»,
газета рэвалюцыйна-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 10—27.6.1925 (аднадзёнка — 31.5.1925) у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы на актуальныя тэмы паліт. жыцця Польшчы, Зах. Беларусі, аналізавала знешнюю і ўнутр. палітыку польскага ўрада. Асаблівую ўвагу аддавала зямельнай рэформе і яе вырашэнню ў сейме. Апублікавала выступленні ў сейме дэпутатаў Бел. пасольскага клуба Б.Тарашкевіча, Ф.Ярэміча, сенатара А.Назарэўскага, інтэрпеляцыі бел.паслоў з выпадку злоўжыванняў польскай адміністрацыі на зах.-бел. землях, пастановы III з’езда Кампартыі Польшчы, прапановы асобных сенатараў у абарону інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі. Змясціла ўрыўкі з паэмы Я.Купалы «Безназоўнае», асобныя вершы А.Гурло. Выйшла 7 нумароў, з іх 2 канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА АБАРО́НА 1581—82,
абарона гарнізона (4 тыс. дваран, стральцоў і казакоў) і ўзбр. гараджан (12 тыс.чал.) г.Пскоў на чале з кн. І.П.Шуйскім ад 50-тысячнай арміі караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя ў канцы Лівонскай вайны 1558—83. 24—26.8.1581 армія Рэчы Паспалітай аблажыла Пскоў. Абаронцы горада адбілі больш за 30 штурмаў праціўніка (асабліва моцныя 8 вер. і 2 ліст.). Недахоп пораху прымусіў Стафана Баторыя з ліст. 1581 весці пасіўную аблогу. Рас. цар Іван IV прыслаў пад Пскоў паслоў з прапановай аб міры. 15.1.1582 падпісаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582, які спыніў вайну паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. 4.2.1582 войскі Стафана Баторыя адышлі ад Пскова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБО́РНІКІ РУ́СКАГА ГІСТАРЫ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА»
(«Сборники Русского исторического общества»),
зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).