пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.
Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛЁК,
пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел.М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.
Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ДНАСЦЬ,
эвалюцыйна сфарміраваная здольнасць жывёл прыносіць уласцівы кожнаму віду прыплод, які ў нармальных умовах кампенсуе натуральную смяротнасць. Залежыць ад спосабу размнажэння. Жывёлы з большай працягласцю жыцця і высокай ступенню клопату аб патомстве выводзяць 1—2 дзіцяняці (часта не кожны год); недаўгавечныя жывёлы (напр., дробныя грызуны) здольныя размнажацца некалькі разоў за год і прыносіць у прыплодзе 10—15 дзіцянят. Некат. насякомыя (напр., тэрміты) адкладваюць да мільёна яец, месяц-рыба — да 300 млн. ікрынак і не клапоцяцца аб патомстве. П. мяняецца з узростам, вагаецца па сезонах (у відаў з паўторным размнажэннем) і ў розныя гады ў залежнасці ад забяспечанасці жывёл кормам, кліматычных умоў, шчыльнасці папуляцыі і інш. Павышэнне П. (велічыні прыплоду) с.-г. жывёл — адна з асн. праблем жывёлагадоўлі. Павышаная П. перадаецца патомству і замацоўваецца шляхам адбору і падбору як важная пародная адзнака. Пры працяглым блізкароднасным развядзенні П. зніжаецца (часам да поўнай бясплоднасці). Частковая ці поўная страта П. ў патомстве часта бывае пры аддаленай гібрыдызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІ СВО́ЙСКІЯ,
няпарнакапытныя траваедныя жывёлы сям.коневых. Выведзены шляхам працяглай селекцыі ад дзікіх коней, пашыраных у Азіі і Афрыцы (у Еўропе вынішчаны). Прыручэнне пачалося ў 3-м тыс. да н. э. ў стэпах паміж р. Дон і Дняпро, у Паўд. Сібіры, Сярэдняй Азіі і інш. Існуе больш за 200 парод. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюцца тыпам, экстэр’ерам, працаздольнасцю. Добра прыстасаваныя да бегу, маюць вял. сілу цягі, непераборлівыя, вынослівыя, даўгавечныя, з высокай малочнай і мясной прадукцыйнасцю. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы на палявых і трансп. работах, у спорце; ад іх атрымліваюць розную прадукцыю (кумыс, мяса, лек. сывараткі, вакцыны, вырабы са скуры і інш.). На Беларусі найб. пашырана пародная група беларускіх запражных коней. Гадуюць таксама арабскую пароду верхавых коней, арлоўскую рысістую пароду, латвійскіх запражных коней, рускую рысістую пароду, рускую цяжкавозную пароду, тракененскую пароду, чыстакроўную верхавую пароду.
У залежнасці ад пароды выш. ў карку ад 50 да 185 см, маса ад 60 да 1500 кг. У жарабцоў 40 зубоў (12 разцоў, 4 іклы, 24 карэнныя), у кабыл іклаў няма. Валасяное покрыва кароткае (1—4 см). Жывуць каля 25 гадоў (зрэдку 40 і болей). Гл. таксама Конегадоўля, Конны завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННА́Я ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,
развядзенне на племя чыстапародных і высакакроўных жывёл з мэтай удасканалення наяўных і стварэння новых парод жывёл, павышэння плем. якасцей і прадукцыйнасці с.-г. жывёл. Да мерапрыемстваў П.ж. адносіцца: творчы адбор, захаванне і макс. выкарыстанне найб. каштоўнай жывёлы, выбракоўка горшай, непрыдатнай для плем. выкарыстання, падбор метадаў і тэхнікі развядзення, стварэнне для жывёлы найлепшых умоў кармлення і ўтрымання ва ўсе перыяды яе жыцця з мэтай выяўлення і развіцця каштоўных якасцей, на аснове якіх і праводзіцца адбор. Асн. спосаб развядзення — чыстапароднае, гал. задача якога развядзенне па лініях і матачных сямействах (гл.Селекцыя). У кожнай пародзе для яе ўдасканалення павінна быць не менш як 10—15 ліній. З мэтай атрымання нашчадкаў з высокакарыснай спадчыннасцю і спалучэннем каштоўных якасцей зыходных парод (высокая прадукцыйнасць, канстытуцыйная моцнасць, прыстасаванасць да мясц. умоў) праводзіцца скрыжаванне.
Планамернай П.ж. папярэднічаў працяглы перыяд адбору жывёлы і паступовага назапашвання ў іх карысных гасп. якасцей. Яшчэ да н.э. атрыманы пароды свойскай жывёлы (авечак, коней і інш.). Сусв. пашырэнне атрымалі пароды с.-г. жывёлы, выведзеныя ў 13—18 ст. у краінах Еўропы (Нідэрланды, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя); пазней — у Расіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Аргенціне і інш. Першыя дакумент. матэрыялы аб П.ж. зафіксаваны ў плем. кнізе Вялікабрытаніі ў 1793, у Расіі — у 1834.
На Беларусі П.ж. пачала развівацца ў асн. у 20 ст. Паглыбленую работу па паляпшэнні пароднага складу на Беларусі ажыццяўляюць спец.племянныя гаспадаркі, плем. саўгасы, дзярж. станцыі, плем. фермы калгасаў і саўгасаў. Плем. саўгасы і фермы праводзяць работу па паляпшэнні мясц.плем. жывёлы (вырошчваюць племянны маладняк для забеспячэння ім гаспадарак і станцый па плем. рабоце) і штучным асемяненні. На племзаводах займаюцца ўдасканаленнем існуючых і стварэннем новых парод. Разам з плем. саўгасамі і фермамі племзаводы — цэнтры П.ж. Арганізац. і метадычнымі цэнтрамі плем. справы з’яўляюцца дзяржплемаб’яднанні і племпрадпрыемствы. Аб’ём П.ж., яе ўдзельная вага ў жывёлагадоўлі вызначаюцца патрэбамі карыстальнай (таварнай) жывёлагадоўлі ў плем. жывёле, пераважна ў вытворцах. На Беларусі П.ж. вядуць больш за 100 спецыялізаваных племзаводаў, саўгасаў, дзярж.плем. прадпрыемстваў, а таксама раённыя племстанцыі, навук. ін-ты і лабараторыі пры ВНУ, у т. л. 6 дзярж. прадпрыемстваў, 6 племсаўгасаў, 18 племзаводаў, 5 племптушкарэпрадуктараў, племгас, прадпрыемства плем. справы, занальна-доследная станцыя, племстанцыя, селекцыйна-плем. ўчастак. Найб. колькасць такіх прадпрыемстваў у Брэсцкай і Гродзенскай абл. Разводзяць пароды жывёл, найб. прыстасаваныя да мясц. умоў: 8 парод буйн. раг. жывёлы малочнай (чорна-пярэстая, швіцкая, кастрамская, чырвоная беларуская, бурая латвійская, сіментальская, джэрсейская, галштына-фрызская) і 4 пароды мясной (герэфордская, шарале, лімузінская, мен-анжу); 5 парод свіней (буйная белая, бел. чорнарабая, эстонская беконная, ландрас, гемпшырская) і некалькі спецыялізаваных ліній; 3 пароды авечак (прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская); некалькі парод коней (бел. запражная пародная група, руская цяжкавозная, руская рысістая, тарыйская і інш.). Кіруюць П.ж. рэсп. і абл. аб’яднанні па плем. рабоце, раённыя племстанцыі. Навук.-метадычнае кіраўніцтва ажыццяўляе селекцыйны цэнтр Бел.НДІ жывёлагадоўлі. П.ж. добра развіта ў ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Швейцарыі.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Племянная жывёлагадоўля. Статак кароў чорна-пярэстай пароды на пашы.