дагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак., каго-што.

1. Параўняцца з кім‑, чым‑н., што рухаецца наперадзе; нагнаць. Раман пусціўся шпарчэй, думаў, можа дагоніць на Лавацкім полі Раіну. Пташнікаў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Каля пушчы, каля броду Нас дагнала непагода. Танк. // перан. Параўняцца ў поспехах, росце і пад. з тым, хто апярэджваў. Прыйшоў у школу Піліпка, калі складанне простых дробаў канчалі ўжо, і нічога, дагнаў. Навуменка. Хаця выпрацоўка.. [Васіля] і павялічылася, Алены ён усё-такі не дагнаў. Чарнышэвіч.

2. Прыгнаць куды‑н., у якое‑н. месца. Дагнаць кароў да лесу. Дагнаць машыну да горада. // перан. Разм. Давесці да якіх‑н. паказчыкаў. Дагнаць выпрацоўку да 150 працэнтаў.

3. Падагнаць, наладзіць як трэба. Каса чыя нядобра косіць — Няхай Антося ён папросіць: Антось наладзіць — так дагоніць, Тады пабач, як загамоніць. Колас.

4. Давесці што‑н. распачатае да канца або да пэўнай мяжы. Дагнаць баразну да канца. Дагнаць цвік да сярэдзіны. □ Цімох дагнаў пракос да карчоў, вярнуўся назад. Капыловіч. // Закончыць перагонку якіх‑н. вадкасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́раўняцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і выраўнавацца. Маршчына не сыходзіла з ілба. Яна толькі выраўнялася і стала глыбейшая. Чорны.

2. Разагнуцца, выпрастацца. Ганна добра відна была.. Рукі былі сашчэплены так, што здалося — не разарве ніхто. Навек. І сама сядзела так, бы не выраўняецца век. Мележ.

3. Размясціцца па прамой лініі; параўняцца. Рабочыя выраўняліся, самкнуўшыся ў стройную калону. Пестрак. // перан. Даганяючы, зраўняцца з іншымі. Колькі летась давялося пахадзіць, паабіваць парогі, каб прыслалі спецыяліста, а цяпер, калі праўленне вылезла з прарыву, выраўнялася, забіраюць работніка з самага цяжкага ўчастка. Сапрыка.

4. Вярнуцца з нахіленага ў гарызантальнае ці вертыкальнае становішча. Самалёт выраўняўся і ўзяў курс на поўнач. Шахавец. [Насця] паклала руку на другі рычаг — машына выраўнялася і, плаўна пагойдваючыся, пайшла па асветленым фарамі прагале. Хадкевіч.

5. перан. Развіваючыся, павялічваючыся, зрабіць непрыкметнай розніцу паміж чым‑н. Рунь паступова выраўнялася. Хлапец выраўняўся і пастрайнеў. // Пазбавіўшыся ад недахопаў, стаць роўным, паслядоўным; ураўнаважыцца. Настрой паступова выраўняўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.

2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.

3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.

4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)