Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
РАСЛІ́НЫ-ПАЎПАРАЗІ́ТЫ, паўпаразітныя расліны,
расліны, якія часткова жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў, часткова здольныя да самастойнага (аўтатрофнага) жыўлення. Маюць у лісці хларафіл (магчымасць фотатрофнага жыўлення), нармальную будову ўсіх наземных органаў, недаразвітыя карані (іх канцы ператварыліся ў прысоскі). На Беларусі вядомы віды з родаў амяла, братаўка, увярэднік, цялюшнік. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАГЕНЕ́З (ад грэч. kata уніз + ...генез),
кірунак эвалюцыі, які прыводзіць да агульнага недаразвіцця і спрашчэння будовы арганізма дадзенай групы. Звязаны з пераходам у спрошчанае экалагічнае асяроддзе (напр., сядзячы спосаб жыцця, паразітызм і інш.). Прыводзіць да агульнага зніжэння морфафізіял. арганізацыі, дэзінтэграцыі, дэгенерацыі і рэдукцыі некат. органаў і іх сістэм (катамарфоз). Абумоўлены экалагічнымі і генет. аспектамі рэгрэсіўнай эвалюцыі. Напр., групы, якія зведалі К.: абалоннікі, імшанкі, калаўроткі, падводныя кветкавыя расліны, тлі, чарвяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНСАЛІ́ЗМ (ад а... + лац. mensa стол, трапеза),
форма ўзаемадзеяння паміж папуляцыямі (арганізмамі), калі адна з іх адмоўна ўздзейнічае на другую без карысці для сябе і без адмоўнага ўплыву з боку той, на якую ўздзейнічае. Назіраецца, напр., паміж плесневымі грыбамі, што прадуцыруюць антыбіётыкі, і бактэрыямі, жыццядзейнасць якіх пры гэтым прыгнечваецца або істотна абмяжоўваецца; паміж драпежнікамі і птушкамі, якія іх суправаджаюць і здольныя наклікаць на іх ворага або ўскладніць паляванне. Гл. таксама Каменсалізм, Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ-ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя расліны,
расліны, якія поўнасцю жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў. Грыбы, водарасці і бактэрыі паразітуюць на раслінах, жывёлах і чалавеку, часта з’яўляюцца ўзбуджальнікамі інфекц. хвароб. Кветкавыя Р.-п. паразітуюць пераважна на вышэйшых раслінах. Не маюць зялёнага лісця і каранёў (рэдукаваны ў вырасты-прысоскі). З дапамогай прысоскаў яны пранікаюць у расліну-гаспадара і жывяцца гатовымі арган. рэчывамі. На Беларусі вядомы віды з родаў заразіха, павітуха, таемнік. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сімбіе́з
(гр. symbiosis = сумеснае жыццё)
сумеснае існаванне арганізмаў розных відаў, пры якім арганізмы прыносяць карысць адзін аднаму (напр. с. ракаў-самотнікаў з актыніямі); гл. таксама мутуалізм, паразітызм.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЗЯЗЮ́ЛЯзвычайная
(Cuculus canorus),
птушка сям. зязюлевых атр. зязюлепадобных. Пашырана ўсюды, акрамя п-авоў Аравійскага і Індастан, паўд.ч. Індакітая, Арктыкі і Антарктыды. Жыве ў лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, у парках і садах, у гарах, па ўскраінах пустынь. Трымаецца па адной, радзей парамі. На Беларусі звычайны гнездавальны і пралётны від.
Даўж. да 40 см, маса да 370 г. У дарослых самцоў спіна і хвост цёмна-шэрыя, горла, валляк і грудзі светла-шэрыя, ніз белы з цёмнымі папярочнымі палосамі. Самкі бураватыя зверху, з вохрыстым налётам на валляку або спіна і верх галавы ржаўчата-рыжыя з чорнымі і белымі папярочнымі палосамі. Маладыя птушкі шараватыя або рыжаватыя, з больш цёмнай папярочнай паласатасцю. Кукуе самец. Самка нясе да 25 яец, якія па адным падкладвае ў гнёзды (гнездавы паразітызм) пераважна вераб’інападобных птушак. Птушаняты З. праз 10—16 гадз пасля нараджэння выкідваюць з гнёздаў яйцы і птушанят прыёмных бацькоў. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі. Зімуе ў Афрыцы і на Пд Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІ́ТЫ, паразітныя (паразітычныя) арганізмы (ад грэч. parasitos нахлебнік),
арганізмы, якія жывуць на паверхні (эктапаразіты) або ў целе (эндапаразіты) інш. арганізма (т.зв. гаспадара), кормяцца за кошт яго тканак, сокаў або змесціва стрававальнага тракту і часткова або цалкам ускладаюць на яго рэгуляванне сваіх узаемаадносін са знешнім асяроддзем. Выклікаюць у арганізме гаспадара імунабіял. і паталаг. рэакцыі. На Беларусі выяўлена некалькі тысяч відаў паразітычных жывёл (паразіты мед., вет. і агранамічнага значэння).
П. падзяляюць на аблігатных (абавязковых) і факультатыўных (неабавязковых). Розныя сістэм. групы і віды арганізмаў маюць спецыфічны склад П. Найб. пашыраны П. сярод вірусаў, бактэрый, прасцейшых, грыбоў, чарвей і членістаногіх. Многія эндапаразіты выклікаюць захворванні жывёл і чалавека (малярыя, тулярэмія, энцэфаліты, гельмінтозы і інш.). Эктапаразіты (пераважна крывасмокі: камары, мошкі, кляшчы, блохі, вошы і інш.) — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (малярыя, тыф, чума і інш.). Для жывёл-П. характэрны спрошчаныя або рэдукаваныя стрававальная сістэма і органы пачуццяў, добра развітыя органы размнажэння (забяспечваюць вял. плоднасць) і прымацавання (для ўтрымання на целе або ўнутры гаспадара) і інш. П. вывучае паразіталогія, паразітацэналогія. Гл. таксама Паразітызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),
французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв.сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.Бурносаў і Р.Канавалаў.
Тв.:
Бел.пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;
Рус.пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.
Літ.:
Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),
гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш.н.-д. установах.
Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.
Літ.:
Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.