пану́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Непрыветлівы, хмурны, суровы (пра чалавека). Характарам Аркадзь быў другі: не маўклівы і пануры, а гаваркі чалавек. Капыловіч. Дзед зрабіўся больш пануры, пазіраў на свет нейкімі непрытомнымі вачыма. Якімовіч. // Які выражае хмурнасць, суровасць. Пануры погляд. □ Твар у.. [Кашына] быў, як і заўсёды, пануры, можа толькі крыху ўзрушаны. Карпаў.
2. перан. Які выклікае сваім выглядам цяжкае пачуццё, змрочны. Неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае. Мележ. Паказаліся вясковыя хаты, панурыя, маўклівыя. М. Ткачоў. // Цяжкі, бязрадасны. Панурыя думкі.
3. З апушчанай галавой, панылы. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Пад скурай у.. [каня] ходарам хадзілі рэбры, галава была панурая. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зіхаце́ць, ‑хачу, ‑хаціш, ‑хаціць і зіхце́ць, ‑хчу, ‑хціш, ‑хціць; незак.
1. Блішчаць, ззяць яркім, пералівістым святлом. Дні плылі спякотныя.., сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Мележ. Падобная на маланку, паласа пералівалася, зіхацела, азараючы панылы горны пейзаж. Шыцік. // Ярка, асляпляльна ўспыхваць. На двор жа страшна было вылезці: само неба, здаецца, лілося на зямлю і раз-поразу зіхацелі агністыя маланкі. Мурашка. І ў зорныя ночы, і ў ясныя дні Зіхцяць электрычнае зваркі агні. Гілевіч.
2. Ярка блішчаць, пералівацца, адбіваючы святло, праменне. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Асляпляльна зіхацеў снег. Шчарбатаў. // чым і без дап. Быць асветленым, упрыгожаным чым‑н. яркім. Елка ўся ў агнях зіхаціць, у цацках, істужкамі розных колераў прыбраная. Пянкрат. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. // Вылучацца яркім або светлым колерам. З аднаго боку клуба зіхацела жоўтай фарбай невялікая прыбудова. Ваданосаў. // Вылучацца навізной, чыстатой. У .. пакоі ўсё зіхацела ад чыстаты. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумны, невясёлы, нярадасны, бязрадасны, сумотны, смутны, засмучаны, маркотны, замаркочаны, журботны, нудны, тужлівы, горасны, жалобны, жаласны, жаласлівы, няўцешны, панылы, пануры; хаўтурны (разм.); жалосны (абл.); чорны, цёмны, змрочны, хмурны, пахмурны, хмуры, пахмуры, спахмурнелы, схмурнелы, нахмураны, меланхалічны, мінорны (перан.) □ як хмара, як пад зямлёй, не ў гуморы
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)