АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў,

сукупнасць метадаў, прызначаных для надання метал. дэталі, якая апрацоўваецца, пэўнай формы, зададзеных памераў або ўласцівасцей паверхневага слоя. Ажыццяўляецца ў электралізерах (электралітычных ваннах і інш.), дзе дэталь, што апрацоўваецца, з’яўляецца або анодам (анодная апрацоўка), або катодам (катодная апрацоўка), або тым і інш. папераменна. Асн. від катоднай Э.а. — гальванастэгія. Аноднымі метадамі Э.а. з’яўляюцца розныя віды электрахім. траўлення, аксідаванне, анадзіраванне, паліраванне і інш. Новы кірунак Э.а. — мікрадугавое аксідаванне — пашырае магчымасць атрымання аксідных пакрыццяў з рознымі карыснымі ўласцівасцямі.

т. 18, кн. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

полиро́вка ж.

1. (действие) палірава́нне, -ння ср., паліро́ўка, -кі ж.;

2. (глянец) паліро́ўка, -кі ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА (ад гальвана... + тэхніка),

галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.

Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Гальванатэхніка: а) Схема стацыянарнай ванны з бесперапыннай цыркуляцыяй электраліту: 1 — анодныя і катодныя штангі; 2 — вырабы; 3 — кран; 4 — фільтр; 5 — труба падачы ачышчанага электраліту; 6 — ячэйка ачысткі раствору; 7 — помпа; 8 — рухавік. б) Схема электрахімічнай устаноўкі для размернай апрацоўкі металічных загатовак: 1 — электраліт; 2 — помпа; 3 — катод (электрод-інструмент); 4 — крыніца пастаяннага току; 5 — анод (загатоўка).

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

педыкю́р

(фр. pedicure, ад лац. pes, pedis = нага + cura = догляд)

гігіенічная апрацоўка ступняў ног (чыстка, паліраванне ногцяў, выдаленне мазалёў і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ФІ́НІШНЫЯ МЕ́ТАДЫ АПРАЦО́ЎКІ,

завяршальныя аперацыі мех. апрацоўкі дэталей. У выніку іх фарміруюцца геам. і фізіка-мех. характарыстыкі паверхневага слоя.

Асн. групы Ф.м.а.: апрацоўка лязовым інструментам (алмазнае і эльборавае тачэнне і расточванне, рассвідроўванне адтулін, шабранне, шэвінгаванне, апрацоўка метал. шчоткамі); звязаным абразівам (шліфаванне абразіўнымі, алмазнымі і эльборавымі кругамі, ханінгаванне, суперфінішыраванне суперфінішаванне*); эластычным інструментам (шліфаванне і паліраванне абразіўнымі, алмазнымі і эльборавымі стужкамі, эластычнымі кругамі і брускамі, палімерна-абразіўнымі шчоткамі); свабодным абразівам (даводка, гідра-, вібра-, пнеўмаабразіўная, магнітнаабразіўная апрацоўка, апрацоўка свабодным абразівам, ушчыльненымі інерцыйнымі сіламі і інш.); паверхневым пластычным дэфармаваннем (алмазнае выгладжванне, вібраабкатванне, раскатванне, дарнаванне, працягванне, ультрагукавое мікрадэфармаванне і інш.); эл. токам і хімічна актыўным асяроддзем (анодна-мех., электраімпульсная, электраэразійная апрацоўка, электрахімічная апрацоўка).

На Беларусі прагрэсіўныя тэхналогіі фінішнай апрацоўкі распрацоўваюцца ў Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це і інш.

Дз.​Ф.​Усціновіч.

т. 16, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пансіро́ўка

(ад фр. poncer = шліфаваць пемзай)

1) капіраванне малюнкаў пры дапамозе вугальнага пылу, які пранікае ў наколы на белай паперы;

2) паліраванне пемзай.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛАКАФА́РБАВЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці, якія ўтвараюцца пасля ацвярдзення (высыхання) лакафарбавых матэрыялаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асн. прызначэнне Л.п. — ахова матэрыялаў ад разбурэння (напр., металаў ад карозіі, драўніны ад гніення) і дэкаратыўная апрацоўка паверхні.

Паводле эксплуатацыйных уласцівасцей Л.п. падзяляюць на атмасфера-, тэрма-, вода-, масла- і бензаўстойлівыя, хімічна ўстойлівыя, электраізаляцыйныя, кансервацыйныя і спец. прызначэння. Звычайна Л.п. атрымліваюць нанясеннем на паверхню некалькіх слаёў лакафарбавых матэрыялаў, якія адрозніваюцца саставам і хім. прыродай плёнкаўтваральных рэчываў. Адрозніваюць слаі: ніжнія (грунтовачныя, гл. Грунтоўкі), прамежкавыя (шпаклёвачныя, гл. Шпаклёўка), верхнія (покрыўныя), якія ўтвараюць фарбы і лакі. Агульная таўшчыня мнагаслойных Л.п. — 30—300 мкм. Асн. тэхнал. аперацыі атрымання Л.п.: падрыхтоўка паверхні для забеспячэння добрай адгезіі Л.п.; нанясенне лакафарбавых матэрыялаў распыленнем (пнеўматычным, гідраўлічным, аэразольным, у электрастатычным полі высокага напружання), акунаннем, абліваннем, уручную; сушка пры пакаёвай т-ры тэрмапластычных Л.п. ці пры павышаных т-рах (80—160 °C) тэрмарэактыўных; прамежкавая апрацоўка — шліфаванне ніжніх і паліраванне верхніх слаёў для надання Л.п. люстранога бляску. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі (найб. у машынабудаванні, буд. індустрыі) і ў быце.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

педыкю́р

(фр. pédicure, ад лац. pes, pedis = нага + cura = догляд)

гігіенічная апрацоўка ступняў ног (чыстка і паліраванне ногцяў, выдаленне мазалёў і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

polish​1 [ˈpɒlɪʃ] n.

1. паліро́ўка; палірава́нне, шліфава́нне;

2. паліту́ра; лак;

furniture polish лак для мэ́блі;

floor polish масці́ка або́ лак для падло́гі;

shoe polish ва́кса; крэм для абу́тку;

nail polish лак для но́гцяў/пазно́гцяў

3. вы́танчанасць; лоск

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)