прыту́л, ‑у, м.

Разм. Тое, што і прытулак (у 1 знач.). Твае паляны і лясы Далі прытул мне і пасцель. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАСІНЕ́РЫ,

сяляне-паўстанцы, узброеныя вертыкальна асаджанымі косамі. Назва замацавалася за сялянамі-добраахвотнікамі з першых паўстанцкіх атрадаў (батальёнаў) паўстання 1794. К. ўдзельнічалі ў бітвах каля в. Паляны, Ліпнішкі, Солы, Крупчыцы і інш. Яны складалі каля ⅓ агульнай колькасці паўстанцкіх атрадаў. К. называлі і ўзброеных косамі ўдзельнікаў паўстанняў 1830—31 і 1863—64.

У.​П.​Емельянчык.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пасяро́дку, прыназ. і прысл.

Тое, што і пасярод. Спыніўся юнак пасяродку .. паляны. Куляшоў. Тут стаяла дарагая мэбля — сервант, тахта, яшчэ сервант, бліскучы паліраваны стол з крыштальнаю попельніцаю пасяродку. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

борць, ‑і, ж.

Уст. Вулей у выглядзе выдзеўбанай калоды або дупло ў дрэве, дзе жывуць пчолы. Зусім нечакана ў глухім лесе можна ўбачыць пчаліную калоду — борць, устаноўленую на высокім дрэве каля паляны. Самусенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залаці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Колерам падобны да золата; з бліскуча-жоўтым адлівам. Залацістыя зоры. □ Лістапад залацістым лісцем у лясах засыпае паляны. Машара.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных, заалагічных і мінералагічных назваў. Залацістая папараць. Залацісты тапаз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сіцца, ‑сіцца; незак.

Уздымацца над навакольнымі прадметамі. У цэнтры паляны высіўся двухпавярховы драўляны дом з невялікім садам, агародам і гаспадарчымі прыбудовамі. В. Вольскі. Шпіталь быў недалёка, у невялічкім парку, дзе ціха высіліся стагоднія ліпы і вязы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЯ́ТКА,

рака ў еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі, ва Удмурціі, Кіраўскай вобл. і Татарстане, правы прыток Камы. Даўж. 1314 км, пл. бас. 129 тыс. км². Пачынаецца на Верхнякамскім узв. Тыпова раўнінная рака, звілістая на ўсім працягу. У рэчышчы частыя завалы, на пойме шмат азёр і старыц. Асн. прытокі: Кобра, Малома, Піжма (справа), Чапца, Кільмезь (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 890 м³/с. Сплаўная. Суднаходная да г. Кіраў (700 км), вясной да прыстані Кірс (1000 км). Гал. прыстані: Кіраў, Кацельніч, Савецкі, Вяцкія Паляны.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБО́ЎСКІ (Стафан) (24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

або́чына, ‑ы, ж.

Бакавая частка дарогі. Ляжаць маўкліва на абочынах Бязногія грузавікі. Панчанка. Нявада ішоў абочынай гасцінца, адкуль увесь снег змяло ў прыдарожныя лагчыны. Чорны. // Ускраіна чаго‑н. (лесу, поля і пад.). Абочына паляны, а Васіль ужо думаў аб тым, што прыйдзецца ехаць, не ўбачыўшы Антося, і раптам на абочыне луга за кустом лазняку заўважыў уваткнутую ў зямлю касу. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КРА́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры. Сфарміравалася ў 19—20 ст. у в. Краскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. на беразе р. Зальвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам. Палац складаецца з драўлянага 1-павярховага корпуса (1839) і прыбудаванага да яго 2-павярховага мураванага аб’ёму (1905). Верт. дамінанты — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Гал. ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з 4 вуглавымі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаны разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі і інш. Парк пейзажнага тыпу (пл. 3 га) складаецца з 3 частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўд.-ўсх. схіле ўзгорка і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы адкрытыя паляны з курцінамі і прагулачныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і кустоў, у т. л. хвоя веймутава. лістоўніца еўрапейская, воцатнае дрэва, акацыя і інш.

А.​М.​Кулагін.

Краскаўская сядзіба.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)