Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННАЯ ПА́ЛЬМА,
назва розных відаў пальмаў, цукрысты сок з суквеццяў якіх зброджваюць для атрымання віна. Найб. вядомыя вінныя пальмы: карыёта пякучая (Caryota urens), маўрыцыя вінная, або бразільская веералістая пальма (Mauritia vinifera), рафія вінная (Raphia vinifera). З маладога лісця віннай пальмы атрымліваюць валакно, якое выкарыстоўваецца ў садоўніцтве для падвязкі раслін. Плады некаторых вінных пальмаў ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВАЯ ПА́ЛЬМА (Cocos nucifera),
кветкавая расліна сям. пальмаў. Адзіны від роду. Пашырана на акіянічных узбярэжжах трапічных абласцей, дзе шырока культывуецца.
Вечназялёнае дрэва выш. да 30 м, крона з вял. перыстага лісця даўж. 3—6,5 м, шыр. 1—1,5 м. Кветкі аднаполыя, сабраныя ў пазушныя суквецці. Плод (какосавы арэх) — касцянка 1,5—2,5 кг. Драўніну выкарыстоўваюць у буд-ве, валакністую абалонку плода (койр) — на пляценне канатаў, цыновак і інш.; з мякаці пладоў (копры) атрымліваюць какосавы алей, макуху (корм для жывёлы); насенне і яго вадкасць (какосавае малако) ядомыя. З соку суквеццяў робяць цукар, сіроп, віно. Дэкар. расліна.