ІЗРА́ІЛЬСКА-АРА́БСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Ізраілем і шэрагам араб. дзяржаў у 1948—49, 1956, 1967, 1973 і 1982. Больш падрабязна гл. ў арт. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Блізкаўсходні канфлікт, раздзелы Гісторыя ў артыкулах Егіпет, Іарданія, Ізраіль, Ліван, Палесціна, Сірыя.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

holy [ˈhəʊli] adj. святы́;

holy bread про́свіра, прасві́рка;

holy water свята́я вада́;

HolyLand Свята́я зямля́ (Палесціна);

Holy City свяшчэ́нны го́рад (Іерусалім, Рым і да т.п.)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),

галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр. зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал. інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).

Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр. зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАФА́Т (Ясір) (н. 4.8.1929, г. Іерусалім),

лідэр нац.-вызв. руху Палесціны, старшыня (з 1969) Выканкома Арганізацыі вызвалення Палесціны (АВП). Скончыў Каірскі ун-т (1955). Адзін з заснавальнікаў (1956) і кіраўнікоў (з 1965) палесцінскай арг-цыі аль Фатах, вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Палесцінскага руху супраціўлення (з 1970). У сак. 1989 прызначаны Выканкомам АВП прэзідэнтам Дзяржавы Палесціна, абвешчанай на сесіі Нац. савета Палесціны (парламент у выгнанні) у ліст. 1988 у г. Алжыр. У 1993 падпісаў ізраільска-палесцінскае пагадненне аб узаемапрызнанні АВП і Ізраіля і аўтаноміі Палесціны. Нобелеўская прэмія міру (1994, з І.Рабінам і Ш.Перасам).

Я.Арафат.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НЫ (Hyracoidea),

атрад млекакормячых. 1 сям., 3 роды: Д. дрэвавыя (Dendrohyrax), Д. горныя, або шэрыя (Heterohyrax), Д. скалістыя, або пустынныя (Procavia). 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі (п-вы Аравійскі, Сінайскі, Сірыя і Палесціна). Жывуць у лясах (Д. дрэвавыя) і ў гарах. Наземныя Д. селяцца калоніямі.

Даўж. цела 30—60 см, маса 1,5—4,7 кг. Вонкавым выглядам нагадваюць грызуноў, але філагенетычна бліжэй да хобатных. Афарбоўка карычнева-шэрая. Хвост даўж. 1—3 см або адсутнічае. Верхняя губа раздвоеная. Пярэднія лапы чатырохпальцавыя, заднія трохпальцавыя з капытападобнымі кіпцюрамі, на падэшве моцны прысосак Пераважна расліннаедныя. Нараджаюць 1—6 дзіцянят.

Даман капскі.

т. 6, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ПІЙ, Пракопій Кесарыйскі (каля 500, г. Кесарыя, Палесціна — пасля 565),

візантыйскі пісьменнік і гісторык. Удзельнічаў у войнах Візантыі з персамі, вандаламі і готамі, дарадчык палкаводца Велісарыя. У афіцыёзных творах «Войны з персамі, вандаламі і готамі» (8 кніг, скончаны ў 553), «Пра пабудовы» (553—555) услаўляў імператара Юстыніяна, аднак у памфлеце «Патаемная гісторыя» даў вельмі негатыўны вобраз імператара і яго жонкі Феадоры. Працы П.К. — важная крыніца па гісторыі Візантыі і суседніх краін 6 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Война с готами. М., 1950;

Война с персами;

Война с вандалами;

Тайная история. М., 1993.

Літ.:

Удальцова З.В. Византийская культура. М., 1988. С. 50—54.

т. 12, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],

папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРА (грэч. laura літар. гарадская вуліца, квартал),

назва найбольш буйных і ўплывовых правасл. мужчынскіх манастыроў. Вядомы з 4—6 ст.: Л. наз. манастыры св. Феадосія каля Іерусаліма (Палесціна), св. Афанасія на Афоне (Грэцыя). У Рас. імперыі статус Л. мелі Кіева-Пячэрская лаўра (з 1598), Троіца-Сергіева лаўра (з 1744), Аляксандра-Неўская лаўра (з 1797), Пачаеўская, цяпер у Цярнопальскай вобл. на Украіне (з 1833; у ансамблі барочны Успенскі сабор, 1771—83, арх. Г.​Гофман, класіцыстычная званіца, 1861, Троіцкі сабор, 1906, арх. А.​Шчусеў). Да 18 ст. Л. падначальваліся непасрэдна патрыярху, з 1721 — сіноду. Карыстаюцца асаблівымі правамі, колькасць манахаў у Л. не абмяжоўваецца. Кіруюць Л. намеснікі ў сане архімандрыта.

Да арт. Лаўра. Успенскі сабор Пачаеўскай лаўры ў Цярнопальскай вобл. (Украіна). 1771—83.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,

ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).

У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)