ШТАНГЕНІНСТРУМЕ́НТ (ад ням. Stange стрыжань + інструмент),
універсальны штрыхавы інструмент для вымярэння і разметкі знешніх і ўнутр. лінейных памераў. Складаецца са штангі (з губкамі) з нанесенай на яе асн. шкалой і ноніуса для адліку доляў асн. дзялення.
Да Ш. належаць: штангенцыркулі — для вымярэнняў дыяметраў, пазоў, глыбіні канавак і інш. (верхнія межы вымярэнняў ад 125 да 2000 мм); штангенглыбінямеры — для вымярэнняў глыбінь пазоў і адтулін (да 500 мм; гл.Глыбінямер); штангензубамеры — для вымярэнняў таўшчыні зубцоў зубчастых колаў (для модуляў ад 1 да 36, адлік па ноніусе 0,02 мм); штангенрэйсмусы — для вызначэння і нанясення дакладных памераў пры разметцы (верхняя мяжа вымярэнняў да 2500 мм; гл.Рэйсмус). Ш. кожнага тыпу выпускаецца некалькіх тыпапамераў з велічынямі адліку па ноніусе 0,05 і 0,1 мм. Драўляныя Ш. без ноніуса пачалі выкарыстоўвацца ў 17 ст., першыя штангенцыркулі з ноніусам — у канцы 18 ст. ў Лондане.
Штангенінструмент: а — штангенцыркуль з мяжой вымярэння да 125 (150) мм і памерам адліку 0,1 мм; б — з мяжой вымярэння да 250 (160) мм і памерам адліку 0,1 або 0,05 мм; 1 і 2 — ніжнія і верхнія губкі; 3 — стопарныя вінты; 4 — рамка; 5 — штанга; 6 — лінейка глыбінямера; 7 — ноніус; 8 — мікраметрычная падача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
до́лата, ‑а, М ‑лаце, н.
1. Цяслярскі і сталярны інструмент для выдзёўбвання дзірак, пазоў і пад. Антон узяў долата і прадзёўб пару дзірак .. для спіц.Пальчэўскі.
2. Інструмент для бурэння горных народ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЛЫБІНЯМЕ́Р,
прылада для вымярэння глыбіні адтулін, пазоў, вышыні ўступаў і інш. у дэталях машын. Падзяляюцца на штангенглыбінямеры (мяжа вымярэння да 500, памер адліку 0,05 і 0,1 мм), мікраметрычныя (мяжа вымярэння да 150, цана дзялення 0,01 мм; гл. таксама Мікрометр) і індыкатарныя (адпаведна да 100 і 0,01 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Нут ’гэбель выбіраць пазы’ (Сл. ЦРБ). Запазычана праз польск.nut, nuthubel ’гэбель для выразання пазоў’ з ням.Nut(e), скарочана ад Nuthobel ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ФРЭ́ЗА ДАРО́ЖНАЯ,
самаходная машына, прычапное ці навясное абсталяванне для змешвання грунтоў з вяжучымі матэрыяламі пры буд-ве дарог і для фрэзеравання паверхні дарожных пакрыццяў пры іх рамонце і рэгенерацыі.
Рабочы орган Ф.д. — ротар (вярчальны барабан з метал. лапаткамі або рэжучымі зубамі), дадатковае абсталяванне — кіркоўшчык (рама з замацаванымі на ёй зубамі). Разнавіднасць Ф.д. — фрэза дыскавая, прызначаная для ўтварэння пазоў і фарміравання кантаў беражкоў у асфальтабетонных пакрыццях.
На Беларусі Ф.д. выпускаюць прадпрыемствы «Амкадор» і «Дорвектар».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЕ́Ц,
востраканцовая прылада працы стараж. чалавека ў эпоху палеаліту; пласціна або адшчэп крэменю для разьбы, гравіроўкі, выразання пазоў, расчлянення косці, рогу, дрэва. Асн. тыпы Р.: на вугле зламанай загатоўкі, рэтушныя ці бакавыя, 2-гранныя ці сярэдзінныя. На тэр. Беларусі існавалі на працягу каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЗА (ад франц. fraise),
рэжучы шматлязовы інструмент з зубамі, размешчанымі на корпусе паралельна ці нахілена да восі яго вярчэння. Прызначаны для апрацоўкі (фрэзеравання) плоскасцей, пазоў, шліцаў, крывалінейных паверхняў, цел вярчэння, разьбы, а таксама для рэзкі матэрыялаў.
Вырабляюць суцэльнымі з легіраваных і хуткарэзных сталей, з устаўнымі зубамі ў выглядзе пласцінак з цвёрдых сплаваў або кампазіцыйных матэрыялаў і інш. У металаапрацоўцы выкарыстоўваюць Ф. цыліндрычныя, тарцовыя, дыскавыя, канцавыя, адразныя, шпоначныя, вуглавыя, модульныя і інш.; у дрэваапрацоўцы — спец. Ф. ў выглядзе ланцуга з загартаванай інстр. сталі і гнездавыя (гл.Дрэварэзальны інструмент, Фрэзерны станок.).
Фрэзы: 1 — цыліндрычныя; 2 — канцавая з канічным хваставіком; 3 — тарцовая з устаўнымі нажамі; 4 — чарвячная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТРАМЕ́Р,
прылада, якой вымяраюць унутр. лінейныя памеры адтулін, пазоў і інш. ў дэталях і вырабах. Найпрасцейшыя Н. — цыркулі з загнутымі вонкі канцамі ножак (з’явіліся ў 16—17 ст.), гранічныя калібры (штыхмасы).
Для больш дакладных вымярэнняў існуюць Н. мікраметрычныя (гл.Мікрометр) са зменнымі падаўжальнікамі (межы вымярэнняў ад 50 да 2500 мм, з дадатковымі індыкатарамі гадзіннікавага тыпу — да 10 м), і індыкатарныя з рычажнымі і клінавымі перадачамі (3—1000 мм). Для малых адтулін выкарыстоўваюць Н. з конуснымі перадачамі (межы вымярэнняў ад 0,2 мм да 18 мм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.
Дзялільная машына — станок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш.Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш.Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш. станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.