падра́жнівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Дражніцца час ад часу. То той, то другі з гасцей стараліся памагчы настаўніцы ўзяць за вуха непакорлівага, але ён вылузваўся, уцякаў і падражніваўся: — Кароткія ў вас рукі. Колас.

2. Даваць падставу каму‑н. спадзявацца на што‑н. [Рымша:] — Ён, мусіць, толькі з ёю падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбо́р, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.

2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.

3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.

•••

У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.

(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. і незак.

1. незак. Тое, што і цэліцца; цаляць. Мы за мір! А цэліць бомбай Не дазволім мы ў наш дом. Панчанка. Драпежнік цэліць бомбамі ў насціл, І леглі на вадзе крыві салдацкай меткі, Мо суджана і мне не перайсці, Але грымяць імклівыя танкеткі. Вітка. [Рымша:] — Ён [Анішчук], мусіць, толькі з ёю [Лучынінай] падражніваецца, а сам цэліць да Загароўскай падабрацца... Гурскі. А кайданы ўсё мацней звінелі. І што ні крок — царкоўны перазвон. І кат ужо ў звон у гэты цэліў... Сіпакоў. // Мець намер. Машын вунь колькі калгас накупіў. У мільянеры цэліць. Даніленка. Не было як зразумець, куды цэліць афіцэр. Што ведае пра яго? Страшныя здагадкі перашкаджалі ўважліва слухаць. Асіпенка.

2. зак. Разм. Трапіць, папасці. Юркевіча запытанне цэліла ў .. самыя патайныя думкі [Юзіка]. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)