павуча́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. павучаць.

2. Парада, настаўленне. Асабліва безуважным быў Грышка да дзедавых павучанняў, калі недзе яго чакалі сябры... Паслядовіч. — Другі раз, перш чым сказаць што, падумай, — папярэдзіў [Валодзю] Паўлік, які любіў чытаць хлопцам павучанні. Рунец.

3. Пропаведзь, прамова, якія ўтрымліваюць павучальныя парады. Сказаць павучанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБА́Й КУНАНБА́ЕЎ (10.8.1845, в. Караул Абайскага р-на, Казахстан — 6.7.1904),

казахскі паэт-асветнік, заснавальнік новай пісьмовай казахскай літаратуры. Вывучаў араб., перс. і інш. мовы. Светапогляд Абая Кунанбаева фарміраваўся пад уплывам гуманіст. ідэй паэтаў і вучоных Усходу, рус. класічнай л-ры і стараж.-грэч. філосафаў. У лірычных і сатыр. вершах выступаў супраць сац. зла, невуцтва, старых звычаяў. У паэмах «Масгуд» (1887), «Іскандэр», «Сказанне пра Азіма» выкарыстаў усх. сюжэты. У кн. прозы «Павучанні» выклаў этычныя і філас. погляды. Увёў новыя формы верша (6- і 8-радкоўе). Жыццю Абая Кунанбаева прысвечаны раман-эпапея М.​Аўэзава «Шлях Абая».

Літ.:

Ауэзов М.О. Абай Кунанбаев: Статьи и исследования. Алма-Ата, 1967.

Абай Кунанбаеў.

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

павуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

Даваць павучальныя парады, настаўленні. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў.. [Букрэй] дзеда. Колас. Тапурыя ўсё яшчэ павучаў .. [Вано], як трэба сябе трымаць пры старэйшых. Самуйлёнак. // Гаварыць павучанні. — Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец. Броўка. — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог ўстрымацца, каб не навучаць. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,

прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),

нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения М., 1985.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

павуча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можа навучыць чаму‑н., можа быць выкарыстаны як прыклад. Павучальны ўрок гісторыі. Павучальныя вынікі. □ Шмат яшчэ цікавага і павучальнага расказаў .. [стары] у гэты вечар. Ляўданскі. Жыццё Леніна — павучальны прыклад для моладзі. «Полымя».

2. Які ўтрымлівае ў сабе павучанне, мае характар павучання. Павучальная гутарка. □ Я. Купала пісаў і павучальныя байкі, у якіх высмейваў паасобныя недахопы, уласцівыя людзям. Казека. // Які бывае звычайна пры павучанні. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Іван усміхаўся, адчуўшы павучальны тон сваіх слоў. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),

агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.

Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗБО́РНІКІ СВЯТАСЛА́ВА 1073 і 1076, зборнікі Кіеўскай Русі, найб. раннія помнікі стараж.-рус. пісьменства.

Ізборнік 1073 створаны ў Кіеве для князя Святаслава Яраславіча. З’яўляецца спісам зборніка, перакладзенага з грэч. мовы на стараслав. ў 9 ст. для балг. цара Сімяона. Уключае творы «Ад апостальскіх статутаў», «Слова Іаана пра верачытныя кнігі», «Багаслоўца ад славес». Уключаны і свецкі трактат візант. пісьменніка 9 ст. Георгія Хіравоска «Пра вобразы» — першы ў стараж.-рус. л-ры дапаможнік па паэтыцы, а таксама артыкулы па логіцы, граматыцы, прытчы, загадкі. Упрыгожаны застаўкамі, мініяцюрамі. Зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Ізборнік 1076 складзены на падставе рукапісаў княжацкай б-кі. У ім змешчаны «словы», «павучанні», «наказы», этычныя выслоўі, «Стасловец» канстанцінопальскага патрыярха Генадзія, свецкія тэксты («Наказ багатым», «Пра жонак злосных і добрых»), творы, напісаныя ў Кіеўскай Русі, настаўленне пра карысць ведаў, кніг. Зберагаецца ў Рас. нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу.

Публ.:

Изборник Святослава 1073 г. М., 1983;

Изборник 1076 г. М., 1965.

Літ.:

Изборник Святослава 1073 г.: Сб. ст. М., 1977;

Сапунов Б.В. Книга в России в XI—XIII вв. Л., 1978.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́БЫ (араб.),

кнігі, напісаныя на бел. мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў 14 ст. Змест К. — усх. легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульм. рытуалаў, т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), варажба па літарах Карана, маральна-этычныя павучанні для моладзі, разгадванне сноў і інш. Акрамя К. існуюць тэфсіры (Каран з падрадковым каментарыем па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (малітоўнік). Напісаны і чытаюцца К. справа налева, радок суцэльны, без знакаў прыпынку і без падзелу на словы, кожны наступны радок роўны з папярэднім да адной літары. Новы твор пачынаецца словамі «баб» (раздзел) ці «хікайет» (аповесць). Мова К. блізкая да нар. бел. мовы (у тэкстах сустракаюцца словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжываліся ў бел. мове 17—19 ст. і захаваліся да нашага часу). Вывучэнне К. пачалося ў сярэдзіне 19 ст. Найб. грунтоўна даследаваў А.К.Антановіч, а таксама І.​І.​Луцкевіч, Я.​Станкевіч. Вядомы польскія тэксты (творы, урыўкі), напісаныя араб. пісьмом.

Літ.:

Антонович АК. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.

В.​І.​Несцяровіч.

Старонка з кітаба пач 19 ст.

т. 8, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНЕ́І-ЧЭ́ЦЦІ»

(ад грэч. mēnaios месячны + стараж.-рус. чытанне),

«Штомесячныя чытанні», царкоўна-рэлігійныя зборнікі твораў павучальнага зместу. Уключалі жыціі святых, павучанні, словы, казанні, легенды, складзеныя па месяцах у адпаведнасці з днямі ўшанавання царквою памяці кожнага святога. Прызначаліся для штодзённага чытання.

Узніклі ў Візантыі ў 9 ст. На Русі вядомы з 11 ст., найб. пашыраны ў 16 ст. ў сувязі з умацаваннем ідэалаг. асноў самадзяржаўя і стварэння культу агульнарасійскіх святых. У 1530—40-я г. складзены «Вялікія Чэцці-Мінеі» ў 12 т., у якіх сабраны творы царкоўна-апавядальнай і духоўна-павучальнай л-ры Русі ад пачатку хрысціянства, уключаны шэраг помнікаў стараж.-рус. л-ры. Амаль пасля кожнага жыція або казання змешчана «слова» айцоў царквы ці твор свецкага зместу. У складзе «М.-Ч.» дайшлі спісы каштоўнейшых помнікаў стараж.-рус. л-ры.

На Беларусі вядомы «М.-Ч.» камянецкая і жыровіцкая (15 ст.), слуцкая (16 ст.), супрасльская рукапісная і друкаваная «Мінея агульная», віленская рукапісная (усе 17 ст.).

Публ.:

Великие Минеи-Четии, собранные Всероссийским митрополитом Макарием. Вып. 1—14. СПб., 1868—1917.

Літ.:

Ключевский В.О. Великие Минеи-Четии, собранные Всероссийским митрополитом Макарием // Ключевский В.О. Отзывы и ответы. Пг., 1918;

Гудзий Н.К.

История древнерусской литературы. 7 изд. М., 1966.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)