ДЗЮБУА́, Дзю Бойс (Dubois, Du Bois) Уільям Эдуард Бёркхарт (23.2.1868, г. Грэйт-Барынгтан, ЗША — 27.8.1963), амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў афра-амер. л-ры ЗША, грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-це ў Фіска (1884—86), Гарвардскім (1886—92), Берлінскім (1892—94) ун-тах. Д-р філасофіі (1895), праф. эканомікі і гісторыі. Ганаровы д-ргіст. навук Маскоўскага ун-та (з 1959). Даследаваў барацьбу амер. неграў і народаў Афрыкі за раўнапраўе, супраць расавай дыскрымінацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў руху «Ніягара» (1905), Асацыяцыі садзейнічання прагрэсу каляровага насельніцтва (1910—48), панафр. кангрэсаў (1919, 1921, 1923, 1927, 1945), чл.Сусв. Савета Міру (з 1950). З 1960 у Гане, дзе з 1962 кіраваў выданнем энцыклапедыі «Афрыка». Аўтар манаграфіі «Забарона гандлю рабамі» (1896), зб. нарысаў «Душы чорных людзей» (1903), трылогіі «Чорнае полымя» (1957—61) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),
група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс.км²; аб’ём вады 22,7 тыс.км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р.Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.
Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р.Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).
Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).