ніт¹, ніта, мн. ніты, -аў, м.

Металічны стрыжань, які мае на адным канцы галоўку, а на другім — разьбу, на якую накручваецца гайка; болт (спец., уст.).

|| прым. ні́тавы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ніт 1, ‑а; мн. ніты́, ‑о́ў; м.

Металічны стрыжань, які мае на адным канцы галоўку, а на другім — разьбу, на якую накручваецца гайка; болт.

ніт 2, а́; мн. ніты́, ‑о́ў; м.

1. Злучэнне ніцяных петляў у ткацкім станку для падымання нітак асновы. Укідаць аснову ў ніты.

2. Спосаб ткання, ад якога залежыць від перапляцення ніцей у тканіне. А пасадзі .. [Алёну] за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ни́тченка ж., текст. ніт, род. ніта́ м., мн. ніты́, -то́ў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кабы́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж.

1. гл. кабыла.

2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы).

3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

КРО́СНЫ,

ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.

Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб. стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.

К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.

Г.​М.​Курыловіч.

Кросны.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ні́цікініты, частка кроснаў, з дапамогай якіх утвараецца зеў у аснове’ (валож., Жыв. сл.). Памянш. да ніт 1 (гл.), ніты́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПІ́НСКА-ІВАЦЭ́ВІЦКІЯ РУЧНІКІ́,

тып бел. традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюць нар. майстры вёсак Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Пінскага р-наў Брэсцкай вобл. Вядомы з 19 ст. Даўж. 180—250, шыр. 23—30 см. Па колеравай гаме, стылістыцы арнаменту, якасці палатна блізкія да мотальскіх ручнікоў. Ткуць з ільняных і баваўняных нітак, па краях аздабляюць шматколерным вышытым гладдзю арнаментам (выявы букстаў, ваз, гірляндаў кветак і інш.). Бываюць звычайныя і з прышытымі па канцах вузейшымі кавалкамі палатна. Звычайныя ткуць у 3 ніты арнаментам «у коскі», канцы аздабляюць мохрыкамі ці паскамі карункаў (плеценыя з нітак асновы або вязаныя з белых баваўняных). У арнаментыцы пашыраны палоскі: вузкія папярочныя, адзінкавыя ці згрупаваныя па некалькі (чырвоныя, чырвона-блакітныя, шэра-белыя), а таксама падоўжныя і папярочныя, якія ўтвараюць буйнарапортную клетку. Ручнікі з прышытымі канцамі ткуць у 2 ніты, асн. (шырэйшую) частку аздабляюць гладкімі ці ўзорыстымі палосамі геам. арнаменту, канцы — дробна-ажурнымі вузельчыкавымі карункамі, плеценымі з суканых нітак асновы, вышытым крыжыкам арнаментам антрапаморфнага, зааморфнага, расліннага характару, выкананым чырвонымі і чорнымі ніткамі бавоўны-горынь. Шырока выкарыстоўваюцца ў афармленні інтэр’ераў хат, традыц. абрадах, служаць узорамі пры распрацоўцы сувенірных вырабаў.

М.​Ф.​Раманюк.

Пінска-Івацэвіцкія ручнікі 1-я пал. 20 ст.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

панажы́, ‑оў; адз. понаж, ‑а.

Спец. Прылада ў ткацкім станку ў выглядзе дзвюх або некалькіх дошчачак пад кроснамі, пры дапамозе якіх нагамі прыводзяцца ў рух ніты. Скоранька ходзяць пад босымі нагамі пакажы ды лоўка снуецца ў пражы хадун-чаўнок. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ко́тачкі ’прадаўгаватыя брускі, на якія падвешваюцца ніты ў кроснах’ (Сцяшк.). Гл. каты.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лісі́чка2 ’адно з калёсікаў, на якія чапляюцца ніты’ (браг., Нар. сл.). Да лісіца1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)