нітра́ты, -аў, адз. нітра́т, -у (спец.).

1. Солі і эфіры азотнай кіслаты, якія выкарыстоўваюцца ў тэхніцы, медыцыне, а таксама (солі) як угнаенне.

2. толькі мн. Пра солі азотнай кіслаты ў злаках, садавіне, гародніне, калі яны перавышаюць дапушчальную норму (разм.).

Н. шкодныя для здароўя.

|| прым. нітра́тны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ля́піс ’нітрат срэбра, які выкарыстоўваецца ў якасці процізапаленчага сродку (для прыпякання)’ (ТСБМ). Запазычана з польск. lapis ці з рус. ля́пис, якія з лац. lapis ’камень’ (SWO, 1980, 419).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НІТРАБАРЫ́Т,

мінерал класа нітратаў; нітрат барыю, ці барыевая салетра, Ba(NO3)2. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі актаэдрычнага габітусу. Утварае двайнікі па шпінелевым законе. Бясколерны. Шчыльн. 3,24 г/см³. Добра раствараецца ў вадзе. Найб. радовішчы ў Чылі. Гл. таксама Салетры.

т. 11, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нітраці́н

(ад нітрат)

содавая салетра, мінерал бясколерны, белы, чырвоны або жаўтаваты са шкляным бляскам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕНГА́ЛЬСКІ АГО́НЬ (ад назвы гіст. вобл. Бенгалія ў Індыі),

піратэхнічная сумесь рэчываў, гарэнне якой адбываецца з раскідваннем зіхатлівых іскраў. Мае ў сабе нітрат барыю (акісляльнік), парашок алюмінію ці магнію, жал. ці стальныя апілкі (гаручае) і дэкстрын ці крухмал (цэментавальнік). Звычайна наносяць на метал. дрот.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​−, другасныя [R2NH2]​+X​−, трацічныя [R3NH]​+X​− і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​−, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​−, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Nitrát n -(e)s, -e хім. нітра́т, соль азо́тнай кіслаты́

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

НІТРАФО́С, нітрафасфат,

падвойнае грануляванае комплекснае ўгнаенне. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і дыгідраортафасфат NH4H2PO4; мае 21—23% азоту і да 20% (у пераліку на P2O5) фосфару. Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем канцэнтрату апатыту ці фасфарытаў азотнай к-той з далейшай нейтралізацыяй растворам аміяку. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў як асн. і прыпасяўное ўгнаенне і для падкормкі розных с.-г. культур.

Р.​У.​Васілюк.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРЫФІКА́ЦЫЯ (ад нітр + лац. facere рабіць),

працэс акіслення біялагічнага злучэнняў азоту з утварэннем неарган. солей. Завяршае мінералізацыю арган. злучэнняў, пачатую аманіфікацыяй. У прыродзе адбываецца ў глебе, вадзе і арган. рэштках пры добрай аэрацыі. У асяроддзі, блізкім да нейтральнага (pH 5—9), ажыццяўляецца аўтатрофнымі нітрыфікуючымі бактэрыямі, у кіслым з прыгнечанай аўтатрофнай мікрафлорай — гетэратрофамі (некат. грыбамі і бактэрыямі). Аўтатрофная Н. ідзе ў 2 фазы (прыблізная схема: амоній — гідраксіламін — пераксанітрыт — нітрыт; нітрыт — нітрат), якія спалучаюцца з акісляльным фасфарыліраваннем (энергія ідзе на сінтэз арган. злучэнняў з вуглекіслаты). Пры гетэратрофнай Н. акісляюцца акрамя мінеральных і арган. злучэнні азоту. Гл. таксама Дэнітрыфікацыя.

Л.​В.​Круглоў.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАФО́СКА,

складанае комплекснае ўгнаенне, якое мае азот, фосфар і калій. Асн. кампаненты — амонію нітрат NH4NO3 і фасфаты, монагідраортафасфат кальцыю CaHPO4, хларыд калію KCl.

Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе. Атрымліваюць раскладаннем прыродных фасфатаў азотнай к-той ці яе сумессю з інш. к-тамі (фосфарнай, сернай) з далейшай нейтралізацыяй прадуктаў растворам аміяку і дабаўленнем КСІ перад грануляваннем і высушваннем. Вырабляюць Н. карбанатную, сернакіслотную і фосфарнакіслотную, якая мае найб. колькасць (48—51%) пажыўных элементаў, а доля водарастваральных фасфатаў у ёй перавышае 50% іх агульнай колькасці. Выкарыстоўваюць на глебах усіх тыпаў пад розныя с.-г. культуры як асн. ўгнаенне і для падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)