нія́кі, ‑ая, ‑ае, займ. адмоўны.
1. Які б ні быў; ніводны (ужываецца ў адмоўных сказах). Нявідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі. Колас. Ніякая работа, калі яна работа, не бывае марнаю. Мы не даробім, даробіць нехта. Арабей. Заімшэлыя сцены аселі, і вельмі можа быць, што ўжо гады два ніякая жывая душа тут не была. Чорны.
2. Разм. У спалучэнні з часціцай «не» ужываецца для адмаўлення якасці, уласцівасці ў значэнні: зусім не. — Ніякі я не піяніст, проста аматар музыкі, — адказаў на маё пытанне Платон Іванавіч. Пальчэўскі. Ён быў ніякі не стары, гэты балбатлівы шавец, яму, напэўна, і за сорак яшчэ не пераваліла. Васілёнак.
•••
Ніякі род гл. род.
Без нічога ніякага гл. нішто 1.
Не вытрымліваць ніякай крытыкі гл. вытрымліваць.
Ніякім чынам гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)