рагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; заг. рагачы; незак.

1. Гучна, нястрымана смяяцца. — Га-га-га! — не ў сілах стрымацца ад смеху, рагатаў на ўвесь голас Ціт Сямёнавіч Дрозд. Краўчанка. Тата казытаўся вусамі і рагатаў, падкідаючы Даніна на руках... Брыль.

2. Абл. Іржаць (пра коней). А ў хляве рагоча конік, мой пястун! Гурло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гагата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.

1. Абзывацца крыкам, падобным на гукі «га-га-га» (пра гусей). Назаўтра раніцай хлопчык прачнуўся ад шуму: на дварэ моцна гагаталі гусі, спалохана кудахталі куры. Ваданосаў.

2. Разм. Моцна, нястрымана смяяцца; рагатаць. — Эй, вы, слухайце! — крыкнуў Янка Тукала, зварачаючыся да сяброў і стараючыся іх перакрычаць. — Што вы гагочаце? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Іржа́ць ’абзывацца ржаннем (пра каня); гучна, нястрымана смяяцца, рагатаць’ (ТСБМ, Бяс., Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ), ірза́ць (Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Жд. 2), іржа́нне ’крык каня, конскі голас; гучны, нястрыманы рогат’ (ТСБМ, Нас.), ірза́ньня ’тс’ (Бяльк.). Рус. ржать, дыял. смал., зах.-бранск. иржа́ть, ирза́ть, укр. ржати, іржати, польск. rżeć, чэш. ržáti, славац. erdžať, hržať, славен. rzati, серб.-харв. р̏зати, макед. ʼржи. Ст.-слав. ръзати, ст.-рус. ръзати, ръжати. Беларуская форма з прыстаўным і‑. Прасл. *rъzati: ‑ž‑ пад уплывам форм цяп. ч. *rьžǫ. Бліжэйшыя паралелі: грэч. ἐρυγόντα, ἐρύγμηλος ’равучы’, лац. rūgiō, ‑īre, с.-ірл. rucht ’роў, выццё’, узыходзяць да і.-е. reug̑‑ (Покарны, 1, 867). Дзеяслоў гукапераймальнага характару. Гл. Праабражэнскі, 1, 201–202; Брукнер, 478; Махэк₂, 528; Фасмер, 3, 480–481. Параўн. рыкаць. Значэнне ’смяяцца’ другаснае, утворанае ад значэння ’абзывацца ржаннем (пра каня)’; параўн. аналагічную семантычную структуру слав. *regotati (гл. рагатаць). Семантычна адрозніваюцца иржа́ць ’настойліва, назойліва прасіць, патрабаваць, дабівацца’ (Нас.), ірза́ць ’дурэць, гойсаць, сваволіць’ (Юрч.). Мяркулава (Этимология, 1974, 63) звязвае гэтыя значэнні са страчаным семантычным звяном ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, вядомым шмат якім славянскім дзеясловам гукапераймальнага характару. Старая семантыка захавалася ў н.-луж. ryžaś ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’скакаць, бегаць, лютаваць’, ryžaty ’шумны, юрлівы, які знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’моцна жадаючы чаго-н., прагны да чаго.-н.’; параўн. аналагічную семантычную трансфармацыю в.-луж. rjut ’спешка; моцнае жаданне’ (*ruja ’цечка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)