ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,
від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; від падводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.Ашэйчык і С.Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).
С.А.Патрыкееў.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ спартыўнае,
від воднага спорту. Аб’ядноўвае П. на спарт. дыстанцыі, падводнае (гл. Падводны спорт), сінхроннае (гл. Плаванне сінхроннае), гульнявое, прыкладное. Састаўная ч. пяцібор’я сучаснага і інш. мнагабор’яў. П. на спарт. дыстанцыі ўключае спаборніцтвы на дыстанцыі ад 50 да 1500 м спосабамі кроль, кроль на спіне, брас, батэрфляй (дэльфін). Гульнявое П. — розныя рухомыя гульні (воднае пола і інш.). Прыкладное П. — ныранне ў даўжыню і на глыбіню, ратаванне тапельца, пераадоленне водных перашкод.
Вядома са стараж. часоў як практычнае і ваенна-практычнае умельства. Як від спорту ўзнікла на мяжы 15—16 ст., сфарміравалася да канца 19 ст. 1-ы чэмпіянат Еўропы адбыўся ў 1890. З 1896 у праграме Алімп. гульняў. Міжнар. аматарская федэрацыя П. арганізавана ў 1908, Еўрап. ліга П. — у 1924. 1-ы чэмпіянат свету праведзены ў 1973 (Бялград).
На Беларусі афіц. спаборніцтвы па П. праводзяцца з 1924. У 1936 у Мінску пабудаваны першы плавальны басейн. 1-ы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1927 (г. Гомель). У рэспубліцы працуюць каля 70 крытых плавальных басейнаў, у т. л. воднаспартыўны камбінат. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Гукаў, С.Каплякоў, А.Рудкоўская, Э.Васількова — сярэбраны і бронз. прызёр XXII Алімп. гульняў (1980), Н.Бараноўская — бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1999), І.Ларычава — чэмпіёнка СССР (1981) і інш.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)