ЭКЛЕКТЫ́ЗМ (ад грэч. eklektikos які выбірае) у архітэктуры і выяўленчым мастацтве, спалучэнне элементаў розных маст. стыляў. Узнікае звычайна ў перыяды заняпаду буйных маст. кірункаў; спрыяе зруйнаванню стэрэатыпаў, пашырэнню арсенала творчых прыёмаў і з’яўленню новых маст. кірункаў (мадэрн, разнастайныя плыні авангарду).

Э. вядомы ў познім стараж.-рым. мастацтве (камбінацыі мясц. вырашэнняў з элементамі, запазычанымі ў Грэцыі, Егіпце). Да Э. імкнуліся прадстаўнікі балонскай школы, якія лічылі, што могуць дасягнуць дасканаласці спалучэннем лепшых бакоў творчасці вял. майстроў Адраджэння. Значнае месца ў гісторыі мастацтва займае Э. архітэктуры сярэдзіны — 2-й пал. 19 ст. Выкарыстанне рознастылявых форм у Э., як правіла, носіць некрытычны характар, што выяўляецца ў неадпаведнасці аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка і яго маст. вобраза функцыян. прызначэнню, канстр. аснове. У выяўл. мастацтве Э. найб. тыповы для салоннага мастацтва. Эклектычныя тэндэнцыі пашырыліся з сярэдзіны 20 ст. ў зах.-еўрап. і амер. культуры ў сувязі са станаўленнем постмадэрнізму і модай на «рэтраспектывізм», які капіраваў розныя стылістычныя кірункі мінулага.

У архітэктуры Беларусі Э. панаваў з сярэдзіны 19 ст. З’явіліся новыя тыпы будынкаў, канстр. прыёмы і буд. матэрыялы ва ўмовах, калі маст. прыёмы класіцызму былі практычна вычарпаны. Вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў будынкаў характарызаваліся дэкаратыўнасцю, спалучэннем рознастылявых (готыка, барока, мадэрн, неабарока і інш.) форм і элементаў. Сярод помнікаў Э.: Віцебскі Варварынскі касцёл, Галавічпольская сядзіба, Добрушская папяровая фабрыка, Магілёўскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Чырвонабярэжская сядзіба, Петрапаўлаўскі касцёл у в. Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., палац у в. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Эклектычнасцю арх. вырашэнняў вызначаюцца горадабуд. структуры канца 19 — пач. 20 ст.: забудовы вуліц Леніна і Савецкай у Гомелі, Ажэшкі ў Гродне і інш. Архітэктура 1940—50-х г. арыентавалася на традыц. прыёмы рэнесансу і класіцызму (забудова ч. праспекта Ф.​Скарыны ў Мінску). Э. часткова закрануў катэджнае буд-ва канца 1980 — пач. 1990-х г.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Эклектызм. Будынак папяровай фабрыкі ў г. Добруш Гомельскай вобл.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)