МАРКЕ́ ((Marquet) Альбер) (27.3.1875, г. Бардо, Францыя — 14.6.1947),
французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1895—98) у Г.Маро. У ранні перыяд зазнаў уплыў мадэрну (афармленне Сусв. выстаўкі ў Парыжы, 1900). У 1905—07 прымыкаў да фавізму («Кірмаш у Гаўры», «Пляж у Сент-Адрэс», «14 ліпеня ў Гаўры», «Сяржант каланіяльных войск»). Пазней пісаў пейзажы, адметныя лаканізмам малюнка, спакойнай яснасцю кампазіцыі, зладжанай гамай лёгкіх валёрных тонаў з выразнымі колеравымі акцэнтамі: «Гамбургскі порт», «Везувій», «Марына (Неапаль)» (усе 1909), «Нотр-Дам зімой», «Дажджлівы дзень у Парыжы» (абодва 1910), «Мост Сен-Мішэль» (1912), «Бужы» (1925), «Порт Гаўр» (1934), «Парыж уначы» (1938), «Набярэжная Канці ў снезе» (1947) і інш. Ствараў таксама партрэты, літаграфіі, малюнкі, кніжныя ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗУ́ВІЙ (Vesuvio),
дзеючы вулкан на Пд Італіі, паблізу г.Неапаль. Выш. 1277 м. Утварае 3 конусы, якія нібы ўваходзяць адзін у адзін (сома). Асн. конус складзены з перапластаваных лаваў і вулканічных туфаў. Пры вывяржэнні выкідвае попел. Выхады газаў і пары. У час вывяржэння ў 79 загінулі гарады Пампеі, Геркуланум, Стабіі. Апошняе вывяржэнне 1957—59. На ніжніх ч. схілаў — сады, вінаграднікі, да выш. 800 м — хвойныя гаі. Вулканалагічная абсерваторыя. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІЛЬЯ́Н (Covihã, Covilhão, Covilham) Педра дэ, партуг. падарожнік канца 15 ст. Правёў разведку марскіх шляхоў у Індыю з партоў Усх. Афрыкі і Аравіі. У 1487 праз гарады Неапаль, Родас і Александрыя дабраўся да Адэна, потым дасягнуў Паўд.-Зах. Індыі, наведаў г. Калікут, в-аў Мадагаскар, усх.-афр. ўзбярэжжа і ў 1488 вярнуўся ў Егіпет, адкуль паслаў справаздачу на радзіму. 30 гадоў пражыў у Эфіопіі. Матэрыялы К. пакладзены ў аснову інструкцый для Васка да Гамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНВІТЭ́ЛІ ((Vanvitelli) Луіджы) (12.5.1700, г.Неапаль, Італія — 1.3.1773),
італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барока да класіцызму. У яго гал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.
Л.Ванвітэлі. Лесвіца ў Палацца Рэале ў Казерце каля Неапаля. Пачаты ў 1752.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́КТАН, Эктан (Acton) Джон Эмерык Эдуард Дальберг (Dalberg; 10.1.1834, Неапаль — 19.6.1902),
англійскі ліберальны гісторык і паліт. дзеяч. У 1859—65 член парламента, лорд. Праф. (з 1895) Кембрыджскага ун-та. Католік па веравызнанні, Актан лічыў гал. у гіст. працэсе развіццё ідэй, якія засн. на рэліг. вераванні. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі і памяркоўных рэформаў. Працы па праблемах сярэднявечча і новай гісторыі аб’яднаны ў зб-кі «Гісторыя свабоды і іншыя эцюды», «Гістарычныя эцюды і даследаванні» (абедзве 1907), «Царква і дзяржава» (1953) і інш. Ініцыятар выдання шматтомнай «Кембрыджскай новай гісторыі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАПЕ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА [назва ад стараж. наймення Неапаля — Партэнапея (грэч. Parthenopeia)]. Абвешчана ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій 22.1.1799 неапалітанскімі рэспубліканцамі, якія пры падтрымцы войск франц.Дырэкторыі скінулі манархію Бурбонаў. Урад П.р. правёў некат. прагрэсіўныя рэформы (адмяніў права першародства і замяшчэння, адм. рэформу і інш.). Франц. войскі пасля паражэння ад аўстрыйцаў выйшлі з П.р.; сілы рэспубліканцаў былі разбіты арміяй кардынала Ф.Руфа, якая пры дапамозе англ. флоту захапіла Неапаль. Улада Бурбонаў была адноўлена. Урад Фердынанда IV (I) парушыў падпісаную 23 чэрв. пачэсную капітуляцыю, якая гарантавала рэспубліканцам жыццё, і ўчыніў над імі расправу.
італьянскі дырыжор. З 1969 дырыжор опернага «Тэатра камунале» ў Фларэнцыі. У 1967—82 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік фестывалю «Фларэнтыйскі музычны май». У 1973—83 кіраўнік Лонданскага, у 1980—93 — Філадэльфійскага сімф. аркестраў, з 1986 — т-ра «Ла Скала». Удзельнік Зальцбургскіх фестываляў. У рэпертуары оперы італьян. класікаў і сімф. творы кампазітараў 20 ст. Адточаны густ, пачуццё стылю, яскравы тэмперамент вылучаюць яго інтэрпрэтацыі твораў Б.Брытэна, Г.Петрасі, Л.Далапікалы, К.Орфа, І.Стравінскага, Дз.Шастаковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІГАНО́ ((Vigano) Сальваторэ) (25.3.1769, г.Неапаль, Італія — 10.8.1821),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.Бетховена, Дж.Расіні, В.А.Моцарта, І.Гайдна, Г.Спанціні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́НА ((Marino) Джамбатыста) (18.10.1569, г.Неапаль, Італія — 25.3.1625),
італьянскі паэт; адзін з заснавальнікаў і буйнейшых прадстаўнікоў барока ў л-ры, Пачынальнік марынізму. Аўтар зб-каў «Ліра» (1614), «Валынка», «Галерэя» (абодва 1620), паэмы ў 20 песнях «Адоніс» (1623), паэмы ў актавах «Вынішчэнне немаўлят» (выд. 1633), зб. эсэ-варыяцый на біблейскія тэмы «Пропаведзі» (1614), «Пісьмаў» (выд. 1966). Яго паэзія адметная яркай жывапіснасцю і пачуццёвасцю, меладычнасцю і складанай метафарычнасцю; у прозе імкнуўся паказаць узаемасувязі і адзінасутнасць усіх мастацтваў.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНКАВА́ЛА ((Leoncavallo) Руджэра) (25.4.1857, г.Неапаль, Італія — 9.8. 1919),
італьянскі кампазітар, піяніст, педагог. Д-р л-ры (1878). Скончыў кансерваторыю ў Неапалі па класах кампазіцыі і фп. (1874). Вывучаў л-ру ў Балонскім ун-це. Выкладаў спевы ў краінах Еўропы і Егіпце. Вяршыня яго творчасці — опера «Паяцы» (паст. 1892) — класічны ўзор муз.верызму. Сярод інш. твораў: оперы «Багема» (паст. 1897), «Заза» (паст. 1900), «Цыганы» (паст. 1912), «Цар Эдып» (паст. 1920), аперэта «Каралева руж» (паст. 1912), якія вылучаюцца меладычным багаццем, яркай тэатральнасцю, а таксама балет «Жыццё марыянеткі», сімф. паэма «Серафіта» (1894); фп. п’есы, рамансы і інш.
Літ.:
Торадзе Г.Р. Леонкавалло и его опера «Паяцы». М., 1960.