АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ

(United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),

спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.

Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».

Літ.:

Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.

Л.В.Паўлава.

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

на́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Гістарычна ўстойлівая супольнасць людзей, якая ўтвараецца ў працэсе фарміравання агульнасці іх тэрыторыі, эканамічных сувязей, літаратурнай мовы, асаблівасцей культуры і духоўнага аблічча.

Права нацый на самавызначэнне.

2. У некаторых спалучэннях: краіна, дзяржава.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

аб’ядна́ны, -ая, -ае.

Сумесны, злучаны.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

Аб’яднаныя дзеянні ўсіх прагрэсіўных сіл.

|| наз. аб’ядна́насць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

на́ция на́цыя, -цыі ж.;

равнопра́вие на́ций раўнапра́ўе на́цый;

Организа́ция Объединённых На́ций Арганіза́цыя Аб’ядна́ных На́цый.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

этнані́міка, -і, ДМ -міцы, ж.

Раздзел анамастыкі, які вывучае назвы нацый, народаў, народнасцей, плямёнаў і г.д.

|| прым. этнанімі́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

АА́Н ж. (Арганіза́цыя Аб’ядна́ных На́цый) ОО́Н (Организа́ция Объединённых На́ций)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вялікадзяржа́ўны, -ая, -ае.

Уласцівы вялікай дзяржаве, прасякнуты непавагай да малых нацый і народнасцей.

Вялікадзяржаўны шавінізм — ідэалогія і палітыка прадстаўнікоў пануючай нацыі, якія аб’яўляюць сваю нацыю вышэйшай сярод іншых.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

суверэ́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан суверэннага. Суверэннасць нацый.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

UN [ˌju:ˈen] (скар. ад United Nations) ААН, Арганіза́цыя Аб’ядна́ных На́цый

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

падапе́чны, -ая, -ае (афіц., разм.).

Які знаходзіцца пад чыёй-н. апекай.

Падапечнае дзіця.

Паклапаціцца пра сваю падапечную (наз.). Падапечная тэрыторыя (уключаная ў міжнародную сістэму апекі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)