наро́днік, ‑а, м.

Паслядоўнік народніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Vólkstümlerbewegung f - наро́дніцтва (у дарэвалюцыйнай Расіі)

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

БАРАНЦЭ́ВІЧ Казімір Станіслававіч (3.6.1851, С.-Пецярбург — 26.7.1927),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў і апавяданняў (зб-кі «Пад прыгнётам», 1883; «Абарваныя струны», 1886; «Маленькія апавяданні», 1887), раманаў «Раба» (1887), «Змагары» (1896), «Хворая кроў» (1900), у якіх адлюстраваў жыццё абяздоленых гараджан. Творы Баранцэвіча прасякнуты ідэямі народніцтва. У маст. манеры адчуваецца ўплыў Ф.​М.​Дастаеўскага і А.​П.​Чэхава.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬЯ́НАЎ Аляксандр Ільіч (12.4.1866, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 20.5.1887),

дзеяч рэв. народніцтва ў Расіі. Старэйшы брат У.Л.Леніна. З 1883 студэнт Пецярб. ун-та. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў «Тэрарыст. фракцыі партыі «Народная воля» (1886). Арыштаваны і пасля суда павешаны разам з інш. ўдзельнікамі падрыхтоўкі няздзейсненага замаху на цара Аляксандра III (гл. «Першасакавікоўцы»).

т. 16, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦО́Ў Васіль Паўлавіч (літ. псеўданім В.В.; 1847, г. Екацярынаслаў — 9.12.1918),

рускі эканаміст, сацыёлаг і публіцыст, ідэолаг ліберальнага народніцтва. У працах «Лёс капіталізму ў Расіі» (1882), «Прагрэсіўныя плыні ў сялянскай гаспадарцы» (1892) і інш. ацэньваў развіццё капіталізму ў Расіі як з’яву шкодную, рэгрэсіўную, ідэалізаваў сял. абшчыны, абараняў дробную таварную вытворчасць. Лічыў немагчымай рэалізацыю ідэй марксізму ў Расіі.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЭЛЬСО́Н Мікалай Францавіч (26.1.1844, Масква — 3.7.1918),

расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з тэарэтыкаў ліберальнага народніцтва. Скончыў Пецярбургскае камерцыйнае вучылішча (1862). Сябар Г.А.Лапаціна. Перапісваўся з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам, забяспечваў іх л-рай і звесткамі па эканоміцы Расіі. У 1870 арыштаваны па справе С.Г.Нячаева. Завяршыў (разам з М.​М.​Любавіным) пачаты Лапаціным пераклад на рус. мову 1-га т. «Капіталу» Маркса (выдадзены ў 1872), пераклаў 2-і (1885) і 3-і (1896) тамы. Гал. праца — «Нарысы нашай парэформеннай гаспадаркі» (1893), у якой спалучаны марксісцкія і народніцкія ідэі.

т. 6, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНКІ́ (Blanqui) Луі Агюст (7.2.1805, Пюжэ-Тэнье, каля г. Ніцца, Францыя — 1.1.1881),

французскі рэвалюцыянер, камуніст-утапіст. Удзельнік рэвалюцыі 1830 і 1848. У 1835—39 арганізатар і кіраўнік тайных гурткоў «Т-ва сем’яў» і «Т-ва пораў года». У 1839 і 1870 беспаспяхова спрабаваў ажыццявіць пераварот у Францыі. Двойчы прыгавораны да смерці, 37 гадоў быў зняволены. Стваральнік канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту; лічыў, што будучаму грамадству павінен папярэднічаць перыяд дыктатуры групы рэвалюцыянераў, якія шляхам адукацыі прывядуць народ да камунізму. Бланкізм зрабіў уплыў на рэв. рух інш. краін, у т. л. Расіі (гл. Народніцтва). Асн. твор. — «Сацыяльная крытыка» (т. 1—2, 1885).

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЕ́НКА Сяргей Мікалаевіч (1.2.1847, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.6.1906),

расійскі публіцыст, рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1867). У 1873—83 на старонках час. «Отечественные записки» распрацоўваў праграму і тактыку народніцтва, адстойваў прынцып вярх. права народа на зямлю, прапагандаваў кааператыўныя прадпрыемствы, здольныя канкурыраваць з капіталіст. вытв-сцю. З 1876 чл. «Народнай волі». У 1884—90 у ссылцы ў Вяцкай і Табольскай губ. У 1891—95 рэдактар час. «Русское богатство», у 1896—97 — «Новое слово», дзе прапагандаваў «малых спраў тэорыю». Аўтар успамінаў пра І.​С.​Тургенева і М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕГА́ЛЬНЫ МАРКСІ́ЗМ»,

ідэйна-палітычная плынь рас. інтэлігенцыі ў 1890-я г. Прадстаўнікі «Л.М.» (П.Б.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскі, С.М.Булгакаў і інш.), выступаючы ў легальных часопісах «Новое слово» (1894—97), «Жизнь» (1897—1901), «Начало» (1899) і інш., выкарыстоўвалі палажэнні марксісцкай эканам. тэорыі для абгрунтавання развіцця капіталізму ў Расіі як прагрэсіўнай з’явы, але адмаўлялі ці рэвізавалі марксісцкую рэв. тэорыю. Яны выступалі супраць самадзяржаўя, за дэмакр. свабоды, развівалі ліберальныя тэорыі сац. рэфармавання капіталіст. грамадства. У сярэдзіне 1890-х г. разам з сацыял-дэмакратамі змагаліся супраць народніцтва і інш. тэорый, якія адмаўлялі капіталіст. шлях развіцця Расіі. З канца 1890-х г. перайшлі ад марксізму да лібералізму, іх лідэры сталі ядром партыі кадэтаў.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (УПСР),

палітычная партыя на Украіне ў 1917—21. Аформілася ў крас. 1917 шляхам аб’яднання ўкр. груп і гурткоў, што вылучыліся з рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Праграма спалучала ідэі народніцтва і ўкр. нац. дзяржаўнасці. Друкаваны орган газ. «Боротьба» («Барацьба»). Лідэр УПСР М.С.Грушэўскі да крас. 1918 узначальваў Укр. цэнтральную раду, дзе эсэры мелі значную колькасць месцаў. УПСР ініцыіравала Брэсцкае пагадненне рады з дзяржавамі герм.-аўстр. блоку (9.2.1918). У маі 1918 ад яе адкалолася левае крыло, якое ўтварыла партыю барацьбістаў. З ліст. 1918 уваходзіла ва Укр. дырэкторыю (гл. Украінскай дырэкторыі ўрад). Распалася неўзабаве пасля заканчэння грамадз. вайны і інтэрвенцыі.

т. 16, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)