КАРТЫЗО́Н,

стэроідны гармон пазваночных, які выпрацоўваецца карой наднырачнікаў. Адносіцца да групы глюкакартыкоідаў, рэгулюе вугляводны абмен, выклікае павелічэнне глюканеагенезу (змяншае распад вугляводаў і стымулюе распад бялкоў). Мае процізапаленчыя, антытаксічныя і антыалергічныя ўласцівасці. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫСО́НАВА ХВАРО́БА, бронзавая хвароба,

хвароба, абумоўленая двухбаковым пашкоджаннем кары наднырачнікаў, зніжэннем утварэння гармонаў (картызону, альдастэрону). Названа па прозвішчы англ. ўрача Т.​Адысана, які ўпершыню яе апісаў (1849). Развіваецца марудна, часцей у 30—50 гадоў, пры пашкоджанні наднырачнікаў туберкулёзам, амілаідозам, пры кровазліцці, пухлінах і метастазах у наднырачнікі, аўтаімунных пашкоджаннях. Бываюць сямейныя (спадчынныя) формы. Характарызуюцца адынаміяй, агульнай слабасцю, павышанай стамляльнасцю, пахудзеннем, а таксама зніжэннем памяці, аблысеннем, паніжэннем т-ры, гіпатаніяй, парушэннем менструальнага цыкла, зніжэннем патэнцыі, узроўню натрыю і хларыдаў у крыві, павышанай колькасцю калію. Асноўная прыкмета хваробы — гіперпігментацыя скуры (цёмная, бронзавая афарбоўка, колер загару). Сустракаюцца атыпічныя (сцёртыя) формы адысонавай хваробы без бронзавай афарбоўкі скуры. Лячэнне індывідуальнае (гарманальнае, дыета, вітаміны, процітуберкулёзныя сродкі).

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

глюкакартыко́іды

[ад глюко(за) + лац. cortex = кары + -оід]

лекавыя прэпараты кары наднырачнікаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КЕ́НДАЛ ((Kendall) Эдвард Калвін) (8.3.1886, г. Саўт-Норуалк, ЗША — 4.5.1972),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Калумбійскі ун-т (1910). З 1952 у Прынстанскім ун-це. Навук. працы па даследаванні гармонаў кары наднырачнікаў. Адкрыў картызон. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Т.Рэйхштэйнам, Ф.Хенчам).

Э.Кендал.

т. 8, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЦЭ́НКА—КУ́ШЫНГА ХВАРО́БА,

эндакрынная хвароба, абумоўленая пашкоджаннем гіпаталама-гіпафізарнай вобласці галаўнога мозга і другаснай гіперфункцыяй кары наднырачнікаў. Прычыны: пухліны, інфекц., запаленчыя хваробы і траўмы чэрапа. Праяўляецца атлусценнем, гіпертаніяй, гірсутызмам у жанчын, дыябетам цукровым, астэапарозам, парушэннем функцыі палавых залоз, сухасцю скуры і інш. Лячэнне: тэрапеўтычнае, рэнтгенатэрапія, хірургічнае.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кортыкастэро́іды

(ад лац. cortex, -icis = кара + стэроіды)

група стэроідаў, якія маюць уласцівасці гармонаў кары наднырачнікаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЫЭНЦЭФА́ЛЬНЫ СІНДРОМ,

гіпаталамічны сіндром, комплекс сімптомаў, абумоўленых пашкоджаннем глыбінных аддзелаў галаўнога мозга (гіпаталамуса, гіпофіза). Бывае ад інфекцый, траўмаў і пухлін галаўнога мозга, хранічных хвароб печані, нырак, страўніка і інш. Прыкметы: парушэнне сну, тэрмарэгуляцыі, тлушчавага, водна-салявога, вугляводнага і інш. відаў абмену, дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і залоз унутр. сакрэцыі — гіпофіза, палавых, шчытападобнай, наднырачнікаў, нязначныя арган. неўралагічныя сімптомы. Лячэнне тэрапеўтычнае.

Г.​Дз.​Сітнік.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гіпафункцыя 8/484

- » - кары наднырачнікаў 5/464

- » - шчытападобнай залозы 2/574

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОРАДРЭНАЛІ́Н, норэпінефрын,

біялагічна актыўнае рэчыва з групы катэхаламінаў, нейрагармон. Утвараецца ў клетках мазгавога слоя наднырачнікаў і ў нерв. сістэме чалавека і пазваночных жывёл, з’яўляецца перадатчыкам (медыятарам) нерв. ўзбуджэння. Біяхім. папярэднік адрэналіну.

Атрымліваюць сінт. шляхам. Стымулюе скарачэнні сэрца, расслабляе мускулатуру бронхаў, уплывае на абмен рэчываў. Сакрэцыя Н. ўзмацняецца пры стрэсе, фіз. нагрузках і інш. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры зніжэнні артэрыяльнага ціску. калапсе, страце крыві, шоку.

т. 11, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)