АМЁБІЯЗ, амёбная дызентэрыя,

хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

На́вар ’двор для скаціны’ (Бяльк.). Да вор ’загарадка, агароджа’, утворана хутчэй за ўсё з першапачатковага прыназоўнага словазлучэння на вор, гл. у Бялькевіча навыр ’пад карову, даіць карову (і на двор)’. Паралельна да надворак ’двор’, параўн. ворак ’двор для скаціны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),

крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.

Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.

Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.

П.​Л.​Новікаў.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Надво́р’е1 ’месца па-за жылымі пабудовамі; дворышча’ (Нас., Яшк., Федар.), параўн. укр. надвірʼя, рус. надворье, польск. nadworze, чэш. nádvoři — усё да надвор ’вонкі, не ў памяшканні’ (месца), гл. двор, надворак.

Надвор’е2 ’чыстае паветра, пагода’ (Нас.), ’надвор’е’ (Сл. ПЗБ, ТС), надворʼя ’надвор’е, пагода’ (Бяльк.), рус. надворье ’тс’. Да надвор ’вонкі, не ў памяшканні’ (стан паветра і інш.), гл. двор.

Надвор’е3 ’медыц. стул’ (ТС). Эўфемізм, да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)