ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
т. 6, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦІ́СТЫЯ РЫ́БЫ (Teleostei),
надатрад прамянёвапёрых рыб. Каля 40 атр., 420 сям., каля 20 тыс. сучасных відаў. Жывуць амаль ва ўсіх марскіх і прэсных вадаёмах. Вядомы з сярэдняга трыясу (каля 215 млн. гадоў назад), з верхняга мелу (каля 80 млн. гадоў назад), дамінуюць сярод рыб (больш за 90% усіх відаў).
Даўж. ад 7 мм (некат. бычкі) да 5 м (меч-рыба, тунцы, самы). Шкілет касцявы, пазванкі амфіцэльныя (дваякаўвагнутыя), луска касцявая—цыклоідная (гладкая) або ктэноідная (з шыпікамі), у некат. яе няма. Брушныя плаўнікі абдамінальныя (на бруху), таракальныя (на грудзях) або югулярныя (на горле). Хваставы плаўнік звычайна гомацэркальны (раўналопасцевы). У плаўніках калючкі (у вышэйшых К.р.). Плавальны пузыр (бывае недаразвіты) закрыты або праз канал можа быць звязаны са страваводам. Ёсць цыбуліна аорты, артэрыяльны конус захоўваецца толькі ў найб. стараж. форм. Раздзельнаполыя, некат. гермафрадыты (напр., марскія акуні). Апладненне звычайна вонкавае. Некат. К.р. жывародныя (напр., галамянка, гамбузія). Расліннаедныя і драпежнікі, ёсць паразіты (напр., некат. вугры, сомікі). Да К.р. належаць амаль усе асн. прамысл. рыбы.
т. 8, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)