АСТРАНАМІ́ЧНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ, астранавігацыя,
кіраванне рухам лятальных апаратаў на падставе аптычных вымярэнняў, візуальных назіранняў; разнавіднасць касмічнай навігацыі і паветранай навігацыі. Метады астранамічнай навігацыі: вугламерны (вымяраюцца вуглавыя адлегласці паміж навігацыйнымі арыенцірамі, напрыклад паміж зоркай і краем планеты, паміж двума краямі планеты); зацьменняў (фіксуюцца моманты ўсходу і захаду зорак або Сонца за бачны гарызонт планеты); візіравання планетных арыенціраў (вымяраюцца моманты часу праходжання над якім-небудзь арыенцірам) і інш. Тэхн. аснову астранамічнай навігацыі складаюць секстанты, датчыкі зорак і Сонца, бартавыя вылічальныя машыны і інш.
т. 2, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ ПАВЕ́ТРАНАЯ, аэранавігацыя,
прыкладная навука пра дакладнае, надзейнае і бяспечнае ваджэнне ў паветры лятальных апаратаў (ЛА) па зададзенай аптымальнай траекторыі ва ўстаноўлены час. Вывучае і распрацоўвае метады, спосабы і сродкі (навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, навігацыйныя сістэмы), з дапамогай якіх ажыццяўляецца навігацыя. Часам пад Н.п. разумеюць толькі працэс ваджэння ЛА (самалётаваджэнне, верталётаваджэнне).
Пры Н.п. вызначаюць месцазнаходжанне (каардынаты), скорасць і напрамак руху ЛА (з выкарыстаннем палётных карт, аэралоцый, бартавых і наземных навігацыйных сродкаў — геатэхн., радыётэхн., астр., светатэхн.), чарговы пункт маршруту і метад палёту да яго. Каардынаты ЛА вымяраюць: злічэннем шляху — вылічэннем бягучых каардынат па вядомых пач. каардынатах, скорасці і напрамку руху; метадам ліній (паверхняў) становішча, заснаваным на вымярэнні з дапамогай радыёнавігацыйных сістэм фіз. або геам. велічынь, што дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне ЛА; аглядна-параўнальным метадам, які грунтуецца на параўнанні бягучых арыенціраў ці параметраў геафіз. палёў, з тымі, што вызначаны загадзя. Палёт ЛА да чарговага пункта маршрута ажыццяўляюць 3 асн. метадамі: маршрутным, пуцявым і курсавым. Дакладны палёт ЛА па зададзеным маршруце ў любых умовах надвор’я забяспечваецца навігацыйнымі сродкамі, заснаванымі на розных прынцыпах і канструкцыйна аб’яднанымі ў адзіныя навігацыйныя комплексы. Перспектыўнае выкарыстанне спадарожнікавых радыёнавігацыйных сістэм (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы).
Літ.:
Воздушная навигация: Справ. М., 1988;
Селезнев В.П. Навигационные устройства. 2 изд М., 1974;
Авиационная радионавигация: Справ. М., 1990.
В.В.Латушкін, П.М.Шумскі.
т. 11, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ КАСМІ́ЧНАЯ,
кіраванне рухам касмічнага апарата. Уключае вызначэнне траекторыі, прагназаванне руху, правядзенне разлікаў, неабходных для карэкцыі ці змены траекторыі касм. апарата, а таксама кіраванне яго рухам (аўтаматычнае або непасрэдна касманаўтамі) пры стыкоўцы, пасадцы, узлёце і інш.
У залежнасці ад тыпу навігацыйных прылад Н.к. падзяляецца на астранамічную навігацыю, радыёнавігацыю і інерцыяльную навігацыю (вызначэнне руху касм. апарата на актыўным участку палёту пры дапамозе ўстаноўленых на ім акселерометраў). Бывае неаўтаномная (праводзіцца пры дапамозе наземных сродкаў) і аўтаномная (праводзіцца на борце касм. апарата; яе роля павялічваецца з ростам працягласці і далёкасці палётаў). Асаблівасць Н.к. у тым, што месца старту (Зямля, Месяц і інш.) і месца прызначэння (планеты і іх спадарожнікі, каметы, астэроіды і інш.) з’яўляюцца рухомымі целамі, якія абарачаюцца па сваіх арбітах.
Літ.:
Шебшаевич В.С. Введение в теорию космической навигации. М., 1971.
У.С.Ларыёнаў.
т. 11, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
трансаркты́чны, -ая, -ае.
Звязаны са зносінамі цераз арктычную вобласць.
Трансарктычная навігацыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
навига́ция навіга́цыя, -цыі ж.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
аэранавіга́цыя, -і, ж.
Навука аб метадах і сродках ваджэння лятальных апаратаў па намечаным шляху; паветраная навігацыя.
|| прым. аэранавігацы́йны, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
трансаркты́чны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны са зносінамі цераз арктычную вобласць. Трансарктычная навігацыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
sailing [ˈseɪlɪŋ] n.
1. пла́ванне, марапла́ванне
2. навіга́цыя
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
аэранавіга́цыя, ‑і, ж.
Навука аб ваджэнні лятальных апаратаў па намечаным шляху, паветраная навігацыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)