машына для перамяшчэння кармоў (сцябліністых, сыпкіх, фармаваных, сухіх, сакавітых, вадкіх) і запаўнення імі кармушак на жывёла- і птушкагадоўчых фермах. Кармы для раздачы бяруць з кормапрыгатавальных машын.
Асн. вузлы Р.к. — бункер-сілкавальнік і кормападавальныя транспарцёры. Стацыянарныя Р.к. бываюць мех. (стужачныя, скрабалкавыя, тросашайбавыя, шнэкавыя), пнеўматычныя і гідраўлічныя. Яны непасрэдна звязваюць кармасховішчы, кармацэхі з кармушкамі ці загружаюцца з мабільных сродкаў дастаўкі кармоў. Мабільныя Р.к. (прычапныя, навясныя, паўнавясныя) перамяшчаюцца трактарамі, аўтамабілямі, акумулятарнымі цягачамі па-за памяшканнем (у поле, да сховішчаў, кармацэхаў) і ўнутры ферм, прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці ці электрарухавіка. Для раздачы кармоў выкарыстоўваюцца таксама падвесныя (манарэйкавыя) дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАКАПА́ЛКА,
машына для выкопвання бульбы, аддзялення яе ад зямлі і бацвіння. Бываюць: элеватарнага, грохатнага і шпурляльнага тыпаў; двух- і аднарадковыя; з пасіўнымі падкопвальнымі лемяшамі, актыўным падкопвальным ротарам і камбінаваныя. Пасля бульбакапалкі клубні падбіраюцца ўручную.
Бульбакапалка элеватарнага тыпу маюць прутковыя элеватары, якія разрыхляюць і прасейваюць глебу, а клубні і бацвінне скідваюць на зямлю. У шпурляльных бульбакапалках лямеш падкопвае радок, а ротар падхоплівае выкапаную масу і ўкладвае яе на поле. Прадпрыемствы Беларусі («Лідсельмаш») выпускаюць бульбакапалкі элеватарнага і шпурляльнага тыпаў, навясныя і паўнавясныя, двухрадковыя. Розныя іх мадыфікацыі (КТН-2В, Л-262, КТН-1Б і інш.) прыстасаваны да работы на розных тыпах глебаў, у т. л. камяністых і пераўвільготненых. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь». Прадукцыйнасць 0,4—0,9 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАРЭ́ЙКАВАЯ ДАРО́ГА,
транспартная сістэма, у якой пасажырскія вагоны або грузавыя ваганеткі перамяшчаюцца па рэйцы-бэльцы (манарэйцы), устаноўленай на эстакадзе ці асобных апорах. Бываюць навясныя, у якіх вагоны абапіраюцца на хадавыя цялежкі, і падвесныя — падвешаны на цялежках да манарэйкі.
Умяшчальнасць вагонаў 60—120 чал. Скорасць да 240 (часам да 500) км/гадз. Грузападымальнасць ваганетак 0,5—5 т, скорасць 2—4 (часам да 5) км/гадз, аптымальная працягласць да 1,5 км. Пасаж. М.д. выкарыстоўваюцца ў сістэмах высокаскараснога гарадскога (Манрэаль, Токіо і інш.) і міжгародняга транспарту, грузавыя — у сістэмах цэхавага або міжцэхавага транспарту прамысл. прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.
Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).
Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫ́РСКВАЛЬНІК,
машына для апырсквання раслін растворамі, суспензіямі ці эмульсіямі ядахімікатаў. Выкарыстоўваюць для барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі, пры дэфаліяцыі і дэзінсекцыі памяшканняў. Бываюць самалётныя, трактарныя (прычапныя і навясныя) і ранцавыя; гідраўлічныя і вентылятарныя.
У гідраўлічных апырсквальніках рабочая вадкасць распыльваецца фарсункамі за кошт лішкавага ціску ў гідрасістэмах. У вентылятарных вадкасць распыльваецца, акрамя фарсунак, паветраным патокам ад вентылятара. На Беларусі асвойваецца вытв-сць гідраўлічных апырсквальнікаў (ОПШ-15М) з дадатковым абсталяваннем для прыгатавання раствораў пестыцыдаў непасрэдна ў апырсквальніках.
Л.Я.Сцяпук.
Навясны універсальны апырсквальнік ОН-400.Прынцыповая схема апырсквальніка ОПШ-15М: Б1, Б2 — бакі асноўны і дадатковы; П — помпа; РЦ — рэгулятар ціску напорнай магістралі; МН — манометр; К1, К2 — калектары напорны і зліўны; Ф1, Ф2, Ф3 — фільтры; В1, В2, В3 — вентылі; УМ — узроўнямеры; КМ1, КМ2 — краны; Р — рухавік мяшалкі; Э1, Э2 — эжэктары; СЦ, СПР1, СПР2, СК1, СК2 — цэнтральная, прамежкавыя і крайнія секцыі штангі; РВ — распыляльнік; ВП — выканаўчае прыстасаванне; ДС — датчык скорасці; РМ — расходамер; БК — блок кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
трактары і аднакаўшовыя экскаватары са спец. абсталяваннем і прыстасаваннямі для выдалення пнёў, дрэў, камянёў і хмызняку. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель, расчыстцы трас у меліярац. і дарожным буд-ве.
Выпускаюцца: карчавальнікі з пярэдняй і задняй навескай рабочага органа (рамы з рухомымі і нерухомымі ікламі ці зубамі) або з прычапным карчавальным ротарам; карчавальнікі-збіральнікі з навясным абсталяваннем на гусенічны трактар (рамай з адвалам і ікламі, механізмам падрэзкі каранёў) для карчавання, зграбання і пагрузкі ў трансп. сродкі пнёў, камянёў, хмызняку пры выкананні буд. і культуртэхнічных работ; карчавальныя бароны — навясныя рамы са здымнымі карчавальнымі зубамі для карчавання пнёў, хмызняку і драбналесся; карчавальныя агрэгаты ў складзе карчавальніка, карчавальнай бараны і кустовых грабель або асобнага агрэгата з вібрацыйным рабочым органам для карчавання хмызняку і драбналесся, асобных пнёў і дрэў і зграбання іх у валкі. Гл. таксама Каменяўборачныя машыны, Кустарэз.
І.І.Леановіч.
Карчавальныя машыны: а — карчавальны агрэгат (1 — карчавальнік, 2 — трактар, 3 — гідрацыліндр кіравання карчавальнай бараной 4); б — карчавальнік-збіральнік (1 — карчавальнае прыстасаванне з клыкамі; 2, 3, 5, 6 — гідрацыліндры; 4 — трактар; 7 — механізм падрэзкі каранёў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
с.-г. машыны для ўборкі травы, нарыхтоўкі сена і сенажу.
У залежнасці ад спосабу сенаўборкі выкарыстоўваюцца: для скошвання травы — рознага тыпу касілкі; варушэння яе з мэтай больш хуткага высыхання — варушылкі (звычайна механічныя з шарнірнымі лемяшамі); зграбання сена ў валкі — граблі, падборкі сена з валкоў у копы — падборшчыкі, валакушы; транспарціроўкі копаў да месца сціртавання — капавозы (1 або 2 навясныя грабельныя рашоткі з механізмамі падымання і апускання, устаноўленыя на колавым трактары); укладкі сена ў стог і копаў на трансп. сродкі — стагакіды, прасавання сена ў цюкі (стандартныя, кароткамерныя, буйнагабарытныя) — прэс-падборшчыкі, падборшчыкі-ўкладчыкі цюкоў; загатоўкі здробненага сена — самаходныя і прычапныя камбайны, здробненае сена ад якіх дастаўляецца да месца дасушвання і захоўвання; прыгатавання травяной мукі, гранул і брыкетаў з зялёнай масы, што прывозіцца з поля — спец. памолачныя агрэгаты, гранулятары, брыкетавальнікі, інш.кормапрыгатавальныя машыны і спец. стацыянарныя тэхнал. лініі.
Літ.:
Практикум по сельскохозяйственным машинам. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЛІ,
1) прылада для зграбання сена, саломы, выграбання каласкоў і цёртай саломы з зерневай кучы і інш. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Складаюцца з галоўкі з 8—14 зубамі і гладкай ручкі (грабільна). Зубы (даўж. 7—10 см) выразалі пераважна з дубу, ясеню, грабу і забівалі ў адтуліны галоўкі. У наш час выкарыстоўваюць граблі з метал. ці пластмасавымі галоўкамі.
2) Прычапныя або навясныяс.-г. машыны для зграбання скошанай травы ў валкі, варушэння травы ў пракосах і пераварочвання валкоў для паскарэння сушкі, а таксама для зграбання саломы.
Адрозніваюць граблі: папярочныя (утвараюць валок сена ўпоперак напрамку руху агрэгата), бакавыя колава-пальцавыя (складаюцца з 2 секцый, якія пры зграбанні сена ў валок устанаўліваюць вуглом назад, пры варушэнні — вуглом уперад, пры пераварочванні працуе адна секцыя); ратацыйныя (складаюцца з 2 ротараў са зменнымі граблінамі для зграбання і пераварочвання сена, варушэння і раскідвання валкоў). Шырыня захопу да 14 м, рабочая скорасць да 12 км/гадз. Агрэгатуюцца з любым трактарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНЯЯ́РКА,
машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.
Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.
Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.