БІБЛІЯТЭ́КА ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ Акадэміі навук Літвы. Засн. ў 1941 у Вільнюсе на базе збораў евангелічна-рэфарматарскага сінода, арганізаванага ў сярэдзіне 16 ст. (захавалася каля 18 тыс.экз.), Дзярж. публічнай б-кі Урублеўскіх (засн. ў 1925, каля 180 тыс.экз.), б-кі Т-ва сяброў навук, прыватных збораў. Налічвае каля 3600 тыс.экз. (1988), у т. л. 176,3 тыс.экз. рукапісаў, 80 тыс. рэдкіх кніг і старадрукаў, 12 тыс. картаў і атласаў. У аддзеле рукапісаў 6 унікальных калекцый пергаментаў, у т. л. кірылічныя граматы (1503—1614), 22 калекцыі, створаныя пераважна дзярж. і грамадскімі ўстановамі: калекцыя рукапісаў б. Віленскай публічнай б-кі; «Барусіка»; рукапісы і дакументы з Каўнаскага гар. архіва, дзярж. ун-та; калекцыя Віленскага мастацкага музея; судовыя акты (1476—1924); матэрыялы перапісаў насельніцтва Літвы (1934—44); дакументы пра ням. Акупацыі 1915—18, 1940—44. У зборы «Рускіх рукапісных кніг» (11—19 ст.) пераважаюць стараж.бел. рукапісы, вывезеныя ў 2-й пал. 19 ст. з Супрасля, Жыровіч і інш.бел. манастыроў і цэркваў. Сярод рарытэтаў — Тураўскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі і Слуцкі паменнікі 16—17 ст., куцеінская Мінея 1669, і інш. Сярод рукапісаў Віленскай публічнай б-кі — апісанне межаў ВКЛ і Польшчы 1546, інвентар Друцкага замка 17 ст., кніга Лідскага гродскага суда 1630—31, акты па гісторыі Магілёва, фундушы, тастаменты, гісторыя берасцейскага базыльянскага манастыра да 1797, дыярыуш Сапегі 1730—31, «Кроника Витебская», зборнікі з арацыямі, актамі, гаспадарчымі і сеймавымі матэрыяламі, літ. творамі. Зберагаецца значная частка рукапісаў з Беларускага музея імя І.Луцкевіча. Захоўваюцца асн. матэрыялы пра дзейнасць рэфармац. аб’яднанняў на Беларусі і ў Літве з сярэдзіны 16 ст., каталіцкай царквы ВКЛ, асабістыя зборы бел., літ., рус., польск. вучоных і пісьменнікаў, у т. л. М.Балінскага, В.Біржышкі, У.Сыракомлі, І.Лапо і інш. Асобнымі калекцыямі зберагаюцца дакументы і матэрыялы Сапегаў, Тышкевічаў, Нарбутаў. У калекцыі кірылічных старадрукаў кн. «Лічбы» 1519 з пражскай «Бібліі» Ф.Скарыны, «Граматыка» М.Сматрыцкага (Еўе, 1619), выданні Мамонічаў, бел. брацтваў у Вільні і Еўі, Куцеінскай, Гродзенскай і Супрасльскай друкарняў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.Х.Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел.дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т.л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.
Літ.:
Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;
Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус.Мн., 1994;