БАБІ́НЕЦ,

пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).

Бабінец.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ, Маламажэйкаўская царква-крэпасць,

помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.

А.М.Кулагін.

Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.Гразноў.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мур1 ’камяніца, мураваны будынак’, ’цагляны панскі дом’, ’сцяна, агароджа з каменняў, цэглы’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Жд. 1, Грыг., Шн. 2, Федар. 1, Яруш., Сцяц., Шат., Касп., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС), ’руіны’ (шальч., Сл. ПЗБ), му́рачак ’прымурак’ (Сцяц.), мураваны ’цагляны’ (Нас., Сцяшк., Касп.), ’надзейны’ (Крыў., Дзіс.), мураваць ’будаваць з каменя або цэглы’, ’пакрываць лёдам’, мураванка ’невялікая камяніца’ (ТСБМ, Нас., Жд. 1, Шат., Юрч., Касп.; КЭС, лаг.), ’брукаваная дарога’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), ст.-бел. муръ ’цагляная або каменная сцяна’, ’будаўнічы матэрыял’, муровати ’мураваць’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mur, murować, якія з с.-в.-ням. mûre, mûren (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 97 і 93; Чартко, Пыт. мовазн., 119 і Бел. лінгв. зб., 151; Кюнэ, Poln., 79) < лац. mūrus ’сцяна, вал, ахова, драўляная вежа’.

Мур2, му́рава, му́раўка ’зялёная трава’ (Нас., Растарг., Ян., Сцяшк. Сл.), му́рава, му́раво, му́раў ’трава, якой зарастае двор’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дзірван’ (Яруш.; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), му́рова ’гладун гладкі, Herniaria glabra L.’ (жытк., Бейл.), мура́ва ’метлюжок аднагадовы, Poa annua L.’ (Гарэц.; маг., Кіс.), ’метлюжок звычайны, Poa trivialis L.’ (гродз., Кіс.), ’мурожніца, Testuca elatior L.’ (Касп., Мядзв.); брэсц., пін. ’аблог’, мін., слаўг. ’самае лепшае лугавое сена’ (Янк.), мурава́, мура́ўка ’густазялёная маладая трава’, ’сухадольная сенажаць з добрай травой’, ’газон’ (ТСБМ, Касп., Яшк., Мядзв., Др.-Падб.), мурава́нка ’хаціна, пакрытая дзірваном ці муравою’ (Нас.), муравец ’галадок аднагадовы, Scleranthus annus L.’ (маг., Кіс.; Касп.), муравы́, мураўцовы ’светла-зялёны’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Укр. мурава́, рус. мур, мура́, мурок, мура́к, муравей, мурави́на ’зялёная трава, месца, парослае ёю’, пск. ’май’, варон. ’плесень’, ст.-рус. мурава́ ’трава’; польск. muraw, murawa, murawnik, murawica, murawina, murawne ’зялёная трава, дзірван’, чэш. muravěnka ’сорт жыта’, славац. murava ’дзірван’, славен. murȃva ’мяккая трава’, mȗrava ’казлаброд, Tragopogon pratensis’, morȃvka ’купальнік горны, Arnica montana L.’, серб.-харв. му̀рава ’чарнакорань махнаты, Scorzonera villosa L.’, балг. мура́ва ’нізкая трава’. Найбліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: лат. maũrs, maura, mauriņš ’дзірван, газон, трава ля хаты, на двары’, mauragas ’ястрабок валасісты, Hieratium philosello L.’, ’падалешнік, Asarum L.’, літ. máuras ’раска малая, Lemna minor L.’ (Мацэнаўэр, 10, 349; Буга, Rinkt, 1, 468; Мюленбах-Эндзелін, 2, 569; Фасмер, 3, 10; Бязлай, 2, 207). Далей няясна. Абаеў (Studia linguistica, 8) параўноўвае слав. murava ’мурава’ з грузінск. muro‑balaxi ’сакавітая, густая трава’.

Мур3 ’зык, вэрхал, моцны крык, гармідар’ (Растарг.), бран. мур рвать ’моцна квічэць, патрабуючы корму’. Балтызм. Параўн. літ. mauróti ’раўці’.

Мур4, мурк ’пра мурлыканне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Балтызм. Параўн. літ. mur̃kti ’мурлыкаць’.

Мур5 ’міра’ (мсцісл., бых., віц., Рам. 8), му́ра ў выразе адным мурам мазаны (Нас.), рус. бран., новасіб. мур, варонеж. му́рава ’ялей, міра’, ’лампадны алей’. Да ст.-рус., ст.-слав. мѷро ’міра, націранне алеем’. Да мі́ра (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.І.Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)