му́ляр, ‑а, м.

1. Рабочы, які будуе што‑н. з каменя або цэглы. Муляр з цэглы дом кладзе, Сценка ў сценку роўныя. Астрэйка. Каб добра, якасна будаваць, трэба, каб у брыгадзе былі людзі некалькіх кваліфікацыій: цесляры, муляры, тынкоўшчыкі. Кулакоўскі.

2. Пячнік. [Вано] цэлыя дні стаяў каля муляра, які рабіў печ у хаце суседа. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛЬПЯРО́ВІЧ Леў Абрамавіч

(4.12.1874, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1913),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Вільні ў рысавальнай школе І.Трутнева, скончыў Пецярбургскую АМ (1902), вучань І.Рэпіна. З 1902 жыў у Мінску. У творчасці адстойваў прынцыпы рэалізму. Пісаў партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі («Вечар у сям’і», «Краўчыхі», «Муляры», «Партрэт бабулі», «Партрэт музыканта Жухавіцкага», «Жаночы партрэт», «Дзяўчына ў чырвоным шаліку»), блізкія да твораў перасоўнікаў. Садзейнічаў арганізацыі выстаўкі перасоўнікаў у Мінску (1899). Творы Альпяровіча найб. поўна (230 работ) былі сабраны на выстаўцы ў Мінску ў 1939.

Л.Альпяровіч. Жаночы партрэт. 1904. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сюды́, прысл.

У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.

•••

(І) туды і сюды гл. туды.

Ні туды ні сюды гл. туды.

То туды, то сюды гл. туды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́, ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.

1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.

2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.

3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».

4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.

•••

Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.

Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.

Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.

Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.

Козамі сена травіць гл. травіць.

Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)