НЕЙСЕ́РЫІ (Neisseria),

род бактэрый сям. нейсерыевых. Высокаадаптаваныя паразіты (гінуць па-за арганізмам), жывуць у верхніх дыхальных шляхах млекакормячых жывёл і чалавека. Выключэнне — патагенныя віды: ганакок (N. gonorrhoeae), узбуджальнік ганарэі, размнажаецца ў мочапалавым тракце, і менінгакок (N. meningitidis), выклікае эпідэмічны цэрэбраспінальны менінгіт.

Клеткі дыяметрам 0,5—1 мкм у форме боба ці кававага зерня, размешчаныя парамі. Грамадмоўныя. Аэробы ці факультатыўныя анаэробы. Ёсць сапрафітныя віды.

А.​І.​Ерашоў.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пахіменінгі́т

(ад гр. pachys = моцны + менінгіт)

запаленне цвёрдай абалонкі галаўнога і спіннога мозгу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лептаменінгі́т

(ад гр. leptos = далікатны + менінгіт)

запаленне мяккай мазгавой абалонкі, адна з форм менінгіту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛУХАТА́,

адсутнасць або недастатковасць слыху. Адрозніваюць прыроджаную, набытую, аднабаковую і двухбаковую глухату.

Прыроджаная бывае ад няправільнага развіцця і фарміравання вуха; можа быць ад перанесеных пры цяжарнасці вірусных хвароб, уздзеяння на арганізм цяжарнай жанчыны таксічных рэчываў. Прычыны набытай глухаты — інфекц. хваробы (менінгіт, грып, сіфіліс, адзёр і інш.), запаленне ўнутр. вуха, атыт, доўгае ўздзеянне моцных гукаў і шумаў, парушэнне кровазвароту ўнутр. вуха, уздзеянне на арганізм таксічных рэчываў. Глухата двухбаковая, прыроджаная або набытая ў раннім дзяцінстве, выклікае глуханемату. Лячэнне: хімія- і фізіятэрапія, хірургічнае. Пры няпоўнай глухаце карыстаюцца слыхавымі апаратамі.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цэрэбраспіна́льны

(ад лац. cerebrum = мозг + spinalis = хрыбетны)

які мае адносіны да галаўнога або спіннога мозгу (напр. ц. менінгіт).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КО́МА (ад грэч. kōma глыбокі сон) у медыцыне, небяспечны для жыцця стан, які характарызуецца стратай свядомасці, рэзкім аслабленнем або адсутнасцю рэакцыі на знешнія раздражненні, згасаннем рэфлексаў да поўнага іх знікнення, парушэннем глыбіні і частаты дыхання, змяненнем тонусу сасудаў, частым або запаволеным пульсам, парушэннем тэмпературнай рэгуляцыі. Развіваецца з прычыны глыбокага тармажэння ў кары галаўнога мозга, распаўсюджаннем яго на падкорку і інш. аддзелы ц. н. с., пры парушэннях кровазвароту, запаленнях (энцэфаліт, менінгіт, малярыя) у галаўным мозгу, траўмах галавы, пры атручэннях, гепатыце, дыябеце цукровым, урэміі. Этыялогія і класіфікацыя К. (паводле М.​К.​Багалепава, 1950, 1962) уключае больш за 30 відаў К.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 8, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗЁР,

вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).

Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)