прыці́шыць, ‑цішу, ‑цішыш, ‑цішыць; зак.

1. што. Зрабіць менш чутным; паслабіць, прыглушыць (гукі, гучанне і пад.). Прыцішыць радыёпрыёмнік. □ — Толькі, хлопцы, маўчок! — прыцішыў .. [Тарас Іванавіч] голас. — На вас данёс наш гад, валасны старшыня Язэп Брыль! Колас. // Прыпыніць работу (матора); прыглушыць. Машыніст прыцішыў матор, нахіліўся і спытаў: — Што? Ага.. — А ці можна там, — Варанецкі паказаў назад, — кусты зразаць? Дуброўскі.

2. што. Зменшыць хуткасць чаго‑н.; запаволіць (рух, хаду і пад.). Каля валаснога праўлення аўтамабіль прыцішыў ход і завярнуў у двор. Лобан. [Ваўчок] прыцішыў хаду, услухоўваючыся ў словы спадарожніка, якія краналі за жывое. Хадкевіч.

3. перан.; што. Разм. Паслабіць, суцішыць (якое‑н. пачуццё, адчуванне). Прыцішыць гнеў. Прыцішыць боль лякарствамі.

4. каго-што. Разм. Заспакоіць, суняць. [Авяр’ян] не раз задумваўся, што б такое зрабіць, каб .. [Грышуноў] суняць, прыцішыць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Маўчаць, мыўчаць, моўчетэ ’нічога не гаварыць, не падаваць голасу, весткі; захоўваць у таямніцы, не выказваць адкрыта сваіх думак’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; драг., КЭС), маўча́нка ’маўчанне’ (ТСБМ, Грыг., Нар. Гом.; паст., Сл. ПЗБ), ’паслухмянасць’ (Нас.); маўча́к, маўчок ’маўчанне, ні слова, ні гу-гу’, ’маўклівы чалавек’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), маўчком, моўчкам, маўчаком, моўчыкам, маўчака́, моўчака́, моўчакі, моўная, маўком ’ціха, патаемна, моўчкі, нічога не кажучы’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.), моўчыкі маўча́ць ’быць маўклівым’ (Ян.), маўчлівы, моўчліву ’маўклівы’ (Сл. ПЗБ, Яруш., ТС). Укр. мовча́ти, рус. молча́ть, молка́ть, мо́лкнуть, ст.-рус. мълчати, польск. milczeć, н.-луж. mjelcaś, в.-луж. mjelčeć, чэш. mlčeti, славац. mlčať, славен. mółčati, серб.-харв. му́чати, макед. молчи, балг. мълча, ст.-слав. мльчати. Прасл. mъlčeti (Бязлай, 2, 192), mьlčati (Трубачоў, Проблемы и.-е. языкозн., М., 1964, 101), Скок (2, 474) адносіць да асновы mьlk‑, Махэк₂ (368) — да ml̠k‑. Дакладныя роднасныя і.-е. адпаведнікі не выяўлены. Траўтман (184), Персан (BB, 19, 262), Трубачоў (там жа) збліжаюць слав. лексемы са ст.-в.-ням. motawên ’раставаць’, ірл. malcaim ’гнію’, ст.-грэч. μαλακός ’мяккі’, літ. smulkùs ’дробны’ smil̃kti ’адміраць’. Леві (IF, 32, 164), Гофман (189), Буазак (605) збліжаюць з літ. mùlkis ’дурны’ ст.-інд. mūrkhás ’дурнаваты’, ст.-грэч. μαλκή ’дубенне ад холаду’, лац. mulcēre ’гладзіць’, ’утаймоўваць’, ’цешыць’. Трубачоў (там жа, 100, 105), разглядаючы тэрміны ’маўчаць’ у і.-е. мовах, устанавіў семантычны пераход ’раставаць’ — ’маўчаць’ і паказаў генезіс і этымалагічную роднаснасць: ст.-в.-ням. molawên ’раставаць’ — слав. mьlčati; слав. tajati/taviti ’раставаць, плавіцца’ — лац. tacẽre ’маўчаць’, літ. tir̃pti ’раставаць’ — слав. tьrpĕti ’цярпець’, слав. tьlěti ’тлець’ — літ. tylė́ti ’маўчаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ні, часціца і злучн.

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў адмоўных сказах, указваючы на поўную адсутнасць чаго‑н. На небе ні хмурынкі. □ Сяло.. праехалі хутка — навокал ні душы. Ставер. — Ваша праўда, — заглянуўшы ў кабіну, механік развёў рукамі. — У баках ні кроплі гаручага! Алешка. // Узмацняе адмоўе. Раніца была сухая. Нідзе ні расінкі. Чарнышэвіч. [Міхля:] — Нідзе нікога, ні аднаго чалавека. Баранавых.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў даданых сказах, каб падкрэсліць, што дзеянне галоўнага сказа захоўвае сваю сілу пры любых абставінах. Куды ні глянь — усё сэрцу родна. Гурло. Як ні шукалі партызаны Хведара Дудзько, нідзе не знайшлі. Пестрак. [Міканор:] — Як бы ні працівіліся халады, а прырода сваё возьме. Кулакоўскі. // Узмацняе або абагульняе пры аднародных членах сказа папярэднія сцвярджальныя сказы. Тоця так і жыве з таго часу адна — ні ў жонках, ні ў дзеўках. Ракітны.

3. часціца адмоўная. Ужываецца ў спалучэнні з Р назоўнікаў у безасабовых адмоўных сказах пры катэгарычнай забароне якога‑н. дзеяння. Ні слова больш! Стой! Ні кроку ўперад. // (у спалучэнні «ні-ні»). Абазначае: а) катэгарычную забарону якога‑н. дзеяння. — Ты, Міхась, толькі — маўчок пра Валю, — сказаў Тарас, прыклаўшы палец да губ, — і пра пісьмо, што яна мне напісала, — ні-ні... Якімовіч; б) поўную адсутнасць якой‑н. дзейнасці. Лепшае каровы не было, бадай, ва ўсіх Кузьмічах.. У шкоду ні-ні. Б. Стральцоў.

4. злучн. пералічальны. Ужываецца ў адмоўных сказах пры пералічэнні: а) пры наяўнасці адмоўя. Ужо не чуваць ні стуку колаў, ні гоману. Пестрак. Не, не даедуць тыя грузавікі ні за восем гадзін, ні за восем дзён! Мележ. Ні бацька, ні брат дамоў не вярнуліся. Якімовіч; б) пры ўяўным адмоўі. Прыйшлі людзі з лесу на голае месца: ні хаты, ні хлеба, ні жывёлы, ні інвентару. Крапіва. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.

•••

Ні на ёту гл. ёта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)