АЛІ́ (Ali) Махамед [сапр. Клей (Clay) Касіус; н. 17.1.1942, г. Луісвіл, штат Кентукі, ЗША], амерыканскі спартсмен (бокс). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1960, Рым) у паўцяжкай вазе. На прафес. рынгу з 1961. Абсалютны чэмпіён свету сярод прафесіяналаў у цяжкай вазе (1964); 9 разоў адстойваў гэта званне. За адмову ваяваць у В’етнаме ў 1968 пазбаўлены чэмпіёнскага тытула. У 1974 і 1978 вяртаў званне абс. чэмпіёна свету. Удзельнік руху за грамадзянскія правы неграў.
т. 1, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБ
(сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),
заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.
т. 2, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХАБІ́ТЫ,
паслядоўнікі вахабізму — рэліг.-паліт. руху ў суніцкім ісламе, што сфарміраваўся як апазіцыя ва ўмовах тур. панавання ў Недждзе (Цэнтр. Аравія) у сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік руху — Мухамед ібн Абд аль-Вахаб (1703—87; назва вахабіты ад яго імя), які заклікаў вярнуцца да чысціні ранняга ісламу і аскетызму племяннога жыцця. Вахабіты асуджалі раскошу і бяздзейнасць уладароў султанскай Турцыі, выступалі супраць пышных культаў святых, музыкі, ужывання віна, кавы, тытуню і інш. Карысталіся падтрымкай бедуінаў. Пасля смерці аль-Вахаба рух узначаліў Махамед Сауд, які распачаў актыўную заваёўніцкую дзейнасць. Яго прыхільнікі — саудзіды падпарадкавалі сабе большую ч. Аравіі са святымі ісламскімі гарадамі Медынай (1804) і Меккай (1806). Супраць Саудзідаў выступіў егіпецкі правіцель Мухамед Алі. Саудзіды змагаліся са сваімі праціўнікамі на працягу ўсяго 19 ст. У 1902 адноўлены вахабіцкі эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе. З 1932 дзяржава Саудзідаў наз. каралеўства Саудаўская Аравія, дзе вахабізм — афіц. ідэалогія.
Літ.:
Васильев А.М. Пуритане ислама? Ваххабизм и первое государство саудидов в Аравии (1744/45—1818). М., 1967.
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)