імча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. каго-што. Хутка везці, несці каго‑, што‑н. Газік імчаў Рыбіна па ціхай лясной дарозе. Пестрак. Як поезд імчаў Сцёпку ўсё далей і далей, яго пачалі забіраць думкі аб горадзе, аб паступленні на рабфак. Колас.

2. Разм. Тое, што і імчацца. З гары ад парку порстка імчала грузавая машына. Скрыган. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспявай кіраваць вяслом. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

быстрыня́, ‑і; мн. быстрыні, ‑рынь; ж.

1. Імклівая бурная з вірамі плынь у рацэ. [Толя] сеў на лавачку кармы, адапхнуўся ад берага на быстрыню і пачаў працаваць шастом. Брыль. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспявай кіраваць вяслом. Гамолка.

2. Вялікая хуткасць, імклівасць. І раптам, падкраўшыся зусім блізка, [воўк] маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскоквае ад яго. Колас. Чуткі аб тым, што на праўленні будуць абмяркоўвацца паводзіны Змітрака Кастрыцы, абляцелі ўвесь калгас з выключнае, быстрынёй. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

łódź

ж. лодка; шлюпка;

łódź podwodna — падводная лодка;

łódź ratunkowa — выратавальныя шлюпка;

łódź motorowa — маторная лодка; маторка;

łódź żaglowa — паруснік;

płynąć łodzią (w łodzi) — плысці лодкай (у лодцы);

wsiadać do łodzi (na ~) — сядаць у лодку

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

лодка, човен / з плоскім дном: пласкадонка / выдзеўбаная: доўбленка / абшываная: абшыванка / пераважна на моры: шлюпка / спартыўная: байдарка, каноэ / шматвёсельная: баркас / для перавозу грузаў: барка / вузкая няўстойлівая: душагубка (разм.) / маторная: маторка (разм.); чайка (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

кірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. кім-чым. Карыстаючыся прыборамі, рычагамі і пад., рэгуляваць ход, рух, работу каго‑, чаго‑н. Кіраваць машынай. Кіраваць канём. □ Вадзік трымаў у руках вудачкі, Сашка кіраваў лодкай. Гамолка. // Рабіць уплыў на развіццё чаго‑н., на ход якога‑н. працэсу. — Не можам кіраваць сонечным святлом, дык трэба кіраваць зямлёю. Кулакоўскі. / Пра сродкі кіравання чым‑н. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспяваў, кіраваць вяслом. Гамолка.

2. кім-чым. Быць на чале чаго‑н., накіроўваць дзейнасць каго‑, чаго‑н. Кіраваць дзяржавай. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Накіроўваць чые‑н. ўчынкі, дзеянні, быць пабуджальнай прычынай, пачаткам чаго‑н. Пачуццё любві да роднай зямлі кіравала аўтарам, калі ён выступіў з крытыкай побыту і нораваў польскіх магнатаў, шляхты і іх абслугі. Казека. // Разм. Мець уладу над кім‑н., распараджацца кім‑н. Зараз жа знайшоў [Крушынскі] тлумачэнне: «Жонка кіруе старым...». Бядуля. // Дырыжыраваць хорам, аркестрам. Кіраваць аркестрам.

3. Разм. Тое, што і кіравацца (у 2 знач.). Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Асіпенка.

4. каго-што. Разм. Паказваць каму‑, чаму‑н. пэўны напрамак; накіроўваць. Праз рачныя броды Кіраўнік атрада Кіруе падводы. Куляшоў.

5. чым. У граматыцы — патрабаваць пасля сябе пэўнага ўскоснага склону. Пераходныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)