філасофска-гістарычныя і сацыялагічныя канцэпцыі, якія разглядаюць «масавасць» у якасці вызначальнай характарыстыкі ўсіх працэсаў у грамадстве і даюць вытлумачэнне яго спецыфікі. Паводле гэтых канцэпцый, аб’ектыўнымі перадумовамі станаўлення М.г. сталі індустрыялізацыя і урбанізацыя, стандартызацыя вытв-сці і масавае спажыванне, вял. пашырэнне масавай культуры, сродкаў масавай камунікацыі і інфармацыі. У гіст. аспекце вылучаюць некалькі канцэпцый М.г. Элітарная (Х.Артэга-і-Гасет, О.Шпенглер, Г.Лебон, Г.Тард і інш.), у якой маса разглядаецца як «натоўп», што імкнецца заняць месца эліты — прыроднага лідэра. Настойлівае жаданне аморфнай масы кіраваць грамадствам, навязваць яму свой густ і норавы параджае аўтарытарызм, беззаконне, прыводзіць да ўзнікнення дэструктыўных масавых рухаў (нацыянал-сацыялізм, фашызм і да т.п.). Антытаталітарная (Г.Арэнт, Э.Ледэрэр, К.Мангейм і інш.), у якой М.г. разглядаецца як неаднародная і дэкласаваная супольнасць, заснаваная на жорсткай дзярж.-манапалістычнай арганізацыі, безумоўным падпарадкаванні пануючай эліце, «моцнай асобе». Характэрныя для такога грамадства працэсы атамізацыі сацыяльнай, адчужэння і канфармізму з’яўляюцца вынікам арганізаванага маніпуліравання выгаднымі для эліты настроямі мас, падтрымцы на грамадскім і бытавым узроўнях розных ірацыянальных сац.-паліт. і нацыяналістычных дактрын і рухаў. Ліберальная (Г.Дж.Блумер, Ч.Р.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром і інш.), у рамках якой на аснове крытыкі адмоўных бакоў індустрыялізму абгрунтоўваецца тэндэнцыя далейшага росту бюракратыі, грамадскай «машынерыі», уніфікацыі «масавага чалавека». Да своеасаблівасцей сучаснага М.г. прадстаўнікі гэтай канцэпцыі адносяць вял. канцэнтрацыю насельніцтва, існаванне велізарнага ўрадавага апарата, буйных эканам. арг-цый, рост дыстанцыі паміж апаратам кіравання і большасцю служачых, адносіны недаверу і нават варожасці паміж людзьмі. Дэмакратычная (Д.Бел, С.М.Ліпсет, Э.Шылс і інш), у якой працэс масавізацыі разглядаецца як разрыў сувязей, што скоўваюць масы ў традыц. грамадстве і робяць для яе даступным усё, што было раней прывілеяй эліты. Сутнасць М.г. выяўляецца ў цеснай інтэграцыі нар. мас у сістэме сац. ін-таў, засваенні масамі існуючых каштоўнасцей і рэальнага парадку, стварэнні адзінай культуры і сціранні класавых і прафес. адрозненняў.
Літ.:
Ашин Г.К. Доктрина «массового общества». М., 1971;
Яго ж. Современные теории элиты: Критич. очерк. М., 1985;
Ортега-и-Гассет Х. Восстание масс // Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Лебон Г. Психология народов и масс: Пер. с фр. СПб., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІЯ ПЕ́СНІ,
спецыфічная сфера песеннага фальклору, якая склалася ў партыз. фарміраваннях у перыяд Вял.Айч. вайны. Беларускія П.п. складаюць найб. багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя нар. песні («Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадз. складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры сав. масавай песні («На кані вараным» У.Захарава); вылучаюць таксама т.зв. песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні паэт. зместу папулярных нар. і сав. масавых песень пры захаванні інтанац. асновы напеваў, рытмікі і паэт. сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі «Па далінах і па ўзгор’ях», «Кацюша»), У адпаведнасці з пашыранасцю адрозніваюць П.п. асобных злучэнняў і агульнапрызнаныя, што трывала ўвайшлі ў сучасны народнапесенны фонд. П.п. выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інстр. ансамбля. Аўтарская дзейнасць партыз. песеннікаў дакументальна зафіксавана неаднолькава; вядома больш за 60 аўтараў слоў (каля 200 песенных тэкстаў на бел. і рус. мовах) і больш за 20 аўтараў мелодый. Змест П.п. адлюстроўвае любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фаш. захопнікаў. Іх жанравая разнастайнасць абумоўлена спецыфічнай эстэт. функцыяй (гераічны заклік, сатыр. памфлет-пародыя, гумарыстычны партрэт, прыпеўка да танцаў) і множнасцю генетычных вытокаў (ад бел., рус. і ўкр. сялянскай песеннасці да сав. масавай і эстр. песні). Асн. жанры: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і інш.). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, па муз. стылістыцы набліжаных да сял. «зацягучых», і частушка-памфлет. У змесце, паэт. вобразнасці, інтанац. складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.
Меласу песень героіка-патрыят. зместу ўласцівы заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Канкрэтныя праявы наватарскіх рыс стылістыкі залежаць ад жанру: маршавасць выяўляецца ў гімнах, дэкламацыйнасць — у баладах, мелодыка павольнага вальса — у песнях рамансавага складу і г.д. Для паэт. тэкстаў характэрна перавага 4-радковай страфы (у прыпеўках і 2-радковай). Верш П.п. найчасцей сілаба-танічны з чаргаваннем мужчынскай і жан. рыфмаў. Муз. рытміка вызначаецца акцэнтнасцю; часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы. Дыяпазон напеваў найчасцей шырокі (актаўны 1 большы за актаву). У напевах без суправаджэння мінор выступае ў натуральным варыянце, у мелодыях з акампанементам гармоніка, баяна і інш. інструментаў з наборам гатовых акордаў ёсць фарбы гарманічнага мінору. Нярэдка выяўляецца натуральна-ладавая мажора-мінорная пераемнасць (тэрцавая, секундавая, тэрцава-секундавая). Харавы склад значнай часткі П.п. 2- ці 3-галосы з контрапунктычнай падводкай, якая высока лунае над асн. напевам ніжняга голасу. Шматграннасць жыццёвага зместу і спосабаў яго маст. пераўтварэння, масавасцьпартыз. творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фарміравання ў П.п. «сем’яў» роднасных сюжэтаў і напеваў. Эстэт. вытокі гэтай з’явы ў песнях найстараж. пласта ў традыцыі групавога прымацавання аднажанравых паэт. тэкстаў да адпаведных поўнаму жанру напеваў-стрыжняў. Форма выяўлення гэтай традыцыі ў П.п. істотна змянілася, бо ў аснове фарміравання меладычна роднасных цыклаў ляжыць новая песня, сучасная паводле зместу і сродкаў маст. выразнасці.
Літ.:
Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Мн., 1961;
Мухаринская Л.С.Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Партизанские песни Белоруссии и их слагатели. Мн., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.