БЭ́ЛЬКА (галанд. balk),

канструкцыйны нясучы элемент звычайна ў выглядзе бруса. Пад нагрузкай працуе пераважна на выгін. Бэлькі вырабляюцца з жалезабетону, металу, дрэва. Шырока выкарыстоўваюцца ў буд-ве і машынабудаванні — у канструкцыях будынкаў, мастоў, эстакад, трансп. сродкаў, машын, станкоў і інш.

Бэлькі бываюць: адна- і шматпралётныя, кансольныя, разразныя (простыя) і неразразныя, з заладжанымі канцамі; прамавугольныя, таўровыя, двухтаўровыя, каробчатыя і інш.; пастаяннай і пераменнай вышыні. Жалезабетонныя бэлькі вырабляюць маналітныя, зборна-маналітныя і зборныя, а таксама папярэдне напружаныя. Металічныя бэлькі бываюць пракатныя і састаўныя (элементы іх злучаюць зваркай або кляпаннем), ёсць і біметалічныя. Драўляныя бэлькі — аднапралётныя і разразныя канструкцыі з дошак і бярвён (выкарыстоўваюцца і састаўныя). Разлік бэлек звычайна робяць на трываласць, устойлівасць і жорсткасць паводле законаў супраціўлення матэрыялаў.

Бэлькі: 1 — разразная (простая); 2 — кансольная; 3 — з заладжанымі канцамі; 4 — двухкансольная; 5 — трохпралётная неразразная; 6 — трохпралётная кансольная; 7 — прамавугольная; 8 — таўровая; 9 — двухтаўровая; 10 — каробчатая.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАБЕТО́ННЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

элементы будынкаў і збудаванняў, вырабленыя з жалезабетону. Бываюць: маналітныя (фармуюцца ў апалубцы на месцы буд-ва), зборныя (састаўляюцца з асобных элементаў, папярэдне зробленых на спец. з-дах і палігонах) і зборна-маналітныя (спалучаюць зборныя элементы з маналітным бетонам, які ўкладваецца на буд. пляцоўцы); звычайныя (іх разнавіднасць — армацэментавыя канструкцыі) і папярэдне напружаныя канструкцыі; з стальной, шклапластыкавай арматурай і дысперснаарміраваныя (з фібрабетону); вібраўшчыльненыя, центрыфугаваныя, прасаваныя, вакуумаваныя, атрыманыя камбінаванымі спосабамі і інш.

Маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна пры асабліва вял. нагрузках (фундаменты, каркасы і перакрыцці шматпавярховых прамысл. будынкаў, гідратэхн. аб’екты, пакрыцці аўтадарог, элементы мастоў, пуцеправодаў і інш.). Зборныя канструкцыі пашыраны пры індустр. буд-ве. Ідуць на фундаменты і падземныя часткі будынкаў і збудаванняў (фундаментальныя блокі і пліты, панэлі і блокі сцен падвалаў), на каркасы будынкаў (калоны, рыгелі, прагоны, падкранавыя бэлькі, фермы), на вонкавыя і ўнутр. сцены (сценавыя і перагародачныя панэлі і блокі), на міжпавярховыя перакрыцці і пакрыцці будынкаў (панэлі, пліты, насцілы) і інш. Зборна-маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца гал. чынам у перакрыццях шматпавярховых будынкаў, у мастах і пуцеправодах, пры ўзвядзенні некаторых абалонак і інш. Іх ужыванне асабліва мэтазгодна пры вял. дынамічных нагрузках (у т. л. сейсмічных), а таксама з-за ўмоў транспартавання і мантажу. У канструкцыях выкарыстоўваецца ў асн. гнуткая арматура ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжнай арматуры ўстанаўліваецца размеркавальная мантажная і папярочная арматура (хамуты, адгіны), часам прадугледжваецца ўскоснае арміраванне ў выглядзе зварных сетак і спіралей. Для папярэдне напружаных канструкцый выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты з яго; для электраізалюючых. каразійнаўстойлівых і інш. канструкцый спец. прызначэння — шклапластыкавую арматуру (стрыжні з шкляных нітак, аб’яднаных палімернымі кампазіцыямі).

Літ.:

Баженов Ю.М., Комар А.Г. Технология бетонных и железобетонных изделий. М., 1984;

Ахвердов И.Н. Технология железобетонных изделий и конструкций специального назначения Мн., 1993;

Проектирование железобетонных конструкций:, Справ. пособие. 2 изд. Киев, 1990.

М.​М.​Гурбо.

Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі: а — жалезабетонны блок (1 — бетон, 2 — арматура са стальных стрыжняў); б — папярэдненапружаны блок (1 — стрыжні пад нацяжэннем, 2 — стальныя трубкі); в — бэлька з вязаным арматурным каркасам (1 — асноўная рабочая арматура, 2 — хамуты, 3 — мантажная арматура); г — калона з вязаным арматурным каркасам (1, 2 — асноўная і папярочная арматура).
Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі а — жалезабетонны каркас прамысловага будынка (1 — фундамент; 2, 8 — калоны вонкавая і ўнутраная; 3 — фундаментная бэлька; 4 — сценавая пліта; 5 — падкранавая бэлька; 6 — пліта пакрыцця; 7 — бэлька пакрыцця); б — зборныя канструкцыі буйнапанэльнага жылога будынка (1 — фундаментны блок, 2 — пліта перакрыцця, 3 — нясучая панэль папярочнай сцяны, 4 — дахавая пліта, 5 — вонкавая сценавая панэль).

т. 6, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАСТРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

магнітамяккія матэрыялы з дастаткова вял. эфектам магнітастрыкцыі. Да іх адносяць нікель і сплавы на яго аснове (напр., пермалой), жалезакобальтавыя (напр., пермендзюр) і жалеза-алюмініевыя (алфер) сплавы, а таксама злучэнні рэдказямельных элементаў, некаторыя ферыты і інш. Металічныя М.м. звычайна пракатваюць у стужкі таўшчынёй да 0,3 мм, з якіх штампуюць або навіваюць асяродкі, з ферытавых М.м. вырабляюць маналітныя асяродкі. Выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі эл.-магн. энергіі ў мех. і наадварот (напр., выпрамяняльнікі акустычных ваганняў, датчыкі ціску, радыёчастотныя фільтры).

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТНЫЯ ВЫ́РАБЫ І КАНСТРУ́КЦЫІ,

будаўнічыя вырабы і канструкцыі з азбестабетону. Азбестацэментныя вырабы (АВ) падзяляюцца на ліставыя (прасаваныя і непрасаваныя, плоскія і профільныя), трубныя і экструзійныя (гл. Экструзія). Ліставыя АВ бываюць сценавыя, дахавыя, электраізаляцыйныя і спец. прызначэння (ідуць на вентыляцыйныя каробкі, паўцыліндры, скляпеністыя элементы і інш.). Памер лістоў 1,5 м х 3,6 м, таўшчыня 4—20 мм. Да трубных АВ адносяцца напорныя (воданапорныя), газаправодныя, безнапорныя і абсадныя трубы. Даўж. трубаў 3—6 м, унутр. дыяметр да 576 мм. Экструзійнымі вырабамі з’яўляюцца швелеры даўж. 3 м і выш. 70—170 мм. Азбестацэментныя канструкцыі (АК) вырабляюцца з азбестацэменту, цеплаізаляцыйных матэрыялаў з драўлянымі, азбестацэментнымі ці метал. элементамі каркаса. Да АК адносяцца ўцепленыя (звычайна мінер. лямцам) пліты для пакрыццяў вытв. будынкаў. Маналітныя канструкцыі (пліты і панелі) робяць з двух плоскіх лістоў, злучаных слоем уцяпляльніка (звычайна пенапласту). Найб. пашыраны канструкцыі каркаснага тыпу — пліты і панелі з плоскіх азбестацэментных лістоў, злучаных з каркасам клеем ці шрубамі. Каркас робяць з азбестацэментных ці метал. профіляў, драўляных брускоў. Шырыня пліт 1,2—1,5 м, пралётаў, што імі перакрываюцца, — 3 і 6 м. АК лёгкія і часта больш эканамічныя за жалезабетонныя.

Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі. Абалонка пакрыцця і тарцовыя сцены летняга спальнага павільёна.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці. Аб’ядноўвае прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам на агульнай гумавай аснове (з выкарыстаннем інш. рэчываў) разнастайных прылад, дэталей і інш. рэчаў вытв., прамысл. і спажывецкага прызначэння. Да іх адносяць рукавы, пасы, трансп. (канвеерныя) стужкі, сальнікі, кольцы, пыле-, вільгаце- і маслаахоўныя каўпачкі, гумава-металічныя амартызатары, вырабы для ўшчыльнення акон і дзвярэй аўтамабіляў, самалётаў, чыг. вагонаў, для герметызацыі стыкаў буд. панэлей, тэхн. прагумаваных тканін і вырабаў з іх. Па спосабах атрымання і прызначэнні вырабы падзяляюцца на фармавыя (каля 30 тыс. найменняў), нефармавыя (больш за 12 тыс. найменняў), трансп. стужкі, пасы, рукавы. У Беларусі гумава-тэхнічных вырабаў вытворчасць пачала развівацца ў пасляваен. час. Дзейнічаюць акцыянернае т-ва «Беларусьгуматэхніка», бабруйскія прадпрыемствы бел.-ірл. «Ірбел», «Бонаш» канцэрна «Белнафтахім», акцыянернае т-ва «Барысаўгуматэхніка» (гл. Барысаўскі завод «Гуматэхніка»), Магілёўскі рэгенератарны з-д. Выпускаюць гумаватэхн. вырабы для аўтамаб., трактарнай, авіяц., станкабуд., мэблевай, трыкатажнай, буд. матэрыялаў прам-сці, с.-г. машынабудавання, буд-ва наземных і падземных збудаванняў, маналітныя гумавыя шынкі, гумава-тэхн. вырабы для грузавых і легкавых аўтамабіляў, розныя камплектуючыя вырабы, рэгенерыраваную гуму, гумавыя крошку, пракладкі для шпал, пырскавікі для аўтамабіляў, дарожкі і інш.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,

інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.

Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.

Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусі навук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.

Літ.:

Технология СБИС: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1986;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАХ,

цвёрдая сумесь хім. злучэнняў (арган. і неарган.), здольная ўстойліва (без пераходу ў дэтанацыю) гарэць без доступу паветра і ў паветры пры знешнім ціску ад 0,1 да 1000 МПа. Адносіцца да кідальных выбуховых рэчываў. Выкарыстоўваюць як крыніцу энергіі для надання снарадам, ракетам і да т.п. неабходнай скорасці пры палёце да цэлі.

Для стварэння рэжыму ўстойлівага гарэння з рэгламентаванай скорасцю цепла- і газавыдзялення П. фармуюць у маналітныя шчыльныя зарады з высокай мех. трываласцю, што засцерагае іх ад разбурэння ў ствале гарматы пры выстрале ці пры гарэнні ў ракетным рухавіку. Гарыць П. паслойна-паралельна ў напрамку перпендыкулярным да паверхні зарада. У ствольных сістэмах згарае за сотыя і тысячныя долі секунды, у ракетных рухавіках — за дзесяткі секунд. Пры гарэнні вылучаецца вял. колькасць (да 1 м³ /кг)газаў з т-рай 1200—3700 °C. Асн. энергет. характарыстыкі П. — цеплата згарання (2,5—5,4 МДж/кг) і працаздольнасць: для ствольных сістэм т.зв. сіла П. (для піраксілінавых порахаў каля 10​6 Нм/кг), для ракетных сістэм — адзінкавы імпульс, які адпавядае лікаваму значэнню ўдзельнай цягі, што развівае ракетны рухавік пры згаранні 1 кг П. Паводле хім. саставу адрозніваюць П. нітрацэлюлозныя (бяздымныя nopaxi) і сумесевыя. Сумесевыя П. — гетэрагенныя кампазіцыі з крышт. акісляльніку (звычайна перхларат амонію NH4ClO4, 70—80% па масе) і гаручага палімернага сувязнага (пераважна сінт. каўчукі і смолы, 10—20%). Іх выкарыстоўваюць у ракетных рухавіках і называюць сумесевымі цвёрдымі ракетнымі палівамі. Да сумесевых адносіцца таксама дымны порах.

А.​П.​Герасімчык, А.​В.​Урублеўскі.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА, інтэгральная мікрасхема, мікрасхема,

мікрамініяцюрнае электроннае ўстройства для пераўтварэння, апрацоўкі ці захавання (назапашвання) інфармацыі, пададзенай у выглядзе эл., аптычных і інш. сігналаў. Складаецца з электрычна звязаных паміж сабой электрарадыёэлементаў (ЭРЭ), сфарміраваных у адзіным тэхнал. цыкле на аснове агульнай нясучай канструкцыі (падложкі). Актыўныя ЭРЭ І.с.: дыёды, транзістары, структуры метал—дыэлектрык—паўправаднік і інш.; пасіўныя: рэзістары, кандэнсатары электрычныя, трансфарматары, індуктыўнасці шпулі і інш. Тэорыю, метады разліку, тэхналогію вырабу І.с. вывучае і распрацоўвае мікраэлектроніка.

І.с. адрозніваюць: па спосабе аб’яднання (інтэгравання) элементаў — паўправадніковыя, ці маналітныя (асн. тып), плёначныя і гібрыдныя (у т. л. шматкрышталёвыя); па выглядзе інфармацыі, што апрацоўваюць, — лічбавыя і аналагавыя; па ступені інтэграцыі (колькасці элементаў на падложцы) — малыя, сярэднія, вялікія, звышвялікія. У маналітных І.с. элементы фарміруюцца ў адным крышталі (тонкім прыпаверхневым слоі паліраванай паўправадніковай, у асн. крэмніевай ці арсенідгаліевай, пласціны) у выніку камбінацыі працэсаў легіравання, траўлення, аксідавання, металізацыі і інш., што праводзяцца метадам фоталітаграфіі. Плёначныя І.с. змяшчаюць толькі пасіўныя элементы. Падложкамі гібрыдных І.с. служаць дыэлектрычныя пласціны, напр з керамікі, або пакрытыя дыэлектрыкам метал. пласціны, напр. на аснове алюмінію і яго аксідаў. На іх паверхні жорстка замацаваны мініяцюрныя ЭРЭ, злучаныя паміж сабой танка- ці таўстаплёначнымі праваднікамі; пасіўныя ЭРЭ могуць быць навяснымі ці плёначнымі. І.с. з’яўляюцца элементнай базай сучасных сродкаў электроннай тэхнікі. Гл. таксама Вялікая інтэгральная схема.

Літ.:

Цифровые и аналоговые интегральные микросхемы: Справ. М., 1989;

Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.

В.​У.​Баранаў, А.​П.​Дастанка.

Інтэгральная схема з дыёднай ізаляцыяй: а — электрычная схема; б — тапалогія; 1 — металічныя міжзлучэнні; 2 — слой дыэлектрыка дыаксіду крэмнію SiO2; 3 — паўправадніковая пласціна з участкамі p, n і n​+-тыпу праводнасці, А, Б, В — адпаведныя адзін аднаму пункты на рыс. а і б.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК (англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок), выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.

2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).

3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).

4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.

Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 × 19 × 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).

5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.

Схемы блокаў рознага прызначэння: а — накіравальны; б — ураўняльны; в — рухомы для выйгрышу ў сіле.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л. вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л. трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л. аэратэнкі і інш.).

Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.

На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш. Гл. таксама Гідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.

Літ.:

Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;

Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;

Гидротехнические сооружения. М., 1985.

Г.​Г.​Круглоў.

Гідратэхнічныя збудаванні: а — паверхневы плоскі гідратэхнічны затвор (1 — бык, 2 — цяга, 3 — затвор); б — сярэдненапорны вежавы вадаскід (1 — затвор, 2 — вежа, 3 — земляная плаціна, 4 — трубы).
Гідратэхнічныя збудаванні: 1 — плаціна гідраэлектрастанцыі; 2 — стацыянарная помпавая станцыя на арашальнай сістэме; 3 — басейны садковай рыбнай гаспадаркі.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)