МАЛАДО́ЎСКАЯ МУСЦЬЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мусцье (каля 70—60 тыс. г. назад) у сярэднім цячэнні Днястра. Назва ад стаянак каля в. Маладова ў Чарнавіцкай вобл. Украіны. Аснова гаспадаркі — паляванне на маманта і шарсцістага насарога. На помніках М.м.к. ўпершыню выяўлены рэшткі мусцьерскіх жытлаў — авальныя выкладкі спецыяльна падабраных вял. касцей мамантаў. У адным з жытлаў знойдзены сляды 15 вогнішчаў. Для М.м.к. характэрны крамянёвыя прылады, вырабленыя на пласцінах і пласцінкавых адшчэпах: скрэблы, скрэблы-нажы, вастрыі інш., апрацаваныя неглыбокай краявой рэтушшу. Пануе левалуазская тэхніка расшчаплення крэменю.

А.В.Іоў.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬСКАЯ СТАЯ́НКА,

стаянка першабытнага чалавека эпохі сярэдняга палеаліту за 40 км на ПдЗ ад г. Краснадар (Расія). Размешчана на правабярэжжы р. Іль (адсюль назва), левага прытока р. Кубань. Мае 2 культурныя пласты часу мусцье таўшчынёй каля 0,5 м, падзеленыя слоем без знаходак (1 м). Датаванне дакладна не вызначана, магчыма, каля 70—60—35 тыс. г. назад. Выяўлена шмат касцей бізонаў (большасць), мамантаў, пячорнага мядзведзя, ваўка, гіены, высакароднага аленя і інш. Сабрана вял. калекцыя прылад з даламіту, кварцыту, крэменю і інш. (скрэблы, рубілы, лістападобныя вастрыі). Вылучаецца трохвугольны двухбаковы наканечнік, у якім некат. даследчыкі бачаць генетычную сувязь з верхнепалеалітычнай стралецкай культурай.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в. Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл. гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новых археал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш. вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.

Тв.:

К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;

Палеолит Верхнего Поднепровья. Мн., 1968.

Т.М.Каробушкіна.

К.М.Палікарповіч.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ БЕЛАРУ́СІ Засн. ў 1908 як Мінскі царкоўна-археалагічны музей, з 1922 Беларускі дзяржаўны музей, з 1957 Бел. дзярж. гісторыка-краязн., з 1964 Дзярж. музей БССР, з 1992 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 1415 м², больш за 260 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Працуюць экспазіцыі: «Старажытная Беларусь», «Старадаўняя геральдыка Беларусі», «З гісторыі зброі», «Беларуская сімволіка», «Гарадскі побыт 19 — пач. 20 ст.». У фондах музея зберагаюцца зборы рукапісаў і старадрукаў 16—17 ст., актаў і грамат 16—19 ст., калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, сфрагістыкі, іканапісу, стараж. зброі, адзення, вайск. вопраткі і рыштунку, мэблі, кафлі, фарфору і шкла, ордэнаў і медалёў, муз. інструментаў, гадзіннікаў, фона- і фотаматэрыялаў, вырабаў майстроў дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтваў, у т.л. карцін 17—20 ст. Сярод унікальных каштоўнасцей: рэшткі стараж. жытла з чарапоў і касцей мамантаў, залаты бранзалет 12 ст. з Мінскага замчышча, даравальная грамата каралевы Боны Сфорца 1524, слуцкія паясы 2-й пал. 18 ст., фотаальбом сям’і Ф.Багушэвіча, асабістыя рэчы М.Багдановіча. Мае б-ку (22 тыс. тамоў), фоталабараторыю, рэстаўрацыйную майстэрню. Выдае каталогі фондавых калекцый, у т.л. старадрукаў, плакатаў першых гадоў сав. улады і перыяду Вял. Айч. вайны, ордэнаў і медалёў, археал. калекцый жал. веку. Філіял: Дом-музей I з’езда РСДРП.

Літ.:

Дзяржаўны музей БССР: [Фотаальбом]. Мн., 1986;

Гужалоўскі А. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі — у пошуках вытокаў // Бел. гіст. часоп. 1995. №4;

Герасімовіч У. Музеі Мінска: гісторыя і сучаснасць // Каштоўнасці мінуўшчыны: Прабл. зберажэння гіст.-культ. спадчыны Мінска. Мн., 1998.

З.В.Шыбека.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)