ІВАНО́ВА (Дзіна Іванаўна) (н. 9.9.1929, г. Валгаград, Расія),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1961). У 1962 салістка Петразаводскага муз. т-ра. З 1963 у Бабруйскім муз.-драм. т-ры, з 1965 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—75 салістка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1983—87 салістка Бел. філармоніі. З 1987 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Голас шырокага дыяпазону і драм. здольнасці дазвалялі ёй ствараць разнапланавыя вобразы. Сярод роляў: Ірына, Агата («Пяе «Жаваранак» і «Паўлінка» Ю.​Семянякі), Сільва, Адэта Дарымонд, Мадлен, Тэадора Вердзье («Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Зорыка і графіня Ілона («Цыганскае каханне» Ф.​Легара), Чаніта і Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Віялета Леблан («Халопка» М.​Стрэльнікава).

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСУМЯ́Н (Бэла Амікаўна) (н. 15.9.1937, г. Паўлаград Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працуе ў Нац. акад. драм. т-ры імя М.​Горкага. Выканаўца драм. і лірыка-драм. роляў. Творчую манеру М. вылучаюць эмацыянальнасць, схільнасць да рамант. афарбоўкі і псіхал. паглыбленасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Вера, Гаццяна («Пад адным небам», «Толькі адно жыццё» А.​Маўзона), Вольга («Аб’ява ў вячэрняй газеце» А.​Паповай), Вара («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Мадлен Бежар («Мальер» М.​Булгакава), Людміла («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Зоя («Фізікі-лірыкі» Я.​Волчака), Ніна, Наташа («Чалавек з боку», «Сам-насам з усімі» А.​Гельмана), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Марыя («Марыя» А.​Салынскага), Люся («Апошні тэрмін» паводле В.​Распуціна), Анвар («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.​Айтматава і К.​Мухамеджанава), Аліса («Іграем Стрындберга» Ф.​Дзюрэнмата), Ніса («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.​Гібсана), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына), Маша («Тры сястры» А.​Чэхава), Джэні («Усё ў садзе» Э.​Олбі), Мэры Тайран («Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.​О’Ніла), Этэль («На Залатым возеры» Э.​Томпсана), Ніна («Букееў і кампанія» М.​Горкага), Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага («Рулетка» Э.​Радзінскага) і інш.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ВА (франц. Genève, ням. Genf),

горад на ПдЗ Швейцарыі, на Жэнеўскім воз. і р. Рона. Адм. ц. кантона Жэнева. 172,7 тыс. ж., з прыгарадамі каля 400 тыс. ж. (1994), каля 25% насельніцтва — іншаземцы. Вузел чыгунак і аўтадарог, азёрны порт. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць базіруецца на выкарыстанні высокакваліфікаванай працы. Вылучаюцца ювелірная справа, дакладная механіка (гадзіннікі, розныя інструменты, дакладная апаратура), станкабудаванне, электратэхн. машынабудаванне, вытв-сць рухавікоў, фармацэўтычнай, парфумернай, тэкст., харч. прадукцыі. Ун-т (з 1559). Цэнтр замежнага турызму.

Першапачаткова пасяленне кельтаў (алаброгаў), умацаванае Цэзарам у 58 да н.э. ў перыяд вайны з гельветамі. З 5 ст. рэзідэнцыя біскупства; у гэты ж час заваявана бургундамі, у 534 — франкамі. У канцы 9 ст. зноў пад уладай Бургундыі, разам з ёй увайшла ў склад «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1162 біскупы Ж. атрымалі ад імператара Фрыдрыха I Барбаросы тытул князёў. З пач. 13 ст. за паліт. вяршэнства ў горадзе вяліся спрэчкі паміж біскупамі Ж. і герцагамі савойскімі. На мяжы 14 і 15 ст. Ж. славілася кірмашамі, пазней стала значным цэнтрам крэдытна-банкаўскіх аперацый. У 16 ст. ў ходзе барацьбы з герцагамі савойскімі прымкнула да Швейцарскай канфедэрацыі. З 1539 гал. цэнтр Рэфармацыі (Г.​Фарэль, Ж.Кальвін) еўрап. значэння (наз. «пратэстанцкім Рымам»), Створаная ў 16 ст. алігархічная форма праўлення выклікала шэраг паўстанняў. У 18 ст. развіваецца прам-сць (пераважна вытв-сць гадзіннікаў). У 1798—1814 пад уладай Францыі, у 1815 як кантон увайшла ў Швейцарскую канфедэрацыю. З 2-й пал. 19 ст. месца склікання міжнар. канферэнцый і знаходжання міжнар. арг-цый, у т. л. гал. органаў Лігі Нацый, пасля 2-й сусв. вайны — розных устаноў ААН.

Рака Рона падзяляе Ж. на 2 часткі. На левым беразе — Стары горад (гіст. цэнтр), дзе размешчаны ун-т, т-ры, б-кі, Саборная пл. з раманска-гатычным саборам Сен-П’ер (12—14 ст.; фасад у стылі класіцызму, 1752—56), гатычныя цэрквы Сент-Мары-Мадлен (14—15 ст.), Сен-Жэрмен (14—16 ст.), ратуша (15 ст. — 1617), гатычныя, рэнесансавыя і класіцыстычныя жылыя дамы, палац Энар (1817—21). На правым беразе — Новы горад (са старым кварталам і царквой Сен-Жэрве, 15 ст.): вакзал Карнавен (1928), дом «Клартэ» (1930—32, арх. Ле Карбюзье), Палац Нацый (1928—37, арх. Гіёль), будынак Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1961, арх. Ж.​Чумі). Музеі: мастацтва і гісторыі, сучаснага мастацтва, этнаграфіі.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)