ПАГРАНІ́ЧНАЯ,

вёска ў Раснянскім с/с Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 38 км на З ад г. Камянец, 62 км ад Брэста, 7 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 446 ж., 166 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕЛЯНЕ́Ц, Амельянец,

вёска ў Беларусі, у Каленкавіцкім с/с Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 32 км на ПнЗ ад Камянца, 71 км ад Брэста, 29 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 390 ж., 137 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Крыжаўзвіжанская царква — помнік драўлянай архітэктуры канца 19 ст.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Воўчынскім с/с Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., каля р. Зах. Буг. Цэнтр калгаса. За 58 км на ПдЗ ад г. Камянец, 51 км ад Брэста, 20 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 568 ж., 206 двароў (1999). Базавая школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́СНА,

вёска ў Раснянскім с/с Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 33 км на З ад г. Камянец, 54 км ад Брэста, 2,5 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 836 ж., 295 двароў (2001). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Фёдараўская царква. Помнік архітэктуры: касцёл св. Ганны (1744).

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙСКАЯ, Войская,

вёска ў Беларусі, у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калект. сялянскага аб’яднання «Колас». За 13 км на З ад г. Камянец, 59 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 938 ж., 295 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік архітэктуры — царква Раства Багародзіцы (1751—75). Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў (10—12 ст.).

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ВІЧЫ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Калінкавічы—Высокае. Цэнтр сельсавета. За 26 км на ПнЗ ад г. Камянец, 39 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 678 ж., 267 двароў (1996). Вярховіцкі крухмальны з-д, участак Высокаўскага прамысл.-гандл. камбіната. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.).

т. 4, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭСТ-ЛІТО́ЎСКАЯ ЧЫГУ́НКА,

назва ў 1939—51 сеткі чыг. ліній, якая звязвала БССР з Зах. Еўропай, Літвой і Украінай і абслугоўвала Баранавіцкую, Брэсцкую, Гродзенскую, Маладзечанскую, Палескую і Пінскую вобл. Уключала чыг. лініі: Высока-Літоўск—Ковель, Брэст—Жыткавічы, Баранавічы—Слуцк, Брэст—Негарэлае, Гродна—Ліда—Маладзечна, Андрэевічы—Баранавічы, Стасілаў—Баранавічы—Лунінец і інш. Агульная даўж. чыг. ліній 1145 км і 600 км вузкакалейных ліній (1950). Упраўленне чыгункі размяшчалася ў Баранавічах. Друкаваны орган — газ. «Сталинский маршрут» (з 1940). У 1951 аб’яднана з Мінскім аддзяленнем Зах. чыгункі ў Мінскую чыгунку.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1520 у Падляшскім, з 1566 у Брэсцкім ваяводстве ВКЛ. У крыніцах 16—17 ст. на старабел. мове Берасцейскі павет. Цэнтр — г. Брэст (Берасце, Бярэсце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам). З 1795 у складзе Рас. імперыі: у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Пл. павета 4893,2 км², нас. 218,4 тыс. чал. (1897). У 1921—39 у Палескім ваяводстве ў Польшчы. 4.12.1939 уключаны ў склад Брэсцкай вобласці БССР. 15.1.1940 скасаваны, вобласць падзелена на раёны.

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),

горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс. ж. (1996).

Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс. чал. З 1962 у Камянецкім р-не.

Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

А.​С.​Барысавец, В.​А.​Міронаў.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АБЛАСНЫ́ КАМІТЭ́Т пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў (БАК). Дзейнічаў у ліст. 1917—18. Створаны ў Петраградзе з дэлегатаў ад бел. губерняў на Усерас. з’ездах сял. дэпутатаў, членаў Устаноўчага сходу, а таксама з прадстаўнікоў арміі і флоту (усяго 70 чал.). Старшыня Я.​С.​Канчар. Выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. Федэратыўнай Рэспублікі, імкнуўся ўзначаліць бел. нац. рух, разам з Вял. бел. радай узяў на сябе ініцыятыву склікання Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Наладзіў кантакт з Наркамнацам, пры якім быў створаны Бел. аддзел у складзе прадстаўнікоў к-та П.​М.​Караткевіча і В.​С.​Селіванава. Спрабаваў паслаць свайго прадстаўніка на мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўск. Выдаў працы Я.​Ф.​Карскага «Беларуская мова» і «Этнаграфічная карта беларускага племя» (1918). У пач. 1918 спрабаваў склікаць 2-і Усебел. з’езд, пасля чаго спыніў сваю дзейнасць.

Літ.:

Канчер Е.С. Из истории общественных, национальных и революционных движений белорусов // Нёман. 1993. № 1.

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)