швейцарскі лінгвіст. Прадстаўнік жэнеўскай школы. Вучань і паслядоўнік Ф. дэ Сасюра. З 1913 праф. Жэнеўскага ун-та. Даследаваў агульную і франц. лексікалогію, стылістыку. Займаўся агульнай тэорыяй мовы («Агульная лінгвістыка і пытанні французскай мовы», 1932), вывучаў функцыянальныя і экспрэсіўныя ўласцівасці мовы як грамадскай з’явы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕГЯ́Н (Манук Хачатуравіч) (29.3.1865, с. Астапат каля Нахічэвані — 25.9.1944),
армянскі літаратуразнавец, фалькларыст, лінгвіст. Акад.АН Арменіі (1943). Скончыў Іенскі ун-т (1898) са званнем д-ра філасофіі. Аўтар «Гісторыі старажытнаармянскай літаратуры» (т. 1—2, 1944—46), прац па арм. фальклоры, мове, вершаскладанні і лексікаграфіі. Апублікаваў варыянт эпасу «Давід Сасунскі» (1889), даследаванні па арм. міфалогіі і нар. эпасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧО́К Алесь, бел.нар. казачнік. Селянін з в. Крылоўшчына Навагрудскага пав. У 1901 польскі лінгвіст Э.Кліх запісаў ад яго 18 казак і апавяданняў, урыўкі з якіх надрукаваў, дакладна перадаўшы асаблівасці мясц. дыялекту. У традыц. бытавых казачных сюжэтах («Як поп цяліўся», «Марка Багаты» і інш.) Ваўчок самабытна развіваў сац. матывы, жыва перадаваў жанравыя сцэнкі.
Тв.:
[Казкі] // Materiały i prace Komisji językowej Akademii Umiejętności. Kraków, 1903. T. 2, z. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,
раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел.лінгвіст П.А.Бузук.
Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.
Літ.:
Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;
Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;
Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬБРУК ((Delbrück) Бертальд) (26.7.1842, г. Путбус, Германія — 3.1.1922),
нямецкі лінгвіст. Вучыўся ў Гале і Берліне. Праф. санскрыту і кампаратывістыкі ў Іене (1870). Залажыў асновы вывучэння параўнальнага сінтаксісу індаеўрап. моў: «Сінтаксічныя даследаванні» (т. 1—5, 1871—88; з Э.Віндышам), «Асновы параўнальнай граматыкі індаеўрапейскіх моў» (т. 1—5, 1886—1900, з К.Бругманам). Вывучаў веды, выдаў «Ведыйскую хрэстаматыю» (1874). У працы «Асноўныя пытанні даследавання мовы» (1901) абараняў младаграматычную канцэпцыю мовы, ад якой пазней адышоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́АС ((Boas) Франц) (9.7.1858, г. Міндэн, Германія — 21.12.1942),
амерыканскі этнограф, антраполаг, лінгвіст. Праф. Калумбійскага ун-та ў Нью-Йорку (1899—1937). Удзельнічаў у экспедыцыях у Арктыку (1883—84). Большая ч.этнагр. прац прысвечана культуры і мовам індзейцаў паўн.-зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі і эскімосаў. Распрацаваў методыку фармальнага апісання індзейскіх моў. У шэрагу прац разглядаюцца агульныя пытанні этнаграфіі, антрапалогіі і археалогіі Амерыкі. Заклікаў да стацыянарнага палявога даследавання канкрэтных культур. Праціўнік расісцкіх тэорый, антыфашыст, чл. многіх арг-цый ліберальнай інтэлігенцыі ЗША, прыхільнік дэмакр. рэформаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),
гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).