БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ПРАЛЕТА́РСКА-КАЛГА́СНЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ (БелАПКП). Існавала з 25.4.1931 да мая 1932. Створана ў складзе Усесаюзнага аб’яднання пралетарска-калгасных пісьменнікаў. Арганізац. бюро: Р.​Шукевіч-Траццякоў, І.​Барашка, П.​Галавач, С.​Баранавых. Чл.: М.​Багун, П.​Броўка, Ц.​Гартны, С.​Грахоўскі, С.​Дарожны, А.​Дудар, А.​Жаўрук, М.​Зарэцкі, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, А.​Куляшоў, Я.​Купала, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Я.​Скрыган, У.​Хадыка, М.​Чарот і інш. Існавалі Мінскае аддз. БелАПКП, філіі ў Клімавічах, Чэрвені, Полацку, літ. гурткі ў Клімавіцкім, Талачынскім, Чэрвеньскім, Смалявіцкім, Пухавіцкім, Заслаўскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім р-нах. Ставіла задачу падтрымліваць маладых пісьменнікаў з сял. асяроддзя. Выдавала час. «Беларусь калгасная» (1932). Спыніла дзейнасць у адпаведнасці з пастановай ЦК КП(б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.5.1932).

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».

франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦК КП(б)Б. Рэдактар М.​Ц.​Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.​Купалы, Я.​Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.​Броўкі, П.​Глебкі, К.​Крапівы, М.​Лынькова, П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.​Беднага і «Дзед Талаш» А.​Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.​Купалы.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.

Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.​Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.​Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.​Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.​Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.​Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.​Колас).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

на́шча, прысл.

Не еўшы нічога. Прыемна піць раніцою малако нашча. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўска́ч, прысл.

Скачкамі, вельмі хутка. Коні рванулі ўперад і панеслі наўскач. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пану́рысты, ‑ая, ‑ае.

Хмурны, непрыветлівы, нелюдзімы (пра чалавека). Хадзіў.. [Андрэй Андрэевіч] грозны, панурысты. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́ла, ‑а, н.

Абл. Джала. Бліскучае жала шаблі са свістам узляцела ўгору. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́чча, ‑а, н., зб.

Крукі. Абвісае кручча, якім сашчэплены паміж сабою вагоны. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каля́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць калянага. [Брызент] даўно страціў калянасць і парабіўся на дзіры. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прастро́міць, ‑міць; зак., каго-што.

Абл. Пранізаць. Пякучы боль прастроміў усё цела. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)