ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРУШЭ́ВІЧ ((Naruszewicz) Адам Тадэвуш Станіслаў) (20.10.1733, каля г.п. Лагішын Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.7.1796),

гісторык, паэт, перакладчык, рэлігійны дзеяч. Вучыўся ў Пінскім езуіцкім калегіуме, Віленскай акадэміі (1748—54), Ліёне (Францыя, 1758—62). Чл. ордэна езуітаў (1748—73). Да 1773 выкладаў у Віленскай акадэміі, Варшаўскім езуіцкім калегіуме (1762—64), Рыцарскай школе ў Варшаве (1766—67). З 1781 пісар вялікі ВКЛ і сакратар (да 1786) Пастаяннай Рады. Суправаджаў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў паездках па Беларусі і Украіне (апісаў у «Дыярыушы падарожжа найяснейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Гродзенскі сейм», 1784 і «Дыярыушы падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Украіну», 1787). З 1788 біскуп смаленскі, з 1790 — луцкі. Прымаў удзел у працы Чатырохгадовага сейма 1788—92, падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Калі ўступіў у Таргавіцкую канфедэрацыю, адышоў ад паліт. жыцця. Аўтар паліт. од, ідылій, сатыр. твораў, перакладаў з франц. і лац. моў. Гал. праца Н. «Гісторыя польскага народа ад пачатку хрысціянства» (т. 2—7, 1780—86; т. 2, выд. 1824) ахоплівае падзеі ад старажытнасці да пач. панавання Ягелонаў (1386). Адзін з аўтараў «Палітычнай гісторыі старажытных дзяржаў...» (1772). Сабраныя Н. 231 том матэрыялаў («Acta regum et populi Poloni», т. зв. «Папкі Н.») — вял. каштоўнасць для сучаснай навукі.

Тв.:

Korespondencja A. Naruszewicza. Wrocław, 1959;

Liryki wybrane. Warszawa, 1964.

Літ.:

Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;

Grabski A.F. Perspektywy przeszłości. Lublin, 1983;

Królikowska M. Szkoła naruszewiczowska... Warszawa, 1989.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:

Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 38,1 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.

Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч. тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс. га, з іх асушана 32,4 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.

Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.

На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 31,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Карэлічы; г.п. Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.

Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс. га, з іх асушаных 15,4 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в. Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в. Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)