О́ГНІЎЦАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (27.8.1920, г. Луганск, Украіна — 7.9.1981),

расійскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1965). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай. Яго выкананне вызначалі высокая муз. культура, эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, драм. майстэрства. Сярод партый: Барыс Гадуноў і Пімен, Дасіфей («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава), кароль Рэне, Грэмін («Іаланта», «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Тэсей («Сон у летнюю ноч» Б.​Брытэна), Генерал («Гулец» С.​Пракоф’ева), Бястужаў, Мікалай I («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Важак («Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава). У канцэртным рэпертуары вак. лірыка С.​Рахманінава. Зняўся ў фільмах «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Алека» (1954).

Літ.:

Шпиллер Н. А.​Огнивцев // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.

А.П.Огніўцаў.
А.Огніўцаў у ролі Барыса Гадунова.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУШКО́ (Аляксандр Лукіч) (19.4.1900, г. Луганск, Украіна — 6.3.1973),

расійскі кінарэжысёр, мастак. Нар. арт. СССР (1969). Вучыўся ў Маскоўскім ін-це нар. гаспадаркі. У кіно з 1927, напачатку канструктар лялек і пастаноўшчык мультыплікацыйных фільмаў. Стварыў серыю «Прыгоды Брацішкіна» (1928—30), зняў першы гукавы аб’ёмна-мультыплікацыйны фільм «Уладар быту» (1932). Сярод інш. фільмаў: «Новы Гулівер» (1935), «Казка пра рыбака і рыбку» (1937), «Вясёлыя музыкі» (1938), «Залаты ключык» (1939; выкарыстаў ігравыя, аб’ёмна-мультыплікацыйныя і камбінаваныя здымкі). З 1940-х г. ставіў фільмы-экранізацыі, пераважна казкі: «Каменная кветка» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Садко» (1953, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Ілья Мурамец» (1956; першы шырокаэкранны фільм са стэрэафанічным гукам), «Сампо» (1959), «Казка пра згублены час» (1964), «Казка пра цара Салтана» (1967), «Руслан і Людміла» (1972). Паставіў таксама фільм «Пунсовыя ветразі» (1961). Часта быў аўтарам або сааўтарам сваіх фільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Специальные способы киносъемки. М., 1930 (разам з Л.​Сухарэбскім);

Мультипликационные фильмы. М.; Л., 1931;

«Чудеса» кино. М., 1949.

т. 13, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСО́ЎСКІ (Міхаіл Львовіч) (23.7.1915, г. Луганск, Украіна — 16.7.1990),

расійскі паэт. Канд. філал. н. (1941). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1939). Друкаваўся з 1934. Першая кн. «Луганчане» (1939, разам з К.​Сіманавым). У зб-ках вершаў «Фронт» (1942), «Калі шуміць Ільмень-возера» (1944) тэма Вял. Айч. вайны. Паэт. зб-кі «Мой радавод» (1940), «Калі слухаеш Маскву» (1948), «Усё, што мне дорага» (1957), «Цень чалавека. Кніга вершаў пра Хірасіму...» (1968), «Сутнасць» (1979) і інш. адметныя тонкім лірызмам, спавядальнасцю, меладычнасцю. Выдаў кн. мемуарнай прозы «Сямейны альбом» (1978—79). Аўтар апавяданняў, сцэнарыяў хранікальна-дакумент. фільмаў. Напісаў тэксты папулярных песень «Падмаскоўныя вечары», «На безыменнай вышыні», «Школьны вальс», «З чаго пачынаецца Радзіма», «Добрыя дзяўчаты», «Стары клён», «Волагда», песень да кінафільмаў «Верныя сябры», «Выпрабаванне вернасці», «Ідыёт», тэлефільма «Дні Турбіных» і інш. Пісаў вершы і песні на бел. тэматыку: «Сцены гавораць...», «Дзяўчына з Брэста», «Кожны чацвёрты». На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі Я.​Семяжон, К.​Цвірка. Дзярж. прэмія СССР 1977.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1982;

Стихотворения. Песни. М.,1986;

Горечь: Кн. стихотворений. М., 1992.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬ (Уладзімір Іванавіч) (22.11.1801, г. Луганск, Украіна — 4.10.1872),

рускі лексікограф, этнограф, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН. Скончыў мед. ф-т Дэрпцкага ун-та (Тарту, 1829), быў ваен. урачом. Даследаваў мову і побыт рус. народа. Аўтар прац «Пра гаворкі рускай мовы» (1852), «Прыказкі рускага народа» (1861—62, частку працы Д. бел. фалькларыст І.І.Насовіч змясціў у сваім «Зборніку беларускіх прыказак», 1867), «Тлумачальны слоўнік жывой велікарускай мовы» (т. 1—4, 1863—66; больш за 200 тыс. слоў і 30 тыс. прыказак і прымавак; за яго атрымаў званне ганаровага акадэміка Пецярб. АН). У слоўніку шмат бел. нар. лексікі. Складаў слоўнікі бел. і ўкр. моў. Апрацоўваў казкі («Рускія казкі», 1832, «Быліцы і небыліцы», кн. 1—4, 1833—39), пісаў этнагр. нарысы («Падалянка», «Цыганка», «Балгарка», «Уральскі казак» і інш.), апавяданні і аповесці ў духу рус. натуральнай школы (пад псеўд. Казак Луганскі).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10;

СПб., М., 1897—98;

Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 1—4. М., 1955;

Пословицы русского народа. М., 1957;

Повести. Рассказы. Очерки. Сказки. М.; Л., 1961.

Літ.:

Канкава М.В. Даль как лексикограф. Тбилиси, 1958;

Бессараб М.Я. Владимир Даль. 2 изд. М., 1972;

Булатов М.А., Порудоминский В.И. Собирал человек слова... М., 1969;

Порудоминский В.И. Даль. М., 1971;

Яго ж. Повесть о «Толковом словаре». М., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

У.І.Даль. Партрэт мастака В.​Пярова. 1872.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)